Тое, што вы бачыце на гэтых здымках, не мае ніякага дачынення да чыгуначнай магістралі. Гэтыя кавалкі рэек з прываранымі да іх швелерамі знаходзяцца метраў 20-30 ад бальнічнай агароджы ў раённым цэнтры збоку возера. Частка з гэтых металічных рэчаў аказалася за доўгі час пад зямлёй, некаторыя ж адкапалі ў пошуках металалому. Калі прыгледзецца больш дакладна, то можна заўважыць, што ўздоўж па лініі метраў на 50 былі закапаны праз вызначаны інтэрвал кавалкі чыгуначных рэек у выглядзе слупоў. А злучаліся яны паміж сабой прываранымі магутнымі швелерамі. Што гэта магло быць? Дакладнага адказу на гэта пытанне пакуль знайсці не ўдалося. Хутчэй за ўсё, гэта рэшткі ад нейкай гаспадарчай пабудовы перадваенных часоў. Вядома, што ў былым палацу Касакоўскіх, які ад гэтага месца знаходзіўся зусім побач, з 1939 года па самы пачатак вайны размяшчалася кавалерыйская вайсковая частка Чырвонай Арміі. З размяшчэннем коней, мабыць, праблем не было ў чырвонаармейцаў – гаспадарчых пабудоваў на той час паблізу палаца хапала. А вось для гармат і боепрыпасаў патрэбна было сховішча, якое відаць і пабудавалі спешна вайскоўцы з выкарыстаннем чыгуначных рэек замест капітальных слупоў. У адным месцы нават відаць, што да швелера была прыварана шына для зазямлення. Добра прыгледзеўшыся, можна заўважыць побач са слупамі фрагмент бетоннага пакрыцця. На некаторых рэйках добра захаваліся рэшткі шэрай фарбы. Але гэта толькі версія. Можа, хто з нашых чытачоў дакладна ведае, што было тут? Пішыце, тэлефануйце нам. Будзем вельмі ўдзячны за вашу інфармацыю.
Сяргей Хілюта,
фота аўтара