Каб адпачыць душой и дакрануцца да сваіх каранёў-вытокаў, не абавязкова ехаць кудысьці далёка. Дастаткова трапіць, напрыклад, у гісторыка-краязнаўчы музейны пакой “Малая радзіма і яго вялікасць Чалавек”, што размясціўся у асобным пакоі Канюхоўскай сярэдняй школы Бераставіцкага раёна. План Іны Уладзіміраўны Лебядзевіч, дырэктара ўстановы адукацыі, па “перасяленні” музейнага пакоя ў школу здзейсніўся: у цяперашні час ён знаходзіцца ў прасторным памяшканні. А пачыналася яго гісторыя з маленькага кутка ў адміністрацыйным будынку аграгарадка Канюхі.
Задума стварыць у нашай школе музейны пакой узнікла даўно, але хутка ажыццявіць яе перашкаджала адсутнасць сродкаў. Дзякуючы падтрымцы кіраўніцтва раёна, плённай працы і натхненню Жвалеўскай Ларысы Дзмітрыеўны, кіраўніка краязнаўчага гуртка “Спадчына”, а цяпер дырэктара музея, Лебядзевіч Іны Уладзіміраўны, дырэктара Канюхоўскай сярэдняй школы, а таксама актыўнаму ўдзелу вучняў і бацькоў, музейны пакой “Малая радзіма і яе вялікасць Чалавек” гасцінна адчыніў дзверы ў лістападзе 2023 года.
Сёння ён стаў не толькі захавальнікам гістарычнай памяці, але і пляцоўкай для зносін, школьным інфармацыйным цэнтрам. Цяпер кожны, хто прыходзіць сюды на экскурсію,з захапленнем знаёміцца з новымі экспанатамі, дакументамі, што звязаны з мінулым нашай мясцовасці.
Матэрыялы для яго на працягу многіх гадоў збіралі педагогі, навучэнцы і жыхары нашай мясцовасці, дзяліліся сваімі знаходкамі. У выніку карпатлівай работы было знойдзена мноства дакументаў, фатаграфій, прадметаў быту, артэфактаў ваеннага часу. Неабыякавым аматарам удалося адшукаць і вярнуць з небыцця багаты матэрыял пра мінулае нашага краю і людзей, якія яго ўславілі.
Цяпер музейны пакой складаецца з шасці раздзелаў. Заўсёды выклікае цікавасць у наведвальнікаў экспазіцыя “Вайна. Перамога. Памяць”, якая знаёміць іх з вядомымі ў нашым краі падпольшчыкамі і партызанамі Вялікай Айчыннай вайны. Ёсць матэрыялы пра ветэранаў вайны, якія ў розныя гады жылі і працаваліў нашым краі, бывалі гасцямі ў школе, прысутнічалі на мітынгах да Дня Перамогі.
На першай частцы стэнда “Партызанам і падпольшчыкам прысвячаецца” размяшчаецца інфармацыя пра дзейнасць Вольгі Іосіфаўны Соламавай, сакратара Гродзенскага падпольнага гаркама камсамола, якая гераічна загінула ў баі з фашысцкімі захопнікамі каля вёскі Жорнаўка Бераставіцкага раёна. Зараз яе імя носіць піянерская дружына нашай установы адукацыі.
На другой палове стэнда “Яны вярнуліся з перамогай” можна ўбачыць фатаграфіі землякоў, якія прайшлі цяжкімі шляхамі Вялікай Айчыннай вайны ў складзе Чырвонай Арміі, партызанскіх атрадаў і падполля. Аб іх подзвігу пераканаўча сведчаць шматлікія баявыя ўзнагароды – баявыя ордэны і медалі.
Стрыжнем любога музея з҆яўляецца гісторыя. Багатая “мясцовая гісторыя” якраз і прадстаўлена на стэндах. У раздзеле “Знакамітыя землякі” экспануюцца фота людзей, якія ўнеслі ўклад у розныя сферы дзейнасці: Пётр Міхайлавіч Купа, паэт; Сторажава Надзея Аляксееўна, заслужаны работнік адукацыі Рэспублікі Беларусь, аўтар “Букваря” для рускіх школ, метадычных дапаможнікаў і зборнікаў вершаў для дзяцей, яе “Букварь”выкарыстоўваўся на працягу многіх гадоў у школахРасіі, Балгарыі, Чэхіі і Славакіі ; Жвалеўскі Валянцін Антонавіч, пісьменнік, журналіст, публіцыст; Шыпіца Аляксандра Фёдараўна, удастоеная звання “Выдатнік аховы здароўя”; Кажанеўскі Алег Часлававіч, навуковец, кандыдат сельскагаспадарчых навук, дацэнт; Жвалеўская Кацярына Антонаўна, заслужаны ўрач БССР і інш.
На стэндзе “З гісторыі мясцовых калгасаў перыяду 1950 – 1990 гг.” можна запазычыць інфармацыю пра гісторыю развіцця калгасаў у розныя гады, а таксама пазнаёміцца з біяграфіяй і дзейнасцю кіраўнікоў гаспадарак. Жывую цікавасць выклікаюць фота землякоў, якія пабывалі ў свой час у Маскве на ВДНГ СССР, дэлегацыі камсамольцаў на з’ездзе камсамола ў Мінску і Маскве. Здымкі расказваюць аб тым, якім быў службовы транспарт старшыні калгаса ў 60-х гадах, як праходзіла свята “Дажынкі” у 1951 годзе, як ладзіліся вясковыя “Вячоркі” і інш.
Асаблівую цікавасць выклікае стэнд “Мамам-гераіням прысвячаецца”. Наведвальнікі змогуць даведацца аб тым, што ў 1944 годзе было ўстаноўлена высокае ганаровае званне “маці-гераіня”. Некаторыя навучэнцы нашай установы адукацыі ганарацца тым, што знаходзяць на фота сваіх прабабуль, узнагароджаных “Медалём мацярынства” і ордэнам “Мацярынская слава”.
Асаблівы каларыт музейнаму пакою надае этнаграфічны куточак, над стварэннем якога пэўны час працуюць энтузіясты музейнай справы Ларыса Дзмітрыеўна Жвалеўская і ўдзельнікі гуртка “Спадчына”. Удзел вучняў у пошуку экспанатаў для музея нясе важны выхаваўчы аспект. Пастаянную цікавасць выклікаюць экспанаты, якія расказваюць аб працы і побыце мясцовых жыхароў. Можна тут пабачыць і нават патрымаць у руках прадметы хатняга ўжытку мінулага стагоддзя, якія калісьці служылі чалавеку для аблягчэння яго бытавых умоў, стваралі ўтульнасць і ўпрыгожвалі жыллё. Гэта, напрыклад, вышыўка, збанкі, бойка, калаўрот, прас, рушнікі, баян і іншыя экзатычныя ўжо для сучасных вучняў рэчы. Многае з таго, што можна ўбачыць у музейным пакоі, створана ўласнымі рукамі вяскоўцаў. Напрыклад, дываны майстроў па ткацтву Кажанеўскай Марыі Балеславаўны і Барцэвіч Алены Адольфаўны. Вабяць сваёй непаўторнасцю аздобленыя карункамі расліннага арнаменту ручнікі вясковых умеліц.
Гісторыя Канюхоўскай школы прадстаўлена калектыўнымі фотаздымкамі вучняў і настаўнікаў розных гадоў. Фота у раздзеле “У лёсе кожнага…школа” расказваюць аб розных баках жыцця школы: занятках, спаборніцтвах, канферэнцыях, спартыўных гульнях. Можна ўбачыць і фотаздымкі дырэктараў школы, якія працавалі ў розныя гады і дзесяцігоддзі, а таксама выпускнікоў, якія абралі педагагічную сцежку і працуюць сёння ва ўстанове адукацыі.
Наш музейны пакой – шматгранны адукацыйны рэсурс, які дае прастору не толькі для вучэбнай, але і для навукова-даследчай дзейнасці. Матэрыялы стэндаў шырока скарыстоўваюцца на тэматычных экскурсіях, а таксама на розных выхаваўчых мерапрыемствах, гуртках і факультатывах. Сапраўды, сёння ён стаў месцам для правядзення цікавых урокаў гісторыі і беларускай літаратуры, сустрэч з вядомымі людзьмі, стымулам для творчай работы навучэнцаў і настаўнікаў.
Наведвальнікі з іншых устаноў раёна, а таксама госці змогуць пазнаёміцца з духоўнай і матэрыяльнай культурай нашых землякоў, гісторыяй нашай мясцовасці. Відавочна, музейны пакой сапраўды можна назваць важным інструментам выхавання маладога пакалення.
У далейшым нас чакае яшчэ велізарная праца ў напрамку выкарыстання інфармацыйных тэхналогій у музейнай дзейнасці. Актуальным для нас з’яўляецца рэгулярнае абнаўленне раздзела “Музейны пакой” на сайце ўстановы адукацыі, электроннай базы музейных прадметаў, калекцыі аудыё- і відэазапісаў, фатаздымкаў, дакументаў.
Мы разумеем складанасць і маштабнасць таго, што запланавана, што яшчэ належыць зрабіць. Гэта работа аб’ёмная і доўгатэрміновая, але яе значнасць натхняе, падтрымлівае і дае сілы.
МАРЫЯ КОЎШЫК, настаўніца рускай мовы і літаратуры Канюхоўскай сярэдняй школы