Юбілеі. З жаданнем пазнаць таямніцы гісторыі

Из истории земли Берестовицкой Культура Лента новостей Общество

12 студзеня адзначаецца 80-годдзе з дня нараджэння бераставіцкага краязнаўцы Мікалая Пацэнкі.

Член Саюза журналістаў Беларусі, лаўрэат спецыяльнай прэміі “За духоўнае адраджэнне” Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, лаўрэат прэміі ў галіне літаратуры і журналістыкі Беларускага прафсаюза работнікаў культуры, рэдактар-укладальнік кнігі “Памяць. Бераставіцкі раён”, Ганаровы грамадзянін Бераставіцкага раёна Мікалай Іванавіч Пацэнка пайшоў з жыцця амаль чатыры гады таму. Ён мог бы яшчэ жыць і прыносіць карысць у справе краязнаўства – той справе, якую ён любіў і якая стала для яго лёсавызначальнай. Мы маглі б зусім інакш адзначыць юбілей нашага таленавітага земляка. Аднак жыццё падчас ўносіць свае карэктывы, нярэдка несправядлівыя. Тым не менш, мы памятаем пра Мікалая Іванавіча і цэнім яго вялікі ўнёсак у вывучэнне гісторыі роднага краю. Сёння мы даем слова самому аўтару і друкуем ўрыўкі з яго аўтабіяграфіі – успаміны, якія датычацца дзяцінства і юнацтва. Зацікаўленасць Мікалая Пацэнкі краязнаўствам менавіта адтуль, і яна заканамерная. Лёсам выпала яму вучыцца ў школе ў Алеся Белакоза, вядомага педагога і краязнаўцы, стваральніка музея ў Гудзевічах Мастоўскага раёна, адкуль родам Мікалай Іванавіч, у БДУ – у выкладчыкаў, вядомых пісьменнікаў Ніла Гілевіча, Алега Лойкі, Івана Навуменкі. Пакінула свой адбітак знаёмства з Васілём Быкавым, з паэтамі Казімірам Камейшам, Міколам Чарняўскім, Міколам Маляўкам, Міхасём Губернатаравым, Анатолем Сербантовічам. Сустрэчы з цікавымі людзьмі падчас работы на раённым радыё, у газеце, камсамоле, райкоме партыі… Усё гэта спрыяла жаданню краязнаўцы пазнаць усе таямніцы гісторыі.

Нарадзіўся на Шчодрую каляду

“Нарадзіўся я ў 1944 годзе ў халодную студзеньскую ноч, на “багатую” – ці як яшчэ ў нас яе называлі “шчодрую каляду” ці “Васілёвую каляду”. Факт майго паяўлення  на “свет божы”  запісалі ў царкоўнай кнізе Гудзевіцкай праваслаўнай царквы значна пазней, бо ў студзеньскія марозныя дні не спяшаліся везці крыклівае немаўлятка да царквы, каб ахрысціць мяне па ўсіх рэлігійных правілах. А калі павезлі, маці дала кумам цвёрды наказ: запісаць дзень нараджэння не 13 студзеня, а 12 (каб шанцавала ў жыцці) і назваць мяне Васілём – у гонар усё той жа “Васілёвай каляды”.  Але ці то мае хросныя выпілі лішку перад дарогай – да царквы было амаль пяць вёрст, ці па цнатлівай маладосці, кумы зрабілі па-свойму – назвалі свяшчэнніку чамусьці імя Мікалай.

У сям”і я быў першынцам. Можа таму ў маленстве я атрымліваў больш ласкі і пяшчоты ад бацькоў і бабулі з дзедам. Затое падлеткам на мяне выпала  працы і заняткаў па дому больш, чым  малодшым. Даводзілася нянчыць браціка і сястрычак, як і многім маім равеснікам – пасвіць жывёлу: кароў, свіней і авечак, а ў класе дзявятым – і калгасных коней.

Школьнымі сцяжынкамі

Памятаю, як у першым класе, адыходзячы на зімовыя канікулы, настаўніца прапанавала лепшым вучням, якія ўжо асілілі тэхніку чытання, узяць тоненькія кніжкі з беларускімі народнымі казкамі. Мне дасталася кніжка невялічкага фармату з прыгожымі каляровымі ілюстрацыямі, якая называлася “Каток – залаты лабок”. Я бег дамоў напрасткі, па  вялізных снежных гурбах, радуючыся, што і я трапіў у лік лепшых, каму выдалі кніжкі для чытання…

Успамінаецца і Кастрычніцкае свята 1953 года, калі нас прымалі ў піянеры. Мы хорам давалі ўрачыстае абяцанне горача любіць Радзіму і дзеля яе баць гатовымі на добрыя справы і гераічныя ўчынкі. Я памятаю, як перахапіла дыханне ад хвалявання, калі наша першая настаўніца Фаіна Паўлаўна Коўш (Франкова) павязала мне чырвоны гальштук.

У 1961 годзе на сціплым выпускным вечары, які праходзіў у аднам з класаў школьнага будынка, нам уручалі “атэстаты” сталасці. На вечары не гучаў духавы аркестр, не было бацькоў выпускнікоў – не было тады яшчэ такой традыцыі ў школе – і толькі мясцовы вясковы музыкант-самавучка дзядзька Коля – бацька аднаго нашага аднакласніка – іграў нешта накшталт марша на старэнькім гармоніку. А потым мы танцавалі ў суседнім пакоі пад гукі школьнай радыёлы ўперамежку з полькамі і вальсамі дзядзі Колі.

Не сказаць, каб нам было надта весела, хутчэй настрой быў усцішна-журботны ад раставання са школай, з настаўнікамі,  аднакласнікамі і аднакласніцамі, з якімі ніхто з хлопцаў ні разу так і не пацалаваўся, хаця некаторыя і сімпатызавалі адзін аднаму, але праводзіць дамоў пасля школьных вечароў неяк саромеліся. А яшчэ  было трывожна і ад таго, што нас чакае ў будучым? Куды паступаць і кім быць? Мой настанік беларускай мовы і літаратуры Гудзевіцкай СШ Алесь Мікалаевіч Белакоз раіў мне паступаць на філалагічны факультэт Гродзенскага педінстытута імя Я. Купалы або на філфак БДУ імя Леніна. Я паступіў у Беларускі дзяржаўны ўніверсітет.

Студэнцкая сям’я

Цудоўныя гады вучобы… Казімір Камейша – вядомы цяпер паэт і празаік, Сяргей Судніковіч – журналіст, Эдуард Зубрыцкі – паэт і празаік, Рыгор Семашкевіч – паэт, празаік і навуковец і Уладзімір Навумовіч –пісьменнік, навуковец і грамадскі дзеяч. Такой вось сям’ёй жылі мы ў цеснаватым пакойчыку студэнцкага інтэрната па вуліцы Свярдлова.

Успамінаецца многае… Напрыклад, як у студэнцкім пакоі нараджаліся вершы майго аднакурсніка Рыгора Семашкевіча. Нараджаліся яны без паспешлівасці, раздумліва… Напэўна, мала калі быў адразу канчатковы варыянт. Мне быў вельмі блізкі па свайму зместу і філасофскай думцы яго біяграфічны верш, у якім былі радкі:                

 А я з сорак пятага,    

А я з сорак пятага,

Равеснік дня Перамогі

І выбуху першага атамнага…

…Развіталіся мы з універсітэтам у чэрвені 1966 года. Але з аднакурснікамі мы працягвалі сустракацца і ў Мінску, і ў родных нашых вёсках, і на старонках часопісаў і кніг. Па-новаму загучала паэтычна-літаратурнае слова Р.Семашкевіча ў сатырычнай аповесці “Бацька ў калаўроце”. З гумарам глянуў мой аднакурснік на тое, што добра ведаў сам: на жыццё студэнтаў і аспірантаў, на розныя аспекты іх жыццёвых адносін. Чытаючы гэту аповесць, мне здаецца, што я бачу ў ёй і сваю прысутнасць. Шмат чаго прыгадваецца, калі чытаю старонкі аб студэнцкай дыялекталагічнай экспедыцыі. Хутчэй за ўсё аўтар меў на ўвазе тую самую экспедыцыю на Лагойшчыну, у якой разам з Р.Семашкевічам, К.Камейшам і іншымі аднакурснікамі давялося быць і мне ў чэрвені 1963 года.

“Прафесар”

Многія з маіх аднакурснікаў падпрацоўвалі пакрыху ў розных рэдакцыях. Канечне, тыя, што мелі здольнасці. За надрукаваныя творы літаратурныя часопісы “Маладосць”, “Полымя”, “Нёман”, ды і грамадска-палітычны часопіс “Беларусь” плацілі неблагі па тым часе ганарар. Ну, напрыклад, за верш у 30 радкоў ганарар з “Полымя” раўняўся месячнай студэнцкай стыпендыі, а друкавалі хлопцы і па 100 радкаў і болей.

Іншыя хлопцы жылі тым, што ад рэдакцыі атрамлівалі розныя заданні на журналісцкую тэматыку. Так, мой добры сябра Генадзь Дзмітрыеў супрацоўнічаў з рэдакцыяй радыёвяшчання для беларусаў за мяжой, у якой праацаваў наш “вячэрнік” Мікола Чарняўскі. Дык вось, Генадзю было дадзена заданне запісаць інтэрв’ю з прафесарам-юбілярам з палітэхнічнага інстытута. Прафесар сустрэў маладога журналіста з павагай, пачаставаў нават кавай, якая была тады нават у Мінску ў вялікім дэфіцыце, і грунтоўна адказаў на ўсе яго пытанні.

 Усё было б добра, але ў інтэрнаце, праслухаўшы запіс, Генадзь схапіўся за галаву: прафесарскі бас перамяжоўваўся з трэскам, піскам і гудзеннем. І было ад чаго: па-першае Генадзь губляў даволі-такі правабны ганарар, па-другое – ён падводзіў рэдактара.

Убачыўшы перажыванне небаракі, я прапанаваў яму свае паслугі: “Прафесар, як дарэчы, і я, кепска прамаўляў літару “эр”, як кажуць – грасіраваў. Мабыць, я з ім адной французскай пароды. Дык давай я хоць хвілін дзесяць пабуду прафесарам. З маёй сялянскай радаслоўнай наўрад ці ўдасца стаць вялікім вучоным, а тут такая магчымасць…”

Генадзь учапіўся з радасцю за маю прапанову. Ён перапісаў з магнітнай стужкі на паперу слова ў слова прафесарскае інтэрв’ю, якое я з вялікай ахвотай і эмацыянальнасцю зачытаў у нашым студэнцкім пакойчыку.

Як потым расказваў мне мой сябра, у рэдакцыі інтэрв’ю прынялі “на ўра”. Ніхто не тое, што заўважыць, але і падумаць не мог пра падман… Хутка аб гэтым стала вядома і аднакурснікам, пасля чаго я і атрымаў ад іх ганаровае і жартаўлівае званне “прафесар”, з якім я і дайшоў да канца свайго студэнцкага жыцця. Дарэчы, аб гэтым нашым штукарстве распавядаў Генадзь Дзмітрыеў ў сваёй кніжцы “На скразняках лёсу”.

Вершаваныя радкі ад Рыгора Барадуліна

У ліпені 1977 года на Гродзеншчыне праходзілі Дні беларускай літаратуры. У групу, шлях якой пралягаў праз Бераставіччыну, уваходзілі Васіль Быкаў, Рыгор Барадулін, Яўгенія Янішчыц, Валянцін Блакіт, а таксама празаік Павел Місько і літаратуразнаўца, прафесар Гродзенскага педагагічнага інстытута імя Янкі Купалы Аляксей Пяткевіч. Апошні дзень знаходжання пісьменнікаў на Бераставіччыне закончыўся вялікім літаратурным вечарам з выступленнем паэтаў. Менавіта тады Рыгор Барадулін прачытаў верш пра Вялікую Бераставіцу. Дарэчы, гэтым вершам адкрываецца кніга “Памяць” Бераставіцкага раёна. Ён быў надрукаваны і ў часопісе “Маладосць”. А бераставічанам, якія прысутнічалі на вечары, надта ж да спадобы прыйшліся два радкі:

       Частуе так Бераставіца –

       Паўгода будзеш піць ваду.

Падрыхтавала СВЯТЛАНА ГАНЧАРОВА

Фота з архіва БГ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *