У гэтым годзе над Бераставіччынай вырашыла паспрачацца сама прырода. Купальскім днём было вельмі даждліва. Але, як кажуць вяскоўцы, «Купалле – свята агню і вады, а значыць, стыхіі павінны бушаваць». Брэндавае свята адбылося пазней, чым планавалася, але з той самай магічнай сілай, якая перадаецца ад продкаў.


Супрацоўнікі Бераставіцкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці падрыхтавалі для жыхароў і гасцей Кватараў праграму, якая ўвабрала ўсе самыя яркія элементы беларускай абраднасці.
На працягу вечара працавалі інтэрактыўныя пляцоўкі.

Самым заўзятым удзельнікам прапанавалі народныя гульні і конкурсы.


Маладыя і сталыя спаборнічалі ў спрыце, вадзілі карагоды і спявалі купальскія песні. Вібрацыі беларускага фальклору разносіліся па ўсім аграгарадку.

Адна з самых кранальных частак свята — спуск вянкоў на ваду. Дзяўчаты з вясковымі кветкамі ў руках падыходзілі да вадаёма, загадваючы самыя патаемныя жаданні.
Вянкі, падобныя на каляровыя выспы, павольна паплылі па цёмнай роўнядзі, несучы з сабой мары.
Госці свята далучыліся да спрадвечных традыцый беларускага народа. Купалле — гэта ж наша візітная картка. Тут і рамантыка, і містыка, і сапраўдная радасць.







.webp)
Автор: Святлана Ганчарова
Фото: прадастаўлена Бераставіцкім раённым цэнтрам культуры і народнай творчасці