
Нядаўна мы адсвяткавалі вельмі значную для ўсёй краіны дату – 70-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. А 20 верасня жыхароў Бераставіччыны чакае яшчэ адзін не менш значны юбілей – 70-годдзе ўтварэння раёна. “Бераставіцкая газета” пачынае друкаваць цыкл матэрыялаў, прысвечаных гэтай важнай падзеі і людзям, якія ўнеслі значны ўклад ў пасляваеннае аднаўленне і далейшае развіццё народнай гаспадаркі Бераставіччыны.
Калі вестка аб перамозе дайшла да Бераставіцы, людзі плакалі. Адны ад радасці і шчасця, што дачакаліся гэтага вялікага дня, другія гаравалі пра тых, хто не дажыў да яго. Многія землякі, узяўшы ў рукі зброю, пайшлі ваяваць, а ў вызваленым ад ворага родным краі з неймавернымі цяжкасцямі пачало наладжвацца мірнае жыццё.
20 верасня Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР быў утвораны Бераставіцкі раён з цэнтрам у Вялікай Бераставіцы (ранейшы Крынкаўскі раён быў скасаваны, частка яго тэрыторыі адышла да Польшчы). Аблвыканкам зацвердзіў склад Бераставіцкага райвыканкама. У яго ўвайшлі: Аляксандр Гаўрылавіч Шламанаў – старшыня. Члены: М.А. Бурак– намеснік старшыні, Д.А.Блінаў – першы сакратар райкама партыі, В.І.Прыемка – загадчык райземаддзела, І.Я.Бялевіч – старшыня Бераставіцкага сельсавета. Сакратар райвыканкама – Н.Г.Жолудаў.
…У лютым 1945 года выканкам райсавета прыняў рашэнне “Аб развіцці жывёлагадоўлі і захаванні пагалоўя жывёлы ў раёне”. Усе грамадзяне абавязваліся захаваць і выкарміць маладняк з наступным продажам яго дзяржаве. У асенне-зімовы перыяд 1945-1946 гг. вялікая ўвага ў раёне надавалася лесанарыхтоўкам. Што і казаць, гэта была цяжкая для сялян, але надзвычай патрэбная для краіны павіннасць: уздымаліся з руін гарады і вёскі, адбудоўваліся нанава фабрыкі і заводы, і лес быў вельмі запатрабаваны. І ў асноўным жыхары раёна стараліся ў тэрмін адбыць гэтую сваю павіннасць. Ужо ў першай палове студзеня выканалі план сяляне-лесарубы Іван Кучынскі, Іван Курмель з Эймінаўцаў, Андрэй і Міхаіл Лешчыкі з Жаброў, Іван Давідзюк з Непарожнеўцаў, якія нарыхтавалі па 27 кубаметраў драўніны.
А сяляне-возчыкі Васіль Садаўнічы з Хілякоў, Фёдар Аўхіменя з Кашанцаў, Станіслаў Аўдзей з Лапенеўцаў, Казімір Глябовіч з Сарасек за тры дні выканалі ўвесь свой план вывазу лесу.
10 лютага 1945 г. у жыцці раёна, як і ў жыцці ўсяе Беларусі, адбылася значная палітычная падзея — выбары ў Вярхоўны
[caption id="attachment_24413" align="alignleft" width="184"]

Блінаў Д. А.[/caption]
Савет СССР. У райцэнтры і ў Бераставічанах прайшлі сустрэчы з кандыдатамі ў дэпутаты Вярхоўнага Савета СССР першага пасляваеннага склікання па Гродзенскай выбарчай акрузе, у якую ўваходзіў і наш раён. У Савет Нацыянальнасцей быў вылучаны Сяргей Восіпавіч Прытыцкі, слухач Вышэйшай партыйнай школы пры ЦК ВКП(б). Да дня выбараў сяляне вёсак Галынка, Хамантоўцы, Ярылаўка, Калеснікі, а таксама Надзея Жыгмунт з Хмеліска, Кацярына Міхальчук з Карпаўцаў, Любоў Мешчаня і Філіп Гладкі з Бераставічан і многія іншыя датэрмінова выканалі планы па лесанарыхтоўках. Сярод сельсаветаў лідзіравалі Вялікабераставіцкі, Ёдкаўскі, Галынкаўскі. А вось што пісала раённая газета «Знамя Советов» аб тым, як праходзілі першыя пасляваенныя выбары: «10 февраля, к 5 часам утра организованно, торжественным маршем, со знаменами и лозунгами стали прибывать к избирательному участку № 115 г.п.Большая Берестовица первые колонны избирателей.
Первыми на избирательный участок прибыли крестьяне д.Хмелиско, где агитатором была Денисова Вера. Через полчаса с песнями и лозунгами в честь выборов прибыли избиратели д.Берестовичаны. Впереди нес красный флаг старый крестьянин Сегодник Павел Юстинович...»
Ужо ў 1945 годзе ў раёне ствараюцца першыя калгасы. Імі сталі калгас “1-е Мая”, арганізаваны ў былым маёнтку Вайцехаўшчына, калгас “Кастрычніцкая рэвалюцыя” ў маёнтку Людзвінова і “Перамога” ў Старым Дворцы. На базе маёнтка Масаляны ў сакавіку 45-га была створана плодаагароднінная гаспадарка. Вось як успамінала пра стварэнне пасляваеннага калгаса ў спаленых фашыстамі Верхаўлянах яго першы старшыня Марыя Карытка: “Пасля вайны на месца былой роднай вёскі пачалі збірацца яе жыхары – жанчыны і дзеці, мужчын жа нашых ворагі расстралялі. Жылі ў зямлянках, у наспех і няўмела назбіваных хлеўчыках. А ў 49-м арганізавалі калгас. Быў у ім толькі адзін мужчына – Іван Петух з хутара Петруліна, які з вайны вярнуўся інвалідам. Яго, пісьменнага, і паставілі бухгалтарам. Старшыню выбіралі на сходзе. Нехта прапанаваў маю кандытатуру, усе падтрымалі. Нам было вельмі цяжка, усё рабілі жанчыны – аралі, сеялі, касілі. Нас імкнуліся ўсяк падтрымаць: саўгас, што быў у Гольнях, даваў насенне, МТС прысылала трактары.”
…Вясной 1946 года ў раёне пачалася чарговая важная кампанія. Улады праводзілі работу па мабілізацьі сельскіх працаўнікоў на паспяховае правядзенне веснавой сяўбы. Работнікі Малабераставіцкай МТС абавязаліся адрамантаваць сельскагаспадарчую тэхніку да 1 сакавіка, а ўборачную — да 1 мая. Пры МТС быў створаны пункт, на якім ачыстка насення для ўсіх праводзілася бясплатна. Тут жа была арганізавана праверка на ўсходжасць. Да кожнага сялянскага двара даводзіліся планы па сяўбе тэхнічных культур.
[caption id="attachment_24414" align="alignleft" width="243"]

Шламанаў Аляксандр Гаўрылавіч[/caption]
Першымі ў поле, як паведаміла раённая газета, выйшлі працаўнікі калгасаў «1-е Мая» і «Кастрычніцкая рэвалюцыя». Тут своечасова адрамантавалі інвентар, у добрым стане захавалі коней. Выдатна сябе зарэкамендавалі ў першую пасляваенную вясну і механізатары МТС. Трактарысты Іван Міскевіч, Іван Карпук, Іван Міцкевч, штодзённа выконвалі нормы выпрацоўкі на 150-175 працэнтаў. Дружна праводзілася сяўба новай для раёна культуры — цукровых буракоў.
Актыўна вялося ў раёне будаўніцтва. Жыхары вёскі Рудаўляны пачалі па сваёй ініцыятыве будаваць талакой пачатковую школу. Працягвалася распачатае яшчэ ў 1945 годзе будаўніцтва цагельнага завода у Канчанах. Адкрыўся клуб у Малой Бераставіцы, аднавіліся клуб у Бераставічанах і млын у Кудрычах. Планавалася таксама распачаць будаўніцтва завода па вытворчасці цэглы і чарапіцы ў Малой Бераставіцы, ветлячэбніцы, клуба і пажарнага дэпо ў Вялікай Бераставіцы, бальніцы ў Макараўцах.
Трэба адзначыць, што ў гэты час у раёне было яшчэ мала настаўнікаў – на пачатак 1945 года ў школах іх працавала 111 – а таксама медработнікаў, якіх у медустановах было 70 чалавек. Рабочых рук у сельскай гаспадарцы не хапала, а спецыялістаў тут было ўсяго 5. Увогуле, у пасляваенны час вышэйшую адукацыю ў раёне мелі толькі 19 чалавек.
Цяжка ў той час было ўсім, аднак найгорш прыйшлося мнагадзетным сем’ям, у якія з фронту не вярнуліся гаспадары. Пра іх улада памятала і як магла дапамагала. Да прыкладу, рашэннем выканаўчага камітэта райсавета дэпутатаў працоўных ад 4 лістапада 1944 года мнагадзетным маці: Г.І.Навумовіч з вёскі Каленікі, якая гадавала 8 дзяцей, А.М.Леванені з вёскі Кашанцы і А.І.Парфёнчыкавай з Сямёнаўкі, якія выхоўвалі па 7 дзяцей, была выдзелена адзінаразовая дапамога ў памеры 2500 рублёў, а Н.І. Радзюкевіч з Сямёнаўкі, Г.І.Навумовіч і С.А.Ігнаткевіч з Калейнікаў, якія гадавалі па 6 дзяцей – па 2000 рублёў.
…У першым пяцігадовым плане развіцця народнай гаспадаркі раёна на 1946 —1950 гг. прадугледжвалася выдзеліць на прамысловае, культурна-бытавое і жыллёвае будаўнцтва 8 млн 464 тысяч рублёў. Апрача таго, планавалася павялічыць здабычу торфу і ў 1949 годзе давесці гэты паказчык да 18 тысяч тон у год, поўнасцю забяспечыўшы палівам прамысловасць раёна, бальніцы, школы і іншыя ўстановы. Пасяўную плошчу ў раёне за гады пяцігодкі прадугледжвалася павялічыць на 8 працэнтаў, а пасевы тэхнічных культур і цукровых буракоў пашырыць і давесці іх вытворчасць да 12 743 тон у год. Да канца пяцігодкі пагалоўе коней было запланавана павялічыць на 40 працэнтаў, буйной рагатай жывёлы і авечак на 68, свіней – на 263.
Сёння па асноўных вытворчых паказчыках наш раён адзін з лепшых не толькі ў вобласці, але і ў рэспубліцы. Працаўнікі Бераставіччыны дастойна працягваюць працоўныя традыцыі пасляваеннага пакалення.
Мікалай Пацэнка,
Марыя Драпеза