Вялікі пажар у Вялікай Бераставіцы. Старонкі гісторыі

Из истории земли Берестовицкой Лента новостей Общество

У гісторыю Вялікай Бераставіцы ўвайшлі падзеі, якія змянілі воблік мястэчка і лад жыцця яе жыхароў. Адна з іх – вялікі пажар 13 чэрвеня 1873 года. Сёлета спаўняецца 150 гадоў з часу падзеі. Якія ж звесткі нам пакінулі сведкі вялікага пажару Бераставіцы.

Першыя звесткі пра гэта трагічнае здарэнне апублікавала “Газета Варшаўская” ад 24 ліпеня 1873 года. На старонках газеты паведамлялася аб тым, што за першае паўгоддзе сярод 12 пажараў у Гродзенскай губерні самым вялікім быў пажар 13 чэрвеня 1873 года ў мястэчку Вялікая Бераставіца. Агнём пашкоджана каля 120 дамоў з гаспадарчымі пабудовамі. Згарэлі тры рады драўляных крамаў на гандлёвай плошчы з усімі таварамі. Сума шкоды складала 320 000 рублёў.

У Гродзенскім губернскім праўленні будаўнічы аддзел завёў справу “Аб пабудове прыватных дамоў на згарэлай мясцовасці ў Бераставіцы Гродзенскага павета. 22 ліпеня 1873 г.” У адрозненне ад тагачаснага газетнага паведамлення гэтая справа з Гродзенскага гістарычнага архіву найбольш цікавая і падрабязная. На 144 аркушах сабраны прозвішчы ўсіх пагарэльцаў. Большая частка з іх – яўрэі (звыш 100 чалавек), а таксама сяляне і мяшчане. Справу складаюць ведамасці домаўладальнікаў Вялікай Бераставіцы, іх прашэнні, акты агляду, прадпісанні, грамадскія сходы, пастановы і рашэнні. Узгадваецца таксама новы план Вялікай Бераставіцы з новай распланіроўкай вуліц.

Заезны двор у Вялікай Бераставіцы. 1916 г.

Вядома, што да сярэдзіны ХІХ ст. жыхары Вялікай Бераставыіцы валодалі, у асноўным, драўлянымі дамамі. Усе яны знаходзіліся на левай частцы берага ракі Бераставічанкі, бо правы бераг ракі належыў маёнтку Касакоўскіх. Цэнтрам Вялікай Бераставіцы з’яўлялася Рынкавая плошча, напоўненая трыма радамі драўляных лавак з крамамі. На плошчы стаялі таксама два мураваныя будынкі: ратуша і касцёл Звеставання Панны Марыі, які ў 1867 г. быў пераасвечаны ў царкву Спаса Нерукатворнага. Плошча давала пачатак шасці асноўным вуліцам Вялікай Бераставіцы: Гродзенскай, Свіслацкай, Беластоцкай, Луненскай, Ваўкавыскай і Пробашчаўскай. Жыхарамі гэтых вуліц былі, у асноўным, яўрэі.

Пажар пачаўся каля дамоў ад маста паміж вуліцамі Свіслацкая і Гродзенская. Тут трэба ўдакладніць, што тагачасная вуліца Свіслацкая ішла паралельна вуліцы Гродзенскай (зараз Леніна) і заканчвалася за ратушай завулкам Свіслацкім (зараз і вуліца, і завулак Свіслацкія забудаваны дамамі). Пасля пажару 1873 г. Свіслацкая вуліца была перанесена на новую вуліцу, якая зараз называецца Калініна.

А першымі пагарэльцамі сталі сяляне з вуліцы Свіслацкая (15 прозвішчаў) і яўрэі з вуліцы Гродзенская (21 прозвішча), у якіх пашкоджаны агнём дамы, хлявы, склепы, агароды.

Потым полымя ахапіла гандёвыя рады на Рынкавай плошчы, якую акрэслівае на заходнім баку Гродзенская вуліца. Згарэлі 24 лаўкі ў трох радах з крамамі і таварам. Усе гэтыя лаўкі належылі яўрэям, якія пражывалі на Луненскай вуліцы (зараз Дзяржынскага). Гэта Давід Рубіновіч, Лейба Эткін, Шліома Рабінаў, Вольф Марголіч.

Далей, з плошчы пажар меў два накірункі: усходні – з пагарэльцамі на вуліцах Луненская (9 прозвішчаў) і Ваўкавыская (29 прозвішчаў), і заходні – з пагарэльцамі на вуліцы Беластоцкая (21 прозвішча). Полымя дайшло да завулка Луненскага (зараз не існуе – забудаваны дамамі) і спынена каля вуліцы Мухаўской (зараз Партызанская), на якой дамы засталіся цэлыя. Таксама пажар спынены на вуліцы Пробашчаўскай (зараз Чкалава), дзе ўцалелі два малітоўных дамы яўрэяў.

Агульная колькасць прозвішчаў людзей, пацярпелых ад пажару па ведамасцях, – 147 чалавек, з іх 113 яўрэяў. Загінулых падчас пажару не было.

Пра пашкоджаную маёмасць можна сказаць наступнае: на Ваўкавыскай вуліцы (зараз Чырвонаармейская) згарэлі два яўрэйскія малітоўныя дамы, прыватныя заезныя дамы Зоінк Эмра і ўдавы Іосімавай, дамы Марціна Верпахоўскага, Іцкі Цікціна. Гэтыя ўсе драўляныя будынкі стаялі на левым баку вуліцы Ваўкавыская. На вуліцы Беластоцкая (зараз Савецкая) згарэла толькі частка прыватных дамоў. Жыхары самастойна спынілі пажар, разбіраючы вызначаныя драўляныя пабудовы. Сведчанне гэтаму – прашэнне Меера Грынфільда, жыхара Вялікай Бераставіцы, на імя віцэ-губернатара В. А. Енакіева ад 14 жніўня 1873 г. Меер піша, што яго драўляны дом, да няшчасця ахопленых пажарам суседніх дамоў, быў поўнасцю разабраны для спынення агню. Яўрэй просіць дазвол у віцэ-губернатара будаваць свой дом на старым месцы, дзе захаваўся фундамент са склепам (па вуліцы Беластоцкай). Просіць будаваць дом з дрэва, бо на мураваны дом у яго не хапае грошай. В. А. Енакіеў просьбу М. Грынфільда задаволіў.

Будынкі старога касцёла і былой ратушы засталіся цэлымі. У тагачаснай польскай літаратуры яны лічыліся як гістарычныя помнікі XVIII ст. часоў Аўгуста III Саксонскага. У 1873 г. былі зроблены першыя фотаздымкі гэтых бераставіцкіх помнікаў, якія сёння вядомы па літаграфіях ХІХ ст.

Уцалелі ад пажару ў Вялікай Бераставіцы дамы па вуліцах Пробашчаўская, Мухаўская, Луненская, Падольная (зараз Кастрычніцкая). Для будаўніцтва новых дамоў выдзелены завулкі: Свіслацкі, Луненскі, Пробашчаўскі, Мухаўскі. Апошняя назва звязана з яўрэйскім родам Мухаўскіх – вядомымі майстрамі кавальскай справы. На вуліцы яны трымалі вялікую кузню (не захавалася). Прыкладам іх працы можа быць жалезная ажурная агароджа з касцельнай брамы (ХVІІІ ст.) бераставіцкага касцёла Звеставання Панны Марыі. Фрагмент агароджы зараз экспануецца побач з макетам старога касцёла ў Музеі Вавёркі ў Вялікай Бераставіцы.

Асобная роля па аднаўленні Вялікай Бераставіцы належыла Гродзенскаму павятоваму землямеру Івану Кажэўнікаву, які 18 чэрвеня 1873 г. быў адпраўлены з Гродна ў наша мястэчка для выканання плана згарэлых вуліц. Ён знаходзіўся ў Вялікай Бераставіцы амаль два месяцы. Пражываў у будынку былой ратушы, дзе ў землямерчай канторы вёў пісьмовую вытворчасць па вымярэнню плацаў, складаў новы план Вялікай Бераставіцы ад 1 жніўня 1873 г. Гродзенскі землямер вёў перамовы з А. Краеўскім, кіраўніком маёнтка Касакоўскіх у Вялікай Бераставіцы, на конт выдзялення зямлі гаспадарскай пад новыя вуліцы. Але атрымаў адмову.

Землямер Кажэўнікаў прымаў просьбы бераставічан аб будаўніцтве прыватных дамоў на старых месцах. 12 жніўня 1873 г. гродзенскі землямер склаў “Акт по отводу мест под постройки домов, уничтоженных пожаром… в Великой Берестовице”.  У ім пазначаны вуліцы Ваўкавыская, Свіслацкая, Луненская, завулкі Пробашчаўскі, Свіслацкі, Луненскі. У Акце Іван Кажэўнікаў пазначае: “… Площадь с лавками не застраивать, так как в лавках происходит торговля… Для сообщения Луненской улицы с Волковысской предположили новых проулков не делать и оставить старый. ” (Луненскі завулак). Мястэчка Бераставіца засталося толькі на левым беразе р. Бераставічанка і павялічвалася ў накірунку гарадоў Ваўкавыск, Свіслач і Беласток.

Пасля скадання новага плану Вялікай Бераставіцы землямер Кажэўнікаў вярнуўся ў Гродна са справаздачай губернскаму праўленню. На жаль, 16 лістоў і план Вялікай Бераставіцы гродзенскага землямера Кажэўнікава адсутнічаюць у згаданай вышэй справе з Гродзенскага гістарычнага архіву. Няма магчымасці ўстанавіць прычыну пажару. Але ў гэтым архіве захавалася копія плана Вялікай Бераставіцы, зацверджаная 22 жніўня 1873 г. Гродзенскім губернскім праўленнем. У гэтай копіі маюцца памылкі. Напрыклад, пераменены месцамі праваслаўныя і каталіцкія могілкі (вядомыя зараз на вуліцы Першамайскай). На могілках не пазначаны капліцы. Не маюць назвы намаляваныя вуліцы і завулкі, зменшана колькасць вуліц, вядомая яўрэйская вуліца Мухаўская перанесена з гістарычнага цэнтра на супрацьлеглы край Бераставіцы – каля царквы Св. Мікалая (зараз Камсамольская вуліца) і г. д.

На 1873 год у Вялікай Бераставіцы значылася 12 вуліц і завулкаў з Рынкавай плошчай. У копіі плана іх засталося 9. З гэтага можна зрабіць выснову: у губернскім праўленні працаваў нядобрасумленны работнік.

Бераставіцкая ратуша, 1882 г., дэталь літаграфіі А. Казарскага

Згодна зацверджанаму плану ад 22 жніўня 1873 г. новыя дамы павінны былі быць мураваныя. Але дом з цэглы каштаваў дорага (да 150 рублёў срэбрам). Таму яўрэйскае насельніцтва Вялікай Бераставіцы пісала прашэнні на імя Гродзенскага віцэ-губернатара В. А. Енакіева аб дазволе будаваць новыя дамы з дрэва і на былым месцы. Некаторыя яўрэі дазвол атрымлівалі. Напрыклад, Меер Грынфільд, Іцка Цікцін, Шліома Рабінаў. А жыхар вуліцы Ваўкавыская Марцін Верпахоўскі прасіў у віцэ-губернатара будаваць мураваны дом, замест запланаванага драўлянага. І дазвол атрымаў.

Вялікая Бераставіца аднавілася на працягу 1873-1895 гг. Пасля пажару ў 1873 г. былі зроблены першыя фотаздымкі ацалелых помнікаў архітэктуры Вялікай Бераставіцы: былой ратушы і старажытнага касцёла кармелітаў. Здымак ратушы гравіраваў Адольф Казарскі ў 1882 г. для варшаўскіх часопісаў “Клосы” і “Тыгоднік ілюстраваны”. На фрагменце правага боку літаграфіі мастак захаваў сляды пажару 1873 г. Гэта два згарэлыя дамы яўрэяў на вуліцы Гродзенскай. Адзін з дамоў адноўлены з чырвонай цэглы ў пачатку ХХ ст. Зараз будынак перароблены пад краму “Родны кут” (па вул. Леніна). На месцы другога дома пасля ІІ Сусветнай вайны ўзведзены будынак Дзяржаўнага Банка СССР (зараз “Белаграпрамбанк”) і крама “Прамтавары”.

Крама «Родны кут» на вул. Леніна — былы яўрэйскі дом, 2023 г.

Андрэй ВТАРУШЫН, краязнаўца, супрацоўнік Бераставіцкай раённай бібліятэкі

імя В. М. Кавалеўскага Фота аўтара і з адрытых крыніц



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *