Справа сапраўдных мужчын

Актуально Лента новостей Общество

У Дзень абаронцаў Айчыны мы традыцыйна віншуем усіх нашых мужчын, кожны з якіх з’яўляецца абаронцам свайго дома, сям’і, родных і блізкіх. Але асаблівыя словы ў гэты дзень адрасуюцца тым, хто выбраў абарону роднай зямлі сваёй прафесійнай дзейнасцю – салдатам і афіцэрам, якія што-дня і кожную гадзіну стаяць на ахове рубяжоў нашай Радзімы, аберагаюць яе суверэнітэт, мірнае і спакойнае жыццё сваіх суайчыннікаў. Гісторыя ўжо неаднаразова даказвала: гарантаваць незалежнасць дзяржавы можа толькі яе здольнасць сябе абараняць, і адзінай надзейнай гарантыяй міру для краіны з’яўляецца яе гатоўнасць заўсёды даць адпор знешняму агрэсару. Таму так важна, каб рады абаронцаў нашай Айчыны папаўняліся годнымі маладымі людзьмі, гатовымі ўзяць у свае рукі адказнасць за лёс нашай Радзімы.

Гонар і годнасць

У адасобленай групе Бераставіцкага раёна ваеннага камісарыята Ваўкавыскага, Бераставіцкага і Свіслацкага раёнаў праводзіцца мэта-накіраваная работа па папярэднім прафесійным адборы юнакоў, якія жадаюць звязаць сваё жыццё з арміяй і паступіць у вышэйшыя навучальныя ўстановы ваеннага профілю. І штогод абітурыенты з нашага раёна паступаюць у ваенныя ВНУ.

– Ваенная служба ганаровая і паважаная, але стаць сапраўдным афіцэрам можа далёка не кожны, – гаворыць начальнік адасобленай групы Анатоль Давыдзенка. – Бо трэба мець не толькі выдатнае здароўе і добрую фізічную форму, але і высокія маральныя якасці, самадысцыпліну і гатоўнасць ахвяраваць сваімі асабістымі інтарэсамі дзеля інтарэсаў сваёй краіны і свайго народа. Таму і адбор юнакоў праводзіцца дастаткова сур’ёзны.

Анатоль Давыдзенка адзначыў, што сёлета ўжо вызначылася чацвёра маладых людзей з нашага раёна, якія будуць спрабаваць свае сілы пры паступленні ў ваенныя ВНУ. А вось дзесяцікласнікі з Малабераставіцкай сярэдняй школы Ягор Журневіч і Мікіта Шаўчэнка яшчэ толькі задумваюцца аб тым, каб выбраць для сябе такі прафесійны шлях. На прафарыентацыйнай сустрэчы маёр Анатоль Давыдзенка падрабязна расказаў ім пра тое, якія патрабаванні прад’яўляюцца да будучых ваенных, і пазнаёміў хлопцаў са сваім прафесійным шляхам. Ён, дарэчы, 13 гадоў праслужыў у 116-й гвардзейскай штурмавой авіяцыйнай базе ў

г.п. Рось, а пасля расфарміравання часці ў 2010 годзе прыйшоў на службу ў Мастоўскі раённы ваенны камісарыят, дзе працаваў начальнікам групы прызыву, пакуль не ўзначаліў адасобленую групу Бераставіцкага раёна.

– На сваім досведзе магу сказаць, што маладыя людзі цяпер разумеюць важнасць і неабходнасць службы ў арміі і гатовыя з гонарам выканаць свой грамадзянскі абавязак, – падкрэслівае Анатоль Давыдзенка.

Падрыхтоўка пачалася

Ягор Журневіч і Мікіта Шаўчэнка таксама пацвярджаюць: армейскай службы яны не баяцца і з усёй адказнасцю да яе рыхтуюцца. У іх ужо пачалася дапрызыўная падрыхтоўка, дзе юнакі вывучаюць азы ваеннай службы, страявую падрыхтоўку, вучацца разбіраць і збіраць зброю, аказваць першую медыцынскую дапамогу. А летам іх чакаюць вучэбна-палявыя зборы, на якіх можна будзе сапраўды акунуцца ў спецыфіку вайсковай службы і адтачыць свае тэарэтычныя веды.

– Мне бацька ўвесь час кажа, што арміі баяцца не трэба, яна робіць з маладых хлопцаў сапраўдных мужчын, таму я нават не думаю пра тое, каб пазбегнуць вайсковай службы, а ўпэўнены, што яна зробіць мяне мацнейшым і мужнейшым, – адзначае Мікіта.

А вось Ягор сур’ёзна настроены менавіта на ваенную прафесію.

– Я ўжо вырашыў, што стану вайскоўцам, але пакуль яшчэ думаю, што выбраць: Ваенную акадэмію ці Інстытут пагранічнай службы, – кажа юнак. – У мяне яшчэ ёсць год, каб дакладна вызначыцца. А зараз я актыўна займаюся спортам, каб палепшыць сваю фізічную форму.

У тым, што ў хлопцаў усё атрымаецца, упэўнена і кіраўнік ваенна-патрыятычнага выхавання Малабераставіцкай сярэдняй школы Вольга Герасюк.

– Задача ўстановы адукацыі – выхаваць сапраўднага грамадзяніна-патрыёта сваёй краіны, – кажа Вольга Вячаславаўна. – Таму ў рамках ваенна-патрыятычнага выхавання разам з кіраўніком дапрызыўнай падрыхтоўкі мы фарміруем у юнакоў маральна-псіхалагічную гатоўнасць да ваеннай службы і ўсведамленне таго, што абарона Айчыны – справа сапраўдных мужчын.

Ірына МІКЛАШ

Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *