З “Бераставіцкай газетай”, за больш як 80-гадовы час яе існавання, звязаны лёсы дзясяткаў людзей. Многія журналісты, якія працавалі ў раённым выданні, пакінулі глыбокі след у яго гісторыі. Але, бадай, найбольш значны ўклад у развіццё “раёнкі” ўнёс былы галоўны рэдактар “Бераставіцкай газеты” Яўген Болбат, які на працягу амаль 30 гадоў кіраваў раённай газетай. Менавіта пры Яўгену Уладзіміравічу газета не толькі захавала традыцыі, што складаліся дзесяцігоддзямі, але і зрабіла сур’ёзны крок наперад.
Шлях да журналістыкі

Аб тым, што стане журналістам, у маладыя гады Яўген Болбат нават не думаў: юнак марыў атрымаць прафесію агранома і працаваць на зямлі. Карані Яўгена Уладзіміравіча – у вёсцы Грынкі Свіслацкага раёна. Ён нарадзіўся ў простай вясковай сям’і, у якой было шасцёра дзяцей, Яўген – самы старэйшы. З дзяцінства хлопец дапамагаў бацькам па гаспадарцы, добра ведаў сялянскую працу, таму і вырашыў паступаць у Гродзенскі сельскагаспадарчы інстытут, каб мець спецыяльнасць, якая дазваляла цвёрда стаяць на нагах. Але не атрымалася – не паступіў, папрацаваў некалькі месяцаў у мясцовым калгасе, а потым пайшоў служыць у армію.
Дэмабілізаваўшыся праз два гады, пачаў шукаць працу і даведаўся, што ў свіслацкую раённую газету “Заветы Ільіча” патрэбен друкар. Прыйшоў пацікавіцца пра гэтую пасаду, але атрымаў зусім іншую прапанову.
– Галоўным рэдактарам свіслацкай “раёнкі” тады быў Алег Пятровіч Смальянаў, ён спытаў у мяне: “Можа, ты паспрабуеш пісаць? У вашай вёсцы як раз будуецца новая школа, напішы пра гэта”, – расказвае Яўген Уладзіміравіч. – Прапанова была нечаканай, але ў школе я пераказы і сачыненні добра пісаў, таму вырашыў паспрабаваць. І напрыканцы чэрвеня 1969 года на старонках газеты была апублікавана мая першая заметка “Будзе школа ў Грынках”. Гэта было вельмі ганарова! Прыйшло адчуванне, што журналістыка – гэта тое, што мне падабаецца, пачаў актыўна пісаць у газету. Два месяцы я працаваў як селькор, а 4 жніўня, якраз у свой дзень нараджэння, быў залічаны ў штат рэдакцыі літаратурным работнікам – так тады называлі карэспандэнтаў. Працаваў у сельскагаспадарчым аддзеле, разам з фотокарэспандэнтам Чаславам Горбачам на матацыкле К-750 аб’ездзілі ўвесь Свіслацкі раён: ён фатаграфаў, а я рыхтаваў матэрыялы ў газету.
Адукацыя – ключ да поспеху
Здольнага і стараннага маладога чалавека заўважылі ў райкаме партыі і далі накіраванне ў Мінскую вышэйшую партыйную школу на газетнае аддзяленне. Чатыры гады – з 1972 па 1976 год – Яўген Болбат атрымліваў глыбокія веды па тэорыі і практыцы СМІ, вывучаў асновы рэдакцыйнай работы, асаблівасці вёрсткі і дызайну газет. Навучанне ў Мінску адкрыла перад ім новыя магчымасці і больш шырокі погляд на журналістычную справу.

У 1976 годзе Яўген Уладзіміравіч вярнуўся ў свіслацкую “раёнку” і адразу быў прызначаны загадчыкам аддзела сельскай гаспадаркі, а праз некаторы час стаў намеснікам рэдактара. З-пад яго пяра выходзілі цыклы матэрыялаў пра выдатных працоўнікаў сельскай гаспадаркі, інтэрв’ю з кіраўнікамі і спецыялістамі, аналітычныя артыкулы пра перспектывы развіцця галіны. Гэта быў перыяд яго станаўлення як кваліфікаванага журналіста і таленавітага арганізатара. Кіраўніцтва назірала за яго прафесійным ростам і бачыла перспектывы.
26 лістапада 1980 года Яўген Болбат быў накіраваны на Бераставіччыну рэдактарам раённай газеты “За камунізм”. З гэтага часу пачынаецца яго гісторыя з нашай “раёнкай” працягласцю у амаль 30 гадоў.
– Як сёння памятаю свой першы працоўны дзень у рэдакцыі, – гаворыць Яўген Уладзіміравіч. – Прыйшоў, мяне прадставілі, калектыў я трохі ведаў, бо часамі сустракаліся з калегамі з суседніх раёнаў. Намеснікам рэдактара тады быў Уладзімір Іванавіч Хонцар, адказным сакратаром – Віктар Рыгоравіч Шыцік, загадчыкам сельгасаддзела – Ніна Іванаўна Абрамовіч, загадчыкам аддзела пісьмаў – Палікарп Аляксандравіч Абрамовіч, карэспандэнтам – Марыя Уладзіміраўна Драпеза, фотакарэспандэнтам – Фёдар Уладзіміравіч Арэшкін, карэктарам – Ніна Міхайлаўна Лук’яненка. І гэта толькі самыя вопытныя, якія пацвярджалі свой аўтарытэт высокім прафесіяналізмам і адданнасцю справе. Мне тады было 32 гады, калектыў сустрэў трохі насцярожана – не ведаў, чаго чакаць ад новага чалавека. Я разумеў, што нельга ўводзіць змены рэзкім чынам, трэба было знайсці баланс паміж новымі ідэямі і ўжо складзенымі традыцыямі.
Рука на пульсе
Давер супрацоўнікаў рэдакцыі новы кіраўнік здабыў хутка. Калегі бачылі, што Яўген Уладзіміравіч добра разумее асаблівасці журналісцкай працы, не баіцца крытыкі і ўмее слухаць іншых, адказвае за свае рашэнні і заўсёды гатовы падтрымаць калег у складаных сітуацыях.

– На той час, калі я прыйшоў у бераставіцкую “раёнку”, газета была 4-палоснай, выходзіла тры разы на тыдзень – у аўторак, чацвер і суботу, – успамінае Яўген Болбат. – Насельніцтва ў Бераставіцкім раёне тады было больш за 24 тысячы, тыраж нашай газеты – 2700. Мы актыўна пачалі яго павялічваць, я пазнаёміўся з кожным паштальёнам, кожным загадчыкам паштовага аддзялення, і гэта дапамагала эфектыўна арганізоўваць падпіску і распаўсюджванне выдання. Тыраж паступова рос – да 3200, 3500, потым і 3700 экземпляраў. Мы праводзілі вялікую масавую работу з чытачамі, арганізоўвалі шмат рэйдаў, конкурсаў, вусных часопісаў, актыўна прыцягвалі да супрацоўнітва селькораў: у газеце журналісцкіх матэрыялаў было каля 50 працэнтаў, астатнія – пазаштатных аўтараў. Прыярытэтнымі напрамкамі дзейнасці рэдакцыі газеты было асвятленне поспехаў і праблем у развіцці агарпрамысловага комплексу раёна, шляхоў удасканалення сельскагаспадарчай вытворчасці. Друкавалася шмат матэрыялаў аб рабоце органаў улады, усіх галін народнай гаспадаркі, сацыяльнай сферы і іншых. Давалі многа крытычных матэрыялаў і дабіваліся рэагавання на іх. На сцяне ў рэдакцыі быў вялікі экран з назвамі арганізацый і прадпрыемтсваў раёна, дзе мы пазначалі, з якіх калектываў ідуць матэрыялы, сачылі, каб у поле зроку журналістаў раўнамерна траплялі ўсе.
Новыя падыходы
Дарэчы, у 80-х гадах, калі Яўген Уладзіміраіч пачынаў у бераставіцкай “раёнцы”, камп’ютараў яшчэ не было, журналісты ад рукі пісалі матэрыялы, машыністка іх друкавала, лінатыпістка Зінаіда Хілюта са свінцу адлівала кожны асобны газетны радок, а вярстальшчыца Ганна Барадаўка складвала іх у старонкі, з якіх пасля рабілі адціскі, неслі карэктару на вычытку, а потым рэдактару на чытку і подпіс. Друкарня пэўны час была ў складзе рэдакцыі, і галоўны рэдактар ужо самай раніцай спяшаўся туды, каб першым убачыць нумар, які выйшаў з друкарскай машыны.
– Пасля нашу газету сталі друкаваць у Гродна, у абласной друкарні, дык перажыванняў стала больш, бо я не мог поўнасцю кантраляваць працэс выхаду газеты, – гаворыць Яўген Болбат. – Мы пасылалі туды арыгіналы, ужо на месцы лінатыпістка іх набірала, выпускаючы і карэктар вычытвалі і ўносілі праўкі, а сам я газету на выхадзе не бачыў. Я кожны нумар чакаў з вялікім хваляваннем. Заўсёды раненька ішоў на почту, каб паглядзець, ці ўсё у парадку з газетай, перш чым яна пойдзе да чытача, бо памылкі праскоквалі.
У 90-я гады пачаўся новы этап у развіцці раённай газеты: рэдакцыя перайшла на камп’ютарны набор і вёрстку газетных палос.
– Камп’ютарызацыя была не проста тэхнічным абнаўленнем, – успамінае Яўген Уладзіміравіч. – Гэта быў сапраўдны пералом у нашым мысленні. Мы вучыліся думаць па‑новаму, выкарыстоўваць новыя магчымасці, забяспечваць вышэйшую якасць выдання. Але пры гэтым захоўвалі нашы традыцыі, нашу сувязь з чытачом, нашу адказнасць за кожны напісаны радок. У 1991 годзе раённае выданне было перайменавана ў “Бераставіцкую газету”, а з 1997 года стала выходзіць большым аб’емам – на 8 старонках два разы на тыдзень. Газета неаднаразова займала прызавыя месцы ў абласных і рэспубліканскіх конкурсах і спаборніцтвах, вось толькі шкада, што да “Залатой Літары” мы так і не дайшлі.
След у душы
У 2010 годзе Яўген Болбат выйшаў на заслужаны адпачынак. Але і сёння ён у курсе рэдакцыйных спраў, пільна сочыць за ўсімі нашымі публікацыямі як у друкаванай газеце, так і на інтэрнет-сайце і ў сацыяльных сетках. І заўсёды можа даць дзельную параду: і па тэматыцы матэрыялаў, і па афармленні палос, і па спосабах узаемадзеяння з чытачамі.

– Мне падабаецца аператыўнасць газеты ў інтэрнеце, – кажа былы галоўны рэдактар. – А вось роднай мовы на старонках раённай газеты вельмі не хапае, тым больш, што раней яна ў нас была поўнасцю беларускамоўнай.
Яўген Уладзіміравіч часта завітвае ў рэдакцыю. Кожны яго прыход – гэта не проста сустрэча, а сапраўдны майстар‑клас для маладых журналістаў. Ён дзеліцца сваім багатым вопытам, успамінае цікавыя гісторыі з мінулых гадоў, дае парады, як знаходзіць крыніцы інфармацыі і будуваць дыялог з героямі матэрыялаў.
З вялікай радасцю рэдакцыя “Бераставіцкай газеты” ўспрыняла прысваенне Яўгену Болбату ў 2024 годзе звання “Ганаровы грамадзян Бераставіцкага раёна”. Гэта ўзнагарода стала не толькі прызнаннем яго шматгадовай працы на карысць раёна, але і адзнакай работы ўсёй рэдакцыі, бо Яўген Уладзіміравіч ніколі не аддзяляў сябе ад калектыву.
– “Бераставіцкая газета” – гэта ўсё маё жыццё, – падкрэслівае Яўген Болбат. – Тут прайшло маё станаўленне як кіраўніка і як чалавека. Кожны нумар, кожны напісаны радок, кожная сустрэча – усё гэта пакінула след у маёй душы. Часта гавораць, што газета жыве адзін дзень, але я лічу, што гэты выраз нясправядлівы нават як метафара: сілу газетнага слова цяжка вымераць. Калі нумар пакідае след у сэрцы чытача, значыць, мы працавалі не дарэмна.