Канешне ж, святочны настрой нельга ўявіць сабе без звонкай беларускай песні. А на Дне беларускага пісьменства з кожнага куточка гучалі залівістыя мелодыі ў выкананні аматарскіх калектываў з усёй вобласці ў рамках праекта “Гродзенскія падворкі”. Сярод усіх – бераставічане. Цешылі найпрыгажейшымі галасамі жыхароў Слоніма і гасцей свята ансамблі “Канцона”, “Стокроткі” і “Бераставіцкія музыкі”. Дарэчы, ансамбль "Бераставіцкія музыкі" заняў ІІ месца ў абласным конкурсе ансамбляў беларускай музыкі і песні "І родная мова, як песня, гучыць". Ну вельмі горача было на бераставіцкім падворку! Што ні нумар – гледачы, ад самых малодшых да старэйшых, пускаліся ў пляскі, актыўна падпявалі артыстам і не шкадавалі шчырых апладысментаў.

А спевакі тым часам не проста выконвалі многім вядомыя кампазіцыі, але і разгарнулі на сцэне сапраўдныя тэатральныя прадстаўленні, якія нашлі водклікі ў сэрцах кожнага з прысутных.
Можна без перабольшвання казаць, што бераставіцкіх спевакоў у Слоніме запомняць надоўга!
Між тым на цэнтральнай плошчы горада быў развёрнуты святочны гандаль, а там – раздолле для кожнага. Сярод мноства павільёнаў – гандлёвыя палаткі прадстаўнікоў Дамоў рамёстваў з родных куткоў Гродзеншчыны. Свае вырабы прапаноўвалі ўдзельнікам свята і супрацоўнікі Бераставіцкага раённага Дому рамёстваў.
Карацей кажучы – сваё “слова” на Дне беларускага пісьменства бераставічане “сказалі” спаўна, і, без сумненняў, зарадзіліся яскравымі эмоцыямі на год уперад!
Анжаліка ДУДКО,
фота аўтара