
Журавіны — ягады, якія холад не толькі не псуе, але робіць яшчэ смачнейшымі. Таму ім самае месца на зімовым святочным стале. Для пірага вам спатрэбіцца:
для цеста:
кефір — 200 мл
мука —300 г
алей — 50 мл
яйка + жаўток
цукар — 1 ст. л.
дрожджы сухія — 1 ч. л.
дробка солі
для начынкі:
журавіны — 300 г
крухмал — 1 ст. л.
цукар — 100—150 г
Для цеста прасейваем у глыбокую міску муку, дадаём цукар, дробку солі і дрожджы. Кефір неабходна крыху падагрэць і разам з яйкам таксама дадаць да мукі. Наступны крок — уліваем алей. Замешваем цеста да пластычнага, не вельмі крутога стану і пакідаем яго на гадзіну ў цёплым месцы, прыкрыўшы міску. Калі падыдзе, выкладваем у форму (на пергамент ці проста добра прамазанную алеем) і робім невысокія борцікі. Але не забываем пакінуць крыху цеста для ўпрыгожвання.
Для начынкі злучаем журавіны, цукар і крухмал. Выкладваем ягады на пірог. Прыкрываем чырвоную масу папярэдне падрыхтаванымі загатоўкамі з цеста: можна зрабіць сетку з тонкіх палосак ці выразаць якія-небудзь фігуркі. Прамазваем цеста зверху жаўтком і адпраўляем пірог выпякацца ў духоўку на 40 хвілін пры 180 градусах.
Перад падачай крыху астудзіць і пасыпаць цукровай пудрай.