Бераставіччыны славіцца сваімі працавітымі жыхарамі, трыдыцыямі і звычаямі. Асаблівае месца ў гісторыі нашага краю займаюць разнастайныя рамёствы і промыслы. У даўнія часы шматлікія прадметы паўсядзеннага хатняга ўжытку, прылады працы і вопратку нашы продкі выраблялі ўручную. Выстава, падрыхтаваная супрацоўнікамі аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры, знаёміць менавіта з такімі рэчамі сялянскага побыту.
–
Гліняны посуд, палавікі і коўрыкі, ручнікі, абрусы і посцілкі, сурвэткі, аддзенне і паясы, прадстаўленыя на экспазіцыі, зроблены рукамі мясцовых жыхароў, – расказвае загадчыца аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Бераставіцкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Тамара
Касьян. –
У свой час гэтыя рэчы былі перададзены нам майстрамі ці іх сваякамі для захавання ў якасці прыкладаў тых рамёстваў, якія былі распаўсюджаны на Бераставіччыне.

Найбольш запатрабаваным у нас было, вядома ж, ткацтва. Аднак мясцовыя народныя ўмеліцы выдатна вышывалі, вязалі кручком і спіцамі, шылі. І кожны свой выраб аздаблялі не толькі прыгожымі ўзорамі і малюнкамі, але і любоўю да сваёй сям’і, да роднай прыроды і малой радзімы. Натуральны матэрыял, унікальны арнамент, душа майстра – менавіта таму, ручныя вырабы так цэняцца і сёння.

Выставы даўніх прадметаў і рэчаў накшлалт гэтай, а таксама экспазіцыі сучасных рамесных вырабаў – саламяных, драўляных, гліняных – ладзяцца ў раёне пастаянна і карыстаюцца папулярнасцю ў насельніцтва. І гэта яшчэ адзін вялікі крок на шляху да захавання беларускай культурнай спадчыны.

Святлана Ганчарова, фота аўтара