«Вуліцы герояў». Салдаты Арловы. Мужныя абаронцы Айчыны

Беларусь помнит Вуліцы герояў Лента новостей Общество Проекты

У вёсцы Цецяроўка Ваўкавыскага павета Гродзенскай губерні ў 1878 годзе нарадзіўся Фёдар Міхайлавіч Арлоў (Цівунчык) – савецкі ваеначальнік, палкоўнік, удзельнік чатырох войнаў: руска-японскай, Першай сусветнай, грамадзянскай у Расіі і Вялікай Айчыннай. Імем сям’і Цівунчык-Арловых сёння названа вуліца ў аграгарадку Пагранічны.

Да рэвалюцыі

Фёдар Міхайлавіч з сям’і селяніна-бедняка. Да 1899 года парабкаваў у памешчыкаў і працаваў чорнарабочым на чыгунцы. У 1899 годзе быў прызваны на сапраўдную ваенную службу ва Уланскі Яе Вялікасці лейб-гвардыі полк у Новы Пецяргоф.

У 1900 годзе скончыў вучэбную каманду палка і стаў унтэр-афіцэрам. Прымаў удзел у Руска-японскай вайне, затым у Першай сусветнай. У 1903 годзе Фёдар Міхайлавіч ажаніўся з Марыяй Іосіфаўнай Арловай, якая нарадзіла яму трох сыноў і дачку. Пасля службы ў царскай арміі застаўся працаваць ў Петраградзе. У сувязі з тым, што блізкія сваякі засталіся на тэрыторыі Польшчы, змяніў прозвішча Цівунчык на Арлоў.

Савецкі час

Сям’я Арловых. Злева направа: Уладзімір, Марыя Іосіфаўна,
Фёдар Міхайлавіч. стаяць: Васілій, Яўген і Марыя

Фёдар Арлоў

З пачаткам рэвалюцыі былы унтэр-афіцэр стаў камандзірам Выбаргскага атрада чырвона-гвардзейцаў, удзельнічаў у штурме Зімняга палаца, галасаваў за першы Дэкрэт Савецкай Рэспублікі аб Міры. Быў накіраваны на Паўночны Каўказ для арганізацыі чырвонагвардзейскіх і парты-занскіх атрадаў. Вясной 1918 года Арлоў быў назначаны камісарам Кубанскага войска, удзельнічаў ў барацьбе з контррэвалюцыяй на Кубані, абараняў Царыцын, вызваляў Крым. За баявыя заслугі і подзвігі ён неаднаразова ўзнагароджваўся каштоўнымі падарункамі, у тым ліку — залатым імянным партсігарам. У 1920 годзе Фёдар Арлоў быў узнагароджаны першым ордэнам Чырвонага Сцяга. Ён быў паплечнікам Міхаіла Фрунзэ ў баях супраць Врангеля. За заслугі перад Айчынай Фрунзэ ўзнагародзіў Фёдара Міхайлавіча ганаровай зброяй – залатой імянной шашкай.

Воля да жыцця

Марыя Арлова

У 20-я гады вялікая сям’я Арловых пераязджае ў Ленінград і паўстае пытанне аб залічэнні Фёдара Арлова ў ваенную акадэмію. Аднак у самы адказны момант далі аб сабе знаць 24 раненні і тры кантузіі мінулых ваенных гадоў. Арлова паралізавала і з 1924 года ён быў прыкаваны да ложка. Ніякіх надзей на выздараўленне не было. Усё ж Марыя Іосіфаўна прымусіла яго паверыць у сябе і зрабіць першы крок. І здарылася немагчымае. Праз сем гадоў Фёдар Міхайлавіч устаў на ногі. У 1935 годзе камдзіва зваліла чарговая хвароба – інсульт.

І яшчэ тры гады ён быў прыкаваны да ложка. А ў 1938 годзе яго, камандарма 2-га рангу запасу, па стану здароўя звальняюць з радоў Чырвонай Арміі.

“… Если понадобится, то мы и жизнь отдадим”

Калі ў чэрвені 1941 года на Савецкі Саюз напалі фашысты, старшыні Савета народных камісараў таварышу Молатаву і Народнаму камісару абароны таварышу Цімашэнка ад Фёдара Міхайлавіча Арлова паступіла заява, ў якой гаварылася: «Вы меня хорошо знаете по боевой работе в Красной Армии в дни гражданской войны. Теперь я уже вступаю в ряды Красной Армии не один, а со своей семьей. Нас

5 человек и нам враг не страшен. Если понадобится, то мы и жизнь отдадим, но врага победим. Я как патриот своей Родины прошу удовлетворить мою просьбу, ибо я буду нервничать и болеть, что не смогу отдать свою кровь и жизнь на разгром врагов нашей необъятной Родины».

У чэрвені 1941 года Фёдар Міхайлавіч з’явіўся на мабілізацыйны пункт народнага апалчэння, але атрымаў адмову, яму было ўжо 63 гады. Аднак пасля настойлівых просьбаў быў запісаны ў апалчэнцы радавым. Пазней камандаваў ротай, разведвальным батальёнам 6-й дывізіі народнага апалчэння. Удзельнічаў у арганізацыі збору і паўторнага фарміравання 160-й стралковай дывізіі, якую ўзначаліў 25 кастрычніка 1941 года.

Удзельнічаў у баях пад Ельняй, у бітве за Маскву. 29 студзеня 1942 года ў раёне населенага пункта Грыдзенкі Калужскай вобласці Арлоў у выніку налёту нямецкай авіяцыі атрымаў дваццаць пятае па ліку раненне. Але ўжо ў жніўні 1942 года зноў вярнуўся ў войска і толькі ў 1946 годзе быў звольнены з ваеннай службы ў званні палкоўніка. За ўмелае камандаванне, праяўленую мужнасць падчас Вялікай Айчыннай вайны быў узнагароджаны двума ордэнамі Чырвонага Сцяга (1942, 1944 г.) і ордэнам Айчыннай вайны (1943 г.). Памёр Фёдар Міхайлавіч Арлоў у 1953 годзе.  Пахаваны на Новадзевічых могілках у Маскве.

Шлях прайшла разам

Разам з мужам прайшла ўвесь яго службовы шлях Марыя Іосіфаўна Арлова. Жанчына ў 1944 годзе была ініцыятарам пабудовы на сродкі сям’і Арловых танка Т-34. Танк атрымаў назву «Маці-Радзіма». На гэта пайшлі ўсе зберажэнні, у тым ліку залаты партсігар – імянная ўзнагарода Фёдара Міхайлавіча. На просьбу Марыі Іосіфаўны баявая машына была накіравана ў часць, дзе служыў яе малодшы сын Васіль. Камандаванню корпуса Арлова напісала: “Прыміце ад мяне, старой рускай жанчыны, у падарунак баявую машыну Т-34. Перадайце яе лепшаму экіпажу і няхай ён без жаласці граміць ворага”. У пісьме на імя Марыі Іосіфаўны танкісты экіпажа танка далі клятву апраўдаць давер і стрымалі яе. Экіпаж танка за час вайны знішчыў 17 штук варожай зброі,

9 танкаў, 18 аўтамашын і дзве роты нямецкіх салдатаў і афіцэраў. У 1965 годзе, у гонар 20-годдзя Перамогі, было прынята рашэнне ўстанавіць баявую машыну на пастамент на тэрыторыі палка. А Марыя Арлова з нагоды юбілею была ўзнагароджана ордэнам Айчыннай вайны I ступені.                                                                              

В.Ф. Арлоў

Дарогай бацькі

Дзеці Фёдара Арлова пайшлі дарогай свайго бацькі. З першых дзён вайны – яны ўсе на фронце.

У верасні 1941 года сям’я панесла цяжкую страту: у баях пад Ленінградам паў смерцю храб-рых старэйшы сын Уладзімір. Будучы інжынер, студэнт 4-га курса Ленінградскага тэхнічнага інстытута, Уладзімір стаў дабравольцам народнага апалчэння і абараняў Ленінград.

Вялікі шлях па дарогах вайны прайшоў і Яўген Арлоў. На пачатку вайны Яўген служыў на Далёкім Усходзе. У 1942-м даведаўся аб смерці жонкі і дзяцей у блакадным Ленінградзе. І вырашыў – толькі на фронце зможа адпомсціць ворагам. Капітан, камандзір роты супрацьтанкавай зброі за баявыя заслугі ўзнагароджаны ордэнам Чырвонага Сцягу, дзвюма ордэнамі Айчыннай вайны I ступені, медалямі за ўзяцце Прагі і Берліна.

Дачка Арловых, Марыя, перад вайной скончыла Ваенна-паветраную акадэмію імя Жукоўскага. Цэлы год яна ваявала ў складзе праслаўленага жаночага палка Героя Савецкага Саюза Марыны Раскавай. Іх называлі «начнымі ведзьмамі».

Палкоўнік Васіль Арлоў камандаваў танкавым палком, затым брыгадай. Энергічны, рашучы, любімец танкістаў, ён славіўся адважнымі рэйдамі ў тыл праціўніка. За баявыя подзвігі быў узнагароджаны трыма ордэнамі Чырвонага Сцяга і ордэнам Суворава II ступені. Удзельнічаў у баях пад Ржэвам, на Курскай дузе, у аперацыі «Баграціён». У 28 гадоў Васіль Арлоў камандаваў

6-м гвардзейскім механізаваным корпусам. Яму не давялося дажыць да дня Перамогі. У сакавіку 1945 года корпус Арлова фарсіраваў Одэр і рваўся да Берліну. У жорсткім баі палкоўнік атрымаў смяротнае раненне і праз некалькі дзён памёр. На загад маршала Конева труна з целам героя была дастаўлена ў Маскву, дзе яго пахавалі на Новадзевічых могілках. Пасмяротна Васілю Арлову было нададзена званне Героя Савецкага Саюза. За незвычайную смеласць і рашучасць, уменне тактычна весці баявыя дзеянні Васіль быў узнагароджаны амерыканскім ордэнам Ганаровага легіёну.

Падрыхтавала Святлана ГАНЧАРОВА

Фота з адкрытых крыніц

#УЛИЦЫ_ГЕРОЕВ_ГРОДНЕНЩИНЫ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *