Велікодныя традыцыі. У Бераставіцкім Доме рамёстваў працуе выстава “Вербны кірмаш”

Лента новостей Общество

У Бераставіцкім Доме рамёстваў дзейнічае традыцыйная выстава дэкаратыўна-прыкладной творчасці “Вербны кірмаш”.

Велікодная тэма натхняе на творчасць усіх – ад малога да вялікага. Велікодныя персанажы і сімвалы, атрыбуты і фальклорныя матывы, якія з даўніх часоў выкарыстоўваліся ў народных традыцыях гэтага свята, сёння вельмі папулярныя ў майстроў і рамеснікаў. Велікодныя сувеніры хутка разыходзяцца падчас святочных кірмашоў, паколькі на Вялікдзень прынята адорваць самаробнымі прэзентамі сваякоў і сяброў.

Майстры Бераставіцкага Дома рамёстваў да Вербніцы і Вялікадня падрыхтаваліся загадзя. Ад разнастайнасці сувеніраў ручной работы, прадстаўленых на выставе, разбягаюцца вочы.

Вербачкі, упрыгожаныя саламянымі кветкамі, каласкамі, сухацветамі, іншым прыродным матэрыялам, ужо сталі візітоўкай нашага Дома рамёстваў. Яны карыстаюцца вялікім попытам у бераставічан і з’яўляюцца не проста атрыбутам свята Вербніцы, але і вытанчаным прадметам хатняга інтэр’еру.

Дэкаратыўныя велікодныя яйкі выкананы ў розных стылях. Гэта і традыцыйныя пісанкі, і вышыўка, і саломка, і кераміка.

Саламяныя птушкі, анёлкі, лялькі, кошычкі пад яйкі, керамічныя і тэкстыльныя кураняты і зайцы, выцінанкі, падстаўкі пад гарачае ў стылі дэкупаж, падсвечнікі з гліны і магніцікі, падвескі з вышыўкай, нацыянальным узорам,  а таксама велікодныя кампазіцыі з выкарыстаннем прыроднага матэрыялу – гэта і не толькі створана таленавітымі работнікамі Дома рамёстваў у аўтарскай манеры і з душою.

Дарэчы, 1 красавіка нашы майстры прымуць удзел у фестывалі-кірмашы народных рамёстваў “Гродзенскія традыцыі да свята Вялікадня”. Бераставіцкія вырабы ручной работы карыстаюцца традыцыйным попытам у жыхароў абласнога цэнтра.

Святлана ГАНЧАРОВА, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *