[caption id="attachment_17732" align="alignleft" width="300" caption="Запрашаюць на свята А.Кандратовіч, У.Курчыцкі, А.Гольцава"]

[/caption]
Важнай падзеяй у сферы беларускай адукацыі стала ХV Рэспубліканская выстава навукова-метадычнай літаратуры, педагагічнага вопыту і творчасці навучэнскай моладзі, якая праходзіла ў рамках рэспубліканскай патрыятычнай акцыі "Я - грамадзянін Беларусі". У Нацыянальным выставачным комплексе “БелЭкспа” быў прадстаўлены вопыт работы ўстаноў агульнай сярэдняй, сярэдняй спецыяльнай, прафесійна-тэхнічнай, вышэйшай і дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі ўсіх рэгіёнаў краіны. Правядзенне выставы было накіравана на ўдасканаленне форм і метадаў грамадзянска-патрыятычнага выхавання навучэнцкай моладзі, прэзентацыю інавацыйных падыходаў у арганізацыі выхаваўчай работы ва ўстановах адукацыі, абагульненне лепшага педагагічнага вопыту.
З работай экспазіцыйных пляцовак у дзень адкрыцця выставы азнаёміліся міністр адукацыі Беларусі Сяргей Маскевіч і яго намеснік Віктар Якжык.

У гэтым годзе выстава была прадстаўлена ў інтэрактыўным фармаце. У яе рамках былі праведзены круглыя сталы, канферэнцыі, семінары, шматлікія прэзентацыі вопыту работы ўстаноў адукацыі, трэнінгі, майстар-класы, канцэртныя праграмы, выставы работ дзіцячай творчасці і інш.
Для знаёмства з матэрыяламі выкарыстоўваліся інтэрактыўныя формы працы: PR-акцыя "Навігатар педагога", праект "Феерверк педагагічных ідэй" на тэму "Роля інфармацыйнай прасторы устаноў прафесійнай адукацыі ў сістэме грамадзянска-патрыятычнага выхавання навучэнцаў". На артметодпляцоўцы праходзіла прэзентацыя метадычнага вопыту і кансультаванне па праблемных пытаннях развіцця выяўленчай і дэкаратыўна-прыкладнай творчасці.
Для навучэнцаў, бацькоў, педагогаў была арганізавана школа сацыяльна-педагагічных і псіхалагічных ведаў, у якой можна было атрымаць кансультатыўную дапамогу, паўдзельнічаць у інтэрактыўных занятках з элементамі трэнінгу.
Была працягнута на выставе і традыцыя правядзення майстар-класаў па розных відах дзейнасці і для розных катэгорый удзельнікаў. Напрыклад, "Стварэнне віртуальнага музея", выраб кветак, якія растуць на тэрыторыі Беларусі ў тэхніцы валяння лямцу "Розныя колеры маёй краіны", карвінг "Рукі майстра твораць цуды" і інш.

Удзельнікамі выставы ад Бераставіцкага раёна сталі навучэнцы і настаўнікі Масалянскага ясляў-сада-базавай школы. На сталічнай пляцоўцы выставачнага цэнтра “БелЭкспа” адбыўся Трэці адкрыты фестываль паэзіі “Масалянскія салаўі”.
Фестываль быў прысвечаны 210-годдзю грамадскага і культурнага дзеяча ХІХ стагоддзя, арыстакраткі, публіцысткі, мастачкі, калекцыянеркі Наталлі Біспінг-Кіцкай, лёс якой дзіўным чынам пераплецены з Масалянамі. На гэты раз масалянскім школьнікам прыйшлося выступаць у іншым фармаце, з прымяненнем інтэрактыўных прыёмаў: тэатралізаванае прадстаўленне “Бэзавы баль” праходзіла ў форме арыстакратычнага салона ХІХ стагоддзя і прадугледжвала масавы ўдзел у пастаноўцы ўсіх прысутных, а значыць, элементы экспромту і імправізацыі. Масалянскія школьнікі годна справіліся з пастаўленай задачай і атрымалі станоўчыя водгукі прысутных.
Акрамя калектыву Масалянскай школы, у фестывалі таксама прынялі ўдзел паэтычныя аб’яднанні з г.Гродна: настаўнікаў-паэтаў “Надзея” на чале з М.М.Калачыкам, дзіцячыя - “Таямніца паэзіі” і “Першацвет” на чале з А.А.Целеш. Дарослыя і юныя гродзенскія паэты чыталі вершы аб Масалянах, вясне, паэзіі, каханні.
Вялікую дапамогу ў арганізацыі і правядзенні фестывалю аказалі
кіраўнікі і ўдзельнікі паэтычных аб’яднанняў, супрацоўнікі Гродзенскага інстытута развіцця адукацыі Л.А.Кіўлюк і Л.Л.Бірукова, дырэктар РУСП “Масаляны” А.В.Антушэвіч, начальнік аддзела адукацыі Бераставіцкага райвыканкама А.Р.Буткевіч, метадыст аддзела адукацыі Т.А. Белевіч, дырэктар Бераставіцкага ЦТДМ Л.В.Носка.
Падводзячы вынікі выставы “Я — грамадзянін Беларусі”, намеснік міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Віктар Якжык адзначыў, што вельмі важна не забываць пра тое, што выхаванне — працэс бесперапынны. “Яно павінна пачынацца ва ўстанове дашкольнай адукацыі, працягвацца ў школе і не спыняцца ва ўстановах сярэдняй спецыяльнай, прафесійна-тэхнічнай і вышэйшай адукацыі. Адна з мэт правядзення выставы — даць педагогам магчымасць вучыцца на лепшых прыкладах, дэманстраваць уласны вопыт, трымаць руку на пульсе сучасных тэхналогій і ні ў якім разе не губляць ніць бесперапыннасці. Патрыятызм — шырокае паняцце, ён датычыцца і нашага штодзённага жыцця, дзе быць патрыётам — значыць, любіць і ўкладваць душу ў справу, якой займаешся ”.
Дружны калектыў Масалянскай школы сваёй працай пацвярджае гэтую думку.
Людміла Рамашкевіч, настаўніца рускай мовы і літаратуры Масалянскага ясляў-сада-БШ