10 мая ў Вялікай Бераставіцы прашло ўрачыстае мерапрыемства ў рамках раённай акцыі «Мы – беларусы: гонар, адзінства, сімвалы!», прысвечанай Дню Дзяржаўнага герба, Дзяржаўнага сцяга і Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь. Свята аб’яднала прадстаўнікоў розных пакаленняў, якія сабраліся разам, каб наглядна і яскрава прадэманстраваць вернасць краіне, гістарычнай памяці, імкненню захаваць і прымножыць дасягненні нашых продкаў.
Мерапрыемства пачалося з урачыстага падняцця Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь – ганаровае права было даручана старшыні Бераставіцкай раённай арганізацыі Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў Алене Сілковай і прадстаўніку Маладзёжнага Савета пры Гродзенскім абласным Савеце дэпутатаў, актывісту маладзёжнага крыла Гродзенскага абласнога аддзялення Беларускай партыі «Белая Русь» Яўгену Антушэвічу.
Пад гукі Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь нацыянальны сцяг урачыста ўзнёсся па флагштоку, засяродзіўшы на сабе ўвагу ўсіх прысутных на мітынгу.
З віншаваннямі звярнуўся старшыня Бераставіцкага раённага выканаўчага камітэта Дзмітрый Кадргулаў. У сваёй прамове ён падкрэсліў, што сёння наша краіна знаходзіцца на якасна новым этапе развіцця, рашуча глядзіць у будучыню і пры гэтым памятае аб сваіх каранях і сваёй гісторыі.
– Сіла Беларусі – у адзінстве народа, – адзначыў Дзмітрый Рафаэльевіч. – Менавіта адзінства давала беларусам сілы для перамогі над ворагам у страшныя гады Вялікай Айчыннай вайны – адным з самых цяжкіх выпрабаванняў, якое вытрымала наша краіна.
Вядучыя мерапрыемства нагадалі пра гераічны подзвіг беларускага народа, які разам з арміяй ўстаў на абарону сваёй зямлі і выступіў супраць агульнага ворага – фашызму. На франтах Вялікай Айчыннай вайны змагаліся больш за 3 мільёна беларусаў, яны паадарылі мір і свабоду новым пакаленням. Але жудасныя страты – тысячы спаленых вёсак і разбураных гарадоў, мільёны загубленых нявінных жыццяў – не павінны быць забыты.
У памяць аб загінуўшых была аб’яўлена хвіліна маўчання, пасля чаго ўдзельнікі мерапрыемства ўсклалі кветкі да помніка воіну‑вызваліцелю.
Яркім момантам свята стаў вынас моладдзю вялікага палотнішча Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь. Прадстаўнікі маладога пакалення Бераставіччыны пакляліся ў вернасці Дзяржаўнаму сцягу, Дзяржаўнаму гербу і Дзяржаўнаму гімну Рэспублікі Беларусь і нашай Радзіме, якую яны сімвалізуюць, паабяцалі быць годнымі грамадзянамі сваёй краіны, захоўваць мір і згоду на беларускай зямлі, абараняць Радзіму так жа годна, як і нашы продкі.
У гэты святочны дзень раённыя арганізацыі грамадскіх аб’яднанняў папоўніліся новымі актывістамі. Першы сакратар Бераставіцкага раённага камітэта грамадскага аб’яднання «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі» Мішэль Пярко ўручыла членскія білеты БРСМ, старшыня Бераставіцкай раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Белая Русь” Андрэй Шчука – членскія білеты грамадскага аб'яднання "Белая Русь", а старшыня Бераставіцкага раённага аддзялення Беларускай партыі “Белая Русь” Павел Панкевіч – білеты Беларускай партыі “Белая Русь”.
Мерапрыемства яшчэ раз паказала: адзінства народа, павага да гісторыі і традыцый, вернасць дзяржаўным сімвалам – гэта тыя каштоўнасці, якія мы павінны перадаваць з пакалення ў пакаленне. Кожны з нас – частка гэтай вялікай гісторыі, і ад нашай адказнасці залежыць будучыня Беларусі.
Больш фота - ТУТ