Чалавек на сваім месцы

Лента новостей Человек и его дело

IMG_0004Ва ўсіх працоўных калектывах ёсць людзі, уклад якіх у агульную справу на першы погляд непрыкметны, але вельмі важны. Вось і на Бераставіцкай птушкафабрыцы мне параілі напісаць пра жанчыну, якая адпрацавала на сваёй пасадзе 17 гадоў і зараз сустракае юбілей. Дарэчы, “слабога полу” тут нямала, магчыма таму, што вясковыя карані прымушаюць займацца тым, што ведаеш з дзяцінства. На кожным падворку раней былі жвавыя курачкі, радавалі гаспадынь свежымі яйкамі.
Пра загадчыцу яйкасклада Людмілу Яхімчык (на здымку ў цэнтры) расказалі, што вылучаецца яна бездакорнай работай, а таксама ўмее арганізаваць і згуртаваць жанчын, што працуюць з ёю побач, і стварыць там па-сапраўднаму прыемны мікраклімат. А гэта вельмі важна для таго, каб калектыў працаваў рытмічна і стабільна.
Людміла Рыгораўна нарадзілася на Бераставіччыне ў вёсцы Рудаўляны, закончыла кулінарнае вучылішча ў Баранавічах. Працавала ў райспажыўтаварыстве, а потым пайшла на птушкафабрыку. Гаворыць, што прыйшла сюды даволі выпадкова, але прыжылася добра. Абавязкаў у загадчыка яйкасклада шмат — гэта належнае афармленне дакументацыі, кантроль і непасрэдны ўдзел у прыёме далікатнай прадукцыі, яе сартаванні і адпраўцы далей, у гандлёвую сетку. Участак адказны, тут відаць вынік працы многіх людзей. Вельмі задаволена загадчыца сваім дружным жаночым калектывам, які называе ласкава “дзяўчаты”. Яны і сапраўды прыгожыя, рухавыя, увішныя. Тут пануе цёплая атмасфера, а “горы” яек уражваюць, ад іх літаральна разбягаюцца вочы. Усю гэтую прадукцыю тут раздзяляюць на гатункі з адпаведнымі назвамі: “дыета вышэйшай катэгорыі”, “дыета адборная”. Самыя свежыя і вялікія яйкі – гэта, безумоўна, вышэйшай катэгорыі. Улічваючы, што і цана на яйкі адносна невысокая, у параўнанні з іншымі харчовымі таварамі, попыт на іх заўсёды ёсць.
— Работа ў нас няпростая, — расказвае Людміла Рыгораўна. — Наша прадукцыя хутка псуецца, таму імкнемся працаваць без затрымак. Штампоўка, сартаванне патрабуе шмат дасціпнасці і часу, ды і падносіць яйкі трэба ўручную, напрыклад, да транспарцёра, які грузіць іх у машыну.
Рукі на такім участку работ трэба мець залатыя. Кожная ж жанчына памятае, як яйка дома на кухні раптам зусім нечакана “выслізне” з рук і паб’ецца. А тут жа вялікая вытворчасць, канвеер, сапраўдны няспынны штодзённы паток карыснай і запатрабаванай прадукцыі, без якой немагчыма ўявіць ні будзённы, ні святочны стол, а таксама шматлікія смачныя кулінарныя вырабы.
— А што Вы любіце рабіць у вольны час? – спыталася я на заканчэнне нашай нядоўгай гутаркі. – Мусіць, гатаваць? І напэўна, нешта з яйкамі?
— Не, — усміхнулася субяседніца. — Я іх на працы столькі бачу, што дома да іх асаблівай ахвоты ўжо і няма. Ды і “за агародам” каля дома вольнага часу не так ўжо шмат. Адпачынак у мяне звычайны, такі ж, як і ў многіх. Напрыклад, тэлевізар люблю глядзець…
Юбілей прынясе жанчыне не толькі маральнае задавальненне ад добра выкананай работы, але і радасць ад таго, што ў сям’і ўсё добра. Дзеці атрымалі вышэйшую адукацыю, ужо самастойныя. Дачка працуе педагогам, а сын аграномам.
Ніна Наддэ, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *