
«Любіць дзяцей і выконваць сваю работу лепш, чым учора, а заўтра лепш, чым сёння» — такі дэвіз Ксеніі Данько, выхавацеля дашкольнай адукацыі, дзіцячага сада аг. Пагранічны.
Ксенія Русланаўна ў 2024 годзе атрымала дыплом з адзнакай Гуманітарнага каледжа УА «Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы». На гэтым педагог не спыніўся, на сённяшні дзень яна з’яўляецца студэнткай 1 курса Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы па спецыяльнасці «Дашкольная адукацыя».

На пытанне «Чаму Вы выбралі прафесію выхавацеля дашкольнай адукацыі?» Ксенія Русланаўна адказала, што ёй вельмі хочацца працаваць з маленькімі дзецьмі, вельмі цікава вывучаць тэмы дзіцячай псіхалогіі, дашкольнай педагогікі, знаёміцца з рознымі методыкамі работы з дзецьмі дашкольнага ўзросту. Ужо ў час вучобы ёй падабалася распрацоўваць дыдактычныя гульні, канспекты заняткаў.
І гэта сапраўды так, з першых дзён працы стала відавочным любоў, замілаванне маладога педагога да малых дзетак, яе зацікаўленасць зрабіць кожнае імгненне знаходжання іх у дзіцячым садку займальным і пазнавальным.
Ва ўстанове адукацыі заўсёды за маладым спецыялістам замацоўваецца педагог-настаўнік. Усе маладыя педагогі ў першыя гады працы спасцігаюць асновы прафесійнага майстэрства ў школе маладога спецыяліста «Шлях да поспеху». Ксенія Русланаўна актыўна асвойвае практычныя навыкі ў дашкольнай педагогіцы пад кіраўніцтвам вопытных калег, напрацоўвала навыкі ўзаемадзеяння з дзецьмі і іх бацькамі. Калі наведваеш заняткі Ксеніі Русланаўны, адзначаеш, што ў яе ёсць вялікі педагагічны і творчы патэнцыял. Гэта спецыяліст, якому падабаецца тое, чым ён займаецца, ён умее не толькі чуць рэкамендацыі, якія даюць старэйшыя калегі, але можа і іншым перадаць свае веды (асабліва датычыцца камп’ютарных тэхналогій).


Маладым педагогам распрацавана і створана ўжо вялікая метадычная скарбонка планаў-канспектаў да заняткаў у розных групах. Ксенія Русланаўна прымае актыўны ўдзел у метадычных мерапрыемствах, аб’яднаннях, конкурсах, дапамагае пры правядзенні свят, забаў, праяўляе пры гэтым ініцыятыву і творчасць. З задавальненнем выконвае ролі розных казачных герояў. Яшчэ малады спецыяліст стала кіраўніком аб’яднання па інтарэсах «Танцавальнае канфеці», бо ў каледжы яна праслухала курс «Асновы рытмікі. Харэаграфія», і гэта таксама ёй было даспадобы. Бацькі ўжо просяць, каб іх дзяцей залічылі на гэты гурток і на новы навучальны год.
Ксеніі Русланаўне ўжо ў першы год работы ўдалося рэалізаваць сябе, развіць асабістыя якасці, камунікатыўныя ўменні, наладзіць эфектыўнае супрацоўніцтва з бацькамі выхаванцаў, выхавацелямі дашкольнай адукацыі. Дзякуючы сваёй мэтанакіраванасці, дыплому з адзнакай праз паўгода малады спецыяліст мела магчымасць атрымаць другую кваліфікацыйную катэгорыю.
Пасля завяршэння навучальнага года ў анкеце малады спецыяліст адзначыла, што ні на хвіліну не пашкадавала аб выбары прафесіі. А калі чалавеку падабаецца яго прафесія, то несумненна будзе і вынік!
Святлана Гаўрылаўна Леваненя, намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці Дзіцячага сада аграгарадка Пагранічны

