
У тыя, ужо далёкія, часы, калі свята Божага Нараджэння ў праваслаўных вернікаў папярэднічала Новаму году, адзначалася яно вельмі ўрачыста. Другое па значнасці пасля Вялікадня, яно мела свае адметныя рысы і складалася з некалькіх этапаў. Многія напаўзабытыя традыцыі засталіся ў сучасным жыцці, а многія згубіліся. Не існуе ўжо той даўняй культуры святкавання. Але мне пашчасціла пачуць, пабачыць і нават паўдзельнічаць у цудоўных абрадах.
Да першай зоркі не елі
Цяпер, як шмат гадоў таму, у вернікаў за пяць тыдняў да чаканай падзеі пачынаецца пост. Як казала мая свякроў: піліпаўскі пост лёгенькі, дазваляецца рыбка, акрамя серады і пятніцы. Гатавалі простую і танную ежу – бульбу, кашы, посныя супы, пяклі гарбуз, квасілі капусту.
Пра святочны стол клапаціліся загадзя: сушылі кумпякі, каўбасы, засольвалі мяса і сала, запасаліся лепшай мукой – на пірагі сабе і калядоўшчыкам. Скраблі і мылі хату, прыбіралі хлеў, свіран і курнік. Вешалі новыя рушнікі ля абразоў. За тыдзень да Каляд пачынаўся строгі пост – рыбу не ўжывалі.
На куццю (дзень напярэдадні Божага Нараджэння) пост быў шчыры. Да першай зоркі не елі. Свякроў мая казала, што і яны, дзеці, удзельнічалі ў гэтай падрыхтоўцы па моцы. Прыбіралі ёлку, запальвалі свечкі ля бажніцы. І раз-пораз бегалі выглядаць першую зорку.
Есці вельмі хацелася, дый пахі ў хаце дражнілі. Пяклі ў масле завіванцы – посныя піражкі з павідлам, капустаю і бульбаю ляпілі накшталт вялікіх пельменяў. Канцы змацоўваліся і з дапамогай пальца закручваліся прыгожым жгутом – завіваліся.
Куцця і ламанцы
Канешне, варылі куццю з пярловай крупы – з мёдам, макам і разынкамі. Пад абрус клалася сена, бо Хрыстос нарадзіўся ў пячоры і быў пакладзены на сена.
Яшчэ мне вельмі дзіўна было, калі свякроў на куццю смажыла селядзец. Варылася бульба, са склепа выцягваліся слоікі з гуркамі і саленнямі. Пасля вячэры больш не ўжывалі нічога і не пілі нават вады, бо рыхтаваліся да начной службы ў царкве і да прычасця.
У маладыя гады я аднойчы была ў гасцях у знаёмай бабулі на куццю. На стале стаяў аўсяны кісель. Ён быў густы, нібы халадзец, салодкі і вельмі смачны. Елі яго лыжкамі. Гатаваўся кісель без крухмалу, бо ў самім аўсе ёсць рэчывы, якія здольны загушчаць. Таксама на салодкае падавалі ламанцы – постае печыва , падобнае на коржыкі. Выпякаліся яны адным пластом, а потым ламаліся на кавалкі. Палівалі іх макавай салодкаю падліўкаю, падобнай на вельмі густое малако.
Водар свята
На самое свята на стале было ўсё самае лепшае. Разгаўляліся пасля начной службы раніцаю ўсёй сям’ёю. З каморы прыносілі пірагі, мяса, каўбасы, з печы даставалі качку ці гуся. Мая мама вельмі смачна запякала гуся з фаршам і рысам, альбо качку ў цесце з яблыкамі. Хата напаўнялася цудоўным водарам. Спявалі святочны трапар (песнапенне Нараджэнню Хрыстову) і сядалі за стол.
Белы покрыў на зямлі, мароз, праз снежныя карункі на вокнах прабівалася сонейка, а ў натопленай хаце духмяныя стравы на стале і … Свята!
Спявалі калядкі, ладзілі горкі
Як казала свякроў, хутка завітвалі калядоўшчыкі – з зоркаю на доўгім шэсце. Спявалі калядкі, жадалі здароўя і багацця – калі заходзілі ў хату з марозным духам і снегам на валёнках, і калі спявалі пад вокнамі і выклікалі гаспадароў:
– Гаспадар, гаспадар, каб здаровы быў, каб Свята святкаваў і нанова прыждаў.
Для іх быў прыгатаваны кошык з пачастункамі. Лічылася, што для дабрабыту ў хаце трэба шчодра ўзнагародзіць калядоўшчыкаў.
Аж да Хрышчэння святкавалася Божае Нараджэнне. Людзі хадзілі ў госці адзін да аднаго, дзяцей частавалі цукеркамі, пернікамі. Малыя развучвалі песнапенні і калядавалі ўвесь святочны час. У святыя вечары жанчыны не ткалі, не пралі, не займаліся ніякім рукадзеллем. Хлопцы і дзяўчаты сыходзіліся ў якой-небудзь хаце на вячоркі. Спявалі, жартавалі, частаваліся. Ладзілі горкі, на якіх коўзаліся з санкамі і малыя, і дарослыя. Дарэчы, мая свякроў ва ўсё сваё жыццё Новы год не адзначала і ёлку ставіла на Каляды.
Людміла БАГДАНОВІЧ, в. Вараны