Тамара МІНІЧ, жыхарка г. п. В. Бераставіца:

– Родная мова для мяне нібыта жывая істота. Гэта мой генетычны код. Яна жыве, развіваецца, часам хварэе. Гэта крыніца майго натхнення, сувязь з каранямі і тое, што адрознівае мяне ад людзей з іншых краін. У мяне заўсёды ўздымаецца настрой, калі я побач чую людзей, якія гутараць на роднай мове. Здаецца, быццам у дзяцінстве апынулася, дзе бабуля гладзіць мяне спрацаванаю рукою па галаве, становіцца цёпла і ўтульна, на двары лета і наперадзе доўгае шчаслівае жыццё. І яшчэ: сярод шматлікіх вытворцаў розных рэчаў я заўсёды звяртаю ўвагу на беларускамоўныя брэнды і стараюся іх падтрымаць.
Галіна РУМАК, настаўніца Канюхоўскай СШ:

– Родная мова для кожнага народа найпрыгажэйшая і наймілагучнейшая. Гэтак жа можна сказаць і пра нашу беларускую мову, якая ўяўляе сабой дзіўны сплаў старажытных балтыйскіх і праславянскіх гаворак. Гэта і ёсць наша багацце, бо дазваляе нам разумець сучасныя славянскія мовы і блізкую літоўскую. Мне даводзілася быць за мяжой, і я смела размаўляла там на роднай мове, спеўнасцю і мяккасцю гучання якой шчыра захапляліся мае суразмоўцы, носьбіты іншых моў. Беларуская мова – гэта не толькі маркер нашага менталітэту, але і жывая сувязь з дарагімі табе людзьмі, што сышлі ў нябыт, і павага да нашых далёкіх продкаў, праяўленне ўдзячнасці і павагі да мінулых пакаленняў і шматпакутнай векавой гісторыі свайго народа. Шануйце родную беларускую мову – і людзі будуць шанаваць вас.
Мацвей ШАЎЧЭНКА, вучань 8 класса Сярэдняй школы аг. Пагранічны:

– Беларуская мова для мяне – гэта не проста словы на паперы. Гэта цэлы свет, у якім жывуць наша гісторыя і культура. Кожны раз, чытаючы класікаў, я адкрываю для сябе штосьці новае, што дапамагае лепш зразумець беларускі народ і яго характар. Мой любімы паэт – Якуб Колас. Яго творы і, асабліва, паэма «Новая зямля» захапілі мяне сваім глыбокім сэнсам і жывымі малюнкамі з сялянскага жыцця.
Удзел у фестывалі «Таленты Прынямоння-2026», адборачны этап якога адбыўся нядаўна, стаў для мяне важным крокам. Я чытаў са сцэны ўрывак з паэмы Ніла Гілевіча «Родныя дзеці» і для мяне гэта была магчымасць перадаць свае пачуцці і думкі пра родны край. Калі я чытаю альбо размаўляю па-беларуску, я адчуваю непаўторную сувязь з продкамі, з гісторыяй нашай зямлі. І я веру, што шмат хто з майго пакалення таксама адкрые для сябе гэты чароўны свет роднага слова.
Святлана ГАНЧАРОВА