Канстытуцыя: ведаць і выконваць

Лента новостей

Канстытуцыя – галоўны закон любой краіны, які рэгулюе ўзаемаадносіны грамадзяніна і дзяржавы, з’яўляецца фундаментам для развіцця яе прававой сістэмы.
Ведаць свой Асноўны Закон, каб магчы ў неабходным выпадку абараніць свае правы і свабоды, і няўхільна выконваць абавязкі перад дзяржавай, ускладзеныя Канстытуцыяй, павінен кожны з нас. А асабліва маладым людзям, якія пачынаюць свой шлях у самастойнае жыццё, трэба вывучаць правы і гарантыі, якія дае ім дзяржава, знаёміцца з адказнасцю, якую нясе кожны грамадзянін. Выхаванне павагі да галоўнага дакумента сваёй краіны з’яўляецца адным з накірункаў ідэйна — патрыятычнага выхавання моладзі. Таму напярэдадні Дня Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь праводзіцца Усебеларуская акцыя Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі “Мы – грамадзяне Беларусі!”, якая яшчэ раз падкрэслівае, што быць грамадзянінам сваёй краіны – вялікі гонар і адказнасць як перад дзяржавай, так і перад самім сабой. Мерапрыемствы акцыі праходзяць і ў навучальных установах нашага раёна. Як расказала намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце гімназіі аг.Пагранічны Гражына Некала, у іх навучальнай установе да Дня Канстытуцыі рыхтуецца правядзенне адзінай інфармацыйнай гадзіны, пройдзе ўрачыстая лінейка, на якой маладым людзям, якім споўнілася 16 гадоў, будзе ўручана кніга “Я – грамадзянін Рэспублікі Беларусь!”. А яшчэ члены БРСМ рыхтуюць віктарыну “Ці ведаеш ты Асноўны Закон сваёй краіны?”, менавіта за гэтым я застала адзінаццацікласнікаў Віктара Папкевіча, Інгу Луконіну, Арцёма Жолнера і маладога настаўніка замежнай мовы Ілью Запасніка (на здымку).
Дзень Канстытуцыі напамінае нам аб тым, што неабходна фарміраваць канстытуцыйную культуру грамадства, каб кожны грамадзянін з павагай адносіўся да Асноўнага Закона сваёй краіны, да замацаваных у ім нормаў і прынцыпаў, кіраваўся імі ў паўсядзённай дзейнасці, строга і няўхільна выконваў іх.
Ірына МІКЛАШ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *