Помнік “Дрэва жыцця” ў Вялікай Бераставіцы адзначае 20-гадовы юбілей, а яго стваральніку, таленавітаму скульптару Уладзіміру Церабуну, споўнілася б 80 гадоў.
Чэрвень у Беларусі – месяц, прысвечаны гісторыка-культурнаму турызму. Гэта час, калі мы павінны задумацца аб тым, што ж такое гісторыя для нас, беларусаў. Гэта не проста сухія факты і даты, якія застылі ў пыльных падручніках. Гісторыя – гэта жывая тканіна, якая звязвае нас з мінулым, фармуе нашу сучаснасць і накіроўвае ў будучыню. Гэта старадаўнія храмы, якія шэпчуць аб стагоддзях, самабытныя вёскі, якія захоўваюць дух продкаў, унікальныя традыцыі, якія перадаюцца з пакалення ў пакаленне. Менавіта дзякуючы ўсяму гэтаму Беларусь перастае быць проста кропкай на карце, ператвараючыся ў жывую прастору памяці, у якой мы спазнаем саміх сябе.
Жыццё ў бронзавых галінах
Вялікая Бераставіца, як і любы куток нашай зямлі, мае свае скарбніцы гісторыі, і адна з самых яркіх – помнік “Дрэва жыцця”. Размешчаны ў самым цэнтры мястэчка, ён стаў не толькі славутасцю, але і сапраўдным месцам прыцягнення для жыхароў і гасцей райцэнтра.
“Дрэва жыцця” карыстаецца папулярнасцю ў жыхароў нашага мястэчка. Яго бронзавая крона адлюстроўваецца ў аб'ектывах камер, яно становіцца неад'емнай часткай экскурсійных маршрутаў, прыпынкам, без якога немагчыма ўявіць сабе знаёмства з Бераставіцай. Але ці задумваліся мы, гледзячы на гэты велічны манумент, аб глыбокім гістарычным кантэксце, які ў ім закладзены? Аб сімволіцы, якая ажывае ў кожным рэльефе бронзы?
Супрацоўнік Бераставіцкай раённай бібліятэкі імя В. М. Кавалеўскага Андрэй Втарушын прапануе нам зірнуць на “Дрэва жыцця” больш дапытліва, раскрываючы яго гістарычныя і сімвалічныя грані. Як сцвярджае краязнаўца, Дрэва складаецца з 14-ці вобразных элементаў. Кожны элемент помніка нясе ў сабе асаблівы сэнс, адлюстроўваючы традыцыі і светапогляд продкаў. Ведаючы гэтую сімволіку, можна, напрыклад, пагладзіць слімака ці жабку на помніку, загадаўшы жаданне. Гэтыя простыя дзеянні, якія часта становяцца традыцыяй для турыстаў, напоўняць бронзавае дрэва жыццём, зробяць яго часткай нашага асабістага досведу.
Наш адметны сімвал

– Калі размова ідзе пра сімвалы мястэчка, адразу ўзгадваюцца гарадскі герб, ратуша, архітэктурны помнік, памятная шыльда ці знак, – расказвае Андрэй Францавіч. – У раённым цэнтры Вялікая Бераставіца в 2006 года знаходзіцца свой адметны сімвал – “Дрэва жыцця”. Гэта 4-метровая скульптурная кампазіцыя з бронзы, якую выканаў беларускі скульптар Уладзімір Васільевіч Церабун (1946-2024), заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь (2007), лаўрэат прэміі Ленкома БССР (1976), Ганаровы грамадзянін Смаргонскага раёна.
У красавіку адзначалася 80-годдзе з дня нараджэння майстра. Адкрыццё скульптурнай кампазіцыі “Дрэва жыцця” было прымеркавана да 500-годдзя з часу заснавання мястэчка Вялікая Бераставіца, вядомага з гістарычных крыніц ад 1506 года. Таму стылізаваныя вобразы і дэталі, якія напаўняюць Дрэва жыцця, мы павінны разглядаць праз прызму гісторыі Вялікай Бераставіцы. А ўдакладняць алегорыю жывёльнага свету мы будзем праз беларускую міфалогію.
Дрэва як сусвет
– Матыў Дрэва жыцця паходзіць з выцінанкі – дэкаратыўна-прыкладного мастацтва Беларусі, дзе ажурны сілуэт дрэва складаюць стылізаваныя птушкі, кветкі ў сонечным дыску, – тлумачыць Андрэй Втарушын. – Дрэва – гэта цэлы сусвет, аснова жыцця прыроды, на прасторах якой гарманічна пераплятаюцца і жывуць міфічныя богі, людзі і жывёльны свет. У дадатак, скульптар Уладзімір Церабун азнаёміўся і з геральдычным сімвалам Бераставіцы – гербам “Вавёрка”. У выніку майстар выдатна спалучыў мінулае і сучаснасць Вялікай Бераставіцы ў знакавы сімвал “Дрэва жыцця”.
Аўтар за аснову сваёй скульптуры выкарыстаў форму дрэва, якое нагадвае ўмоўны сілуэт постаці чалавека з узнятымі ўгару рукамі – галінамі. Крона дрэва завершана дваранскай КАРОНАЙ, якая сведчыць, што ўсе ўладальнікі Вялікай Бераставіцы мелі шляхецнае паходжанне.
– Вядома, што графамі, дзяржаўнымі дзеячамі і мецэнатамі былі Хадкевічы, Мнішкі, Патоцкія, Касакоўскія, гістарычны ўклад якіх можна і сёння знайсці на тэрыторыі гарадскога пасёлка, – адзначае краязнаўца. – Крона дрэва напоўнена багаццем жыцця.
Сярод лісцеў з кветкамі і пладамі знаходзяцца выявы ДЗВЮХ ПТУШАК У ГНЯЗДЗЕ – сімвал сямейнага шчасця і малой радзімы.
Побач вобраз МАТЫЛЬКА, які з’яўляецца сімвалам натхнення і прыгажосці.
Ёсць у кроне СТУЖКІ ТКАНІНЫ. Гэта своеасаблівы напамін пра Бераставіцкую сукнавальню, якая дзейнічала ў будынку вадзянога млына ў сярэдзіне 19 стагоддзя. Там выпускалася ільняная тканіна і бавоўна.
У цэнтры дрэва сядзіць ВАВЁРКА – галоўная фігура гістарычнага гербу Вялікай Бераставіцы.
– У беларускай міфалогіі вавёрка сімвалізуе жанчыну, маладзіцу, нявесту, – працягвае апісанне помніку Андрэй Втарушын. – А праз колер суадносіцца са стыхіяй агню. Таксама гэты звярок з’яўляецца і сімвал пладавітасці. Паходжанне бераставіцкай вавёркі звязана з яе тагачаснымі ўладальнікамі – Мнішкамі, якія падаравалі Бераставіцу сваёй дачцэ Юзэфіне. Бацькі “змясцілі” яе ў вобразе вавёркі, як адзіную спадчынніцу і выратавальніцу роду, на гарадскі герб Вялікай Бераставіцы ў 1754 годзе. Так Юзэфіна стала будучай уладальніцай цэлага мястэчка. Яна ажжыцявіла лёс вавёркі – стала шматдзетнай маці.
Бронзавая вавёрка сядзіць на скрутку з віслай пячаццю ў форме дыска. СКРУТАК сімвалізуе Магдэбургскі прывілей, у якім Бераставіца ўпершыню пазначана як “Вялікая”. Дыск пячаці – гэта сімвал самакіравання мястэчка і асаблівы знак якасці бераставіцкага тавару. На пячаці з двух бакоў выбіты год заснавання Бераставіцы “1506” і час святкавання 500-гадовага юбілею мястэчка ў 2006 годзе.
Маленькія “жыхары”
Скульптурнае дрэва трымаецца карэннямі за ўсечаную піраміду з чырвонага граніту. Гэты пастамент павінен нагадваць пра жалезны куфар Хадкевічаў – першых уладальнікаў Бераставіцы. Куфар ахоўваюць не толькі карэнні дрэва, але і яго маленькія жыхары.
– Гэта ВОЖЫК – сімвал мудрасці і кемлівасці, яго іголкі з’яўляюцца абярэгам ад нячыстай сілы, – пералічвае насельнікаў Дрэва жыцця Андрэй Францавіч. – Побач сядзіць ЖАБКА – сімвал чараўніцтва і пакутаў кахання. На карэннях поўзае СЛІМАК – ахоўнік дамашняга ачага, дастатку і пастаянства часу, у якім немагчыма нешта змяніць. Моцны ствол дрэва дае прытулак ДЗЯТЛУ, які сімвалізуе ляснога лекара і варажбіта, звязанага з любоўнай магіяй.



Ад сядзібы да раённага цэнтра
Пярэдні бок скульптуры “Дрэва жыцця” пазначаны разгорнутым СКРУТКАМ з бяросты, які замацаваны на пастаменце. Берасцяны скрутак – яшчэ адзін сімвал Бераставіцы, які падказвае аб паходжанні назвы гэтага мястэчка.
– Ствол Дрэва жыцця мае ўмоўныя ПОСТАЦІ БЕРАСТА І ТАВІЦЫ, аб’яднаных каханнем. Ён і яна – персанажы, занатаваныя ў легендах пра Бераставіцу, – расказвае краязнаўца.
Скульптар сваім творам нагадвае нам пра вялікі гістарычны адрэзак часу Бераставіцы, якая прайшла шлях ад прыватнай сядзібы Хадкевічаў да раённага цэнтра з паспяховай гаспадаркай на прасторах Гродзенскай вобласці нашай Беларусі.
Паміж мінулым і сучасным
Важнасць ведання гісторыі сваёй мясцовасці немагчыма пераацаніць. Гэта не толькі ўзбагачае наша разуменне навакольнага свету, але і фармуе пачуццё прыналежнасці, гонару за сваю малую радзіму. “Дрэва жыцця” ў Вялікай Бераставіцы – яскравы прыклад таго, як мастацтва можа стаць правадніком у свет гісторыі і традыцый.
Прыемна бачыць, што гэтая глыбокая сэнсавая нагрузка помніка, яго краязнаўчае значэнне, знайшло ўвасабленне і ў сучасных формах. Лэпбукі, створаныя супрацоўнікамі раённай бібліятэкі спецыяльна для конкурсу “Лэпбук – гісторыя #4Рэгіёна”, сталі яшчэ адным крокам да папулярызацыі гісторыі Вялікай Бераставіцы. Гэтыя яркія, інтэрактыўныя дапаможнікі, прадстаўленыя на Х абласным фестывалі кнігі “Гродзенскі ЛітФэст”, дэманструюць, як важна захоўваць і перадаваць веды аб мінулым, робячы іх даступнымі і цікавымі для кожнага.


“Дрэва жыцця” – гэта не проста помнік. Гэта мост паміж мінулым і сучаснасцю, сімвал жыццёвай сілы, мудрасці і пераемнасці пакаленняў. Адзначаючы яго 20-годдзе, мы не проста святкуем юбілей, а зноў адкрываем для сябе багацце гісторыі нашай роднай зямлі, закладзенае ў такіх значных і цудоўных творах, як гэты манумент. Гэта запрашэнне да дыялогу з мінулым, да разумення сябе і свайго месца ў свеце.