
А вы ўжо падрыхтаваліся да навагодніх святаў? Прыбралі хату, упрыгожылі ялінку, зладзілі пачастункі? Так, усё гэта – неад’емная частка “каляднай магіі”, якая здабываецца ўласнымі сіламі. А дзе ж цуды, адкуль узяцца святочнаму настрою? Для таго, каб ім зарадзіцца, Музей Вавёркі прапануе прыняць удзед у акцыі “Упрыгожым ялінку разам”.
Сёння немагчыма ўявіць святкаванне Новага года без упрыгожанай елачкі. Усе імкнуцца аздобіць яе паводле модных тэндэнцый, купляючы яркія цацкі, якіх, на шчасце, у сучасных магазінах – вялікі выбар. Аднак раней аздобы для навагодняй ялінкі дзеці і дарослыя рабілі сваімі рукамі. У такіх цацак ёсць душа, яны прыносілі ў хату цяпло, утульнасць і сапраўднае свята!
Мы хочам вярнуць вас у чароўны свет, дзе пад бліскучымі агеньчыкамі ялінкі збіраліся сем’і, каб адзначыць самае доўгачаканае свята, але без вашай падтрымкі магія не атрымаецца. Зялёная красуня, упрыгожаная вамі, падорыць усім навагодні настрой і напоўніць сэрцы бадзёрасцю на увесь наступны год.
Прыняць удзел у акцыі могуць усе неабыякавыя да гісторыі жыхары раёна, гатовыя ўнесці асабісты ўклад у папаўненне музейных калекцый. Для ўдзелу ў акцыі вам неабходна прынесці рарытэтную навагоднюю цацку, якая ўпрыгожыць ялінку. Кожная цацка – гэта частка вашага жыцця і частка гісторыі. Акцыя будзе дзейнічаць з 22 снежня 2025 года па 15 студзеня 2026 года.
Запрашаем Вас у Музей Вавёркі, бярыце з сабой усмешкі і навагодні настрой. Кожнага наведвальніка, які прынясе цацку чакае падарунак. Чакаем вас!
Гаспадарац Наталля, галоўны захавальнік фондаў музея Вавёркі ў Вялікай Бераставіцы