31 мая вернікі парафіі Перамянення Пана ў Вялікай Бераставіцы адзначылі ўрачыстасць Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста, якую ў народзе звычайна называюць святам Божага Цела.
Пасля вячэрняй святой Імшы урачыстай працэсіяй яны прайшлі вуліцамі гарадскога пасёлка, у час якой святар а. Вальдэмар Слота нёс сапраўднае Цела Хрыста ў выглядзе Эўхарыстычнага Хлеба.
Наперадзе працэсіі ў белым адзенні ішлі дзеці, якія сёлета ўпершыню прынялі ў сваё сэрца Езуса ў час першай Камуніі.
Працэсія спынялася каля чатырох спецыяльна падрыхтаваных і ўпрыгожаных кветкамі алтароў, дзе святар чытаў урыўкі з Евагелля і благаслаўляў парафіян Найсвяцейшым Сакрамэнтам у манстранцыі.
Удзел у эўхарыстычнай працэсіі прынялі шматлікія вернікі, якія сваёй прысутнасцю выказалі не толькі сведчанне сваёй веры, але і веры ў жывую і рэальную прысутнасць Езуса Хрыста ў Найсвяцейшым Сакрамэнце.
Ірына МІКЛАШ, фота аўтара