
Святочным канцэртам калектываў аматарскай творчасці Бераставіцкага раёна "Я святкую тваё вызваленне" ў Вялікай Бераставіцы працягнуліся мерапрыемствы, прысвечаныя 75-годдзю вызвалення раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

- 75 гадоў назад на нашай бераставіцкай зямлі адгучалі апошнія выстралы цяжкай і трагічнай Вялікай Айчыннай вайны. Значных дзён у гісторыі нашага раёна нямала, а сённяшні мае асаблівае значэнне - у гэты дзень у 1944 годзе пасля трох гадоў нямецкай акупацыі на бераставіцкую зямлю прыйшла доўгачаканая свабода. Але гэтыя тры гады, у якія кожная хвіліна доўжылася, як вечнасць, застануцца ў памяці нашага народа назаўжды, - гэтымі словамі вядучыя святочнага мерапрыемства прывіталі бераставічан, павіншавалі іх з днём вызвалення раёна ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і заклікалі не забываць, якой цаной дасталася перамога над ворагам.

Са сцэны амфітэатру ў Вялікай Бераставіцы гучалі ўсім вядомыя песні ваенных часоў, а таксама песні пра шчасце, свабоду, мір і, вядома, каханне. Многа твораў было прысвечана роднай зямлі і нашай незалежнай Беларусі.

Гледачы з задавальненнем слухалі любімыя песні, падпявалі іх і віталі артыстаў шчырымі апладысментамі.

А ўдзельнікі канцэртнай праграмы, у сваю чаргу, заклікалі землякоў назаўсёды ў сваіх сэрцах захаваць гонар, павагу і любоў да сваёй роднай зямлі, якая гадуе кожнага з нас і стварае ўсе умовы для нашай шчаслівай будучыні.
Ірына МІКЛАШ, фота аўтара