
Яшчэ да пачатку ўрачыстага адкрыцця “Бераст-Фэста” вуліца Леніна ад школы да ўвахода ў сквер імя 500-годдзя Вялікай Бераставіцы пераўтварылася ў сапраўдны горад майстроў. Каля 50 рамеснікаў, народных майстроў з Гродзеншчыны і з другіх вугалкоў Беларусі прыехалі ў Бераставіцу, каб прадставіць свае вырабы на выставе-кірмашы і падзяліцца некаторымі сакрэтамі майстэрства.

Ганчарныя, саламяныя вырабы, вырабы з лазы, дрэва і металу, вышыванкі, цацкі, упрыгожванні –у рамесленых радах вочы разбягаліся ад разнастайнасці і прыгажосці прадстаўленых вырабаў.

Акрамя таго, людзі, якіх Бог не абдзяліў талентам і залатымі рукамі, ахвотна праводзілі майстар-класы і вучылі жадаючых свайму майстэрству.

Напрыклад, майстар-клас па ганчарству праводзіла сям’я Худзяевых з агарагарадка Галынка Зельвенскага раёна.

- Ганчарствам займаемся 13-ы год, - расказалі ганчары. – Мы сакрэтаў не хаваем і ахвотна падзелімся імі з усімі жадаючымі.

Каля 30 гадоў займаецца пляценнем з лазы Сафія Завана з Гродна, яе плеценыя з лазы карзінкі і кошыкі карысталілся на выставе-кірмашы шырокім попытам.

Ірына Міклаш, фота аўтара