Без павагі да традыцый старэйшага пакалення нельга стаць сапраўдным грамадзянінам сваёй краіны. Менавіта таму адным з прыярытэтных накірункаў выхавання ў выхавальна-аздараўленчай установе адукацыі “Дружба” Вялікабераставіцкай сярэдняй школы з’яўляецца знаёмства з гістарычным мінулым нашай Радзімы і традыцыямі сучаснасці.
«Кросны», «лапці», «дыван», «карункі», «абрус» – словы, вядомыя для людзей старэйшага ўзросту. Са значэннем гэтых слоў і са старажытнымі традыцыямі беларусаў пазнаёміліся дзеці аздараўленчага лагера.
Разглядаючы часовую выставу “Заняткі нашых продкаў”, выхаванцы змаглі патрымаць у руках экспанаты, якім больш за 60 год. Хлопчыкі і дзяўчынкі здзівіліся, што раней многія беларусы хадзілі ў лапцях, насілі саматканае адзенне, упрыгожвалі хаты дыванамі, ходнікамі, фіранкамі, сурвэткамі, вышытымі ручнікамі. Хлопчыкаў уразіў пояс даўжынёй тры метры, якім падвязвалі кашулю дарослыя мужчыны. Дзяўчынкам захацелася назбіраць суніц у прыгожыя невялічкія самаробныя кошыкі і навучыцца вязаць карункі.
Пасля наведвання выставы многія дзеці жадаюць убачыць на свае вочы кросны і паспрабаваць выткаць на іх дыван. Дакрануўшыся да экспанатаў, разгледзеўшы прыгожыя ўзоры, дзеці задалі шмат пытанняў і зразумелі, што ўмелі рабіць нашы продкі сваімі рукамі.
Люцыя Жыўлюк, старшая важатая выхавальна-аздараўленчай установы адукацыі “Дружба”