Сэрцам маляваў Айчыну. Да 155-годдзя творчай вандроўкі Напалеона Орды па Бераставіччыне

Из истории земли Берестовицкой Культура Лента новостей Общество

Жыццё і творчасць выдатнага беларускага і польскага кампазітара, мастака і пісьменніка Напалеона Орды (1807–1883) – яскравая старонка гісторыі нацыянальнай культуры. Мастацкая спадчына Орды ўяўляе сабой ілюстраваную энцыклапедыю матэрыяльнай культуры Беларусі – прыгожых архітэктурна-ландшафтных краявідаў, унікальных твораў дойлідства, гісторыі і культуры, знітаваных са славутымі асобамі і гістарычнымі падзеямі. Дзякуючы малюнкам Напалеона Орды, мы  сёння можам бачыць, як выглядалі многія архітэктурныя помнікі і мясціны Беларусі. Знакаміты мастак пабываў і на Бераставіччыне, пакінуўшы нам у спадчыну выявы сядзіб і архітэктурных будынкаў, большасць з якіх ужо страчана.

Напалеон Орда на Бераставіччыне

Напалеон Орда пакінуў прыкметны след у гісторыі і культуры бераставіцкага краю. У 1868 годзе ён наведаў Бераставіччыну і зрабіў цудоўныя замалёўкі мясцовых сядзіб і краявідаў. Разам з бераставіцкім краязнаўцам, супрацоўнікам райбібліятэкі Андрэем Втарушыным прасочым за маршрутам творчай вандроўкі мастака, абапіраючыся на даты, пакінутыя аўтарам пад малюнкамі.

Масаляны. Палац Біспінгаў. 1868 г.

– На Бераставіччыну Напалеон Орда прыехаў хутчэй за ўсё з напрамку Крынак, аб чым сведчыць малюнак гэтага мястэчка, пазначаны датай 31 сакавіка 1868 года (зараз Крынкі знаходзяцца ў Польшчы). – расказвае Андрэй Францавіч. – Ёсць падстава меркаваць, што мастак наведаў бераставіцкія землі па запрашэнні  гаспадароў маёнтка Масаляны Біспінгаў. Напалеон Орда ў адным з лістоў да Станіслава Манюшкі пісаў: “Цяпер я ў Масалянах, знаходжуся тут ужо другі тыдзень. Гасцінныя гаспадары, багатая бібліятэка. Цудоўныя краявіды – усё так хораша дапаўняе адно другога, што адсюль і ад’язджаць не хочацца”. Творчая вандроўка Напалеона Орды распачалася 4 красавіка 1868 года з наведвання Малой Бераставіцы і Бераставіцы Мураванай. На малабераставіцкім малюнку на пярэднім плане адлюстравана царква св. Дзмітрыя Салунскага, на заднім – касцёл св. Антонія Падуанскага, фундаваны Антонам Ваўкавіцкім, уладальнікам Малой Бераставіцы. Побач з касцёлам Напалеон Орда намаляваў плябанію – дом, дзе нарадзіўся вядомы гісторык Ігнат Анацэвіч. У той жа дзень мастак наведаў сядзібу Юндзілаў-Солтанаў у Бераставіцы Мураванай, дзе ён выканаў малюнак палаца з боку парка і возера.

Малая Бераставіца. Царква св. Дзмітрыя Салунскага і касцёл св. Антонія Падуанскага. 1868 г.
Капліца ў Масалянах з паляўнічымі павільёнамі. 1868 г.
Бераставіца Мураваная (Муравана). Палац Юндзілаў-Солтанаў збоку парка і возера. 1868 г.

– Пасля Напалеон Орда выехаў з Бераставіччыны ў Польшчу, – працягвае аповяд Андрэй Францавіч, – каб зноў вярнуцца ў чэрвені цяпер ужо ў Масаляны, дзе мастак зрабіў два малюнкі з палацам і капліцай Біспінгаў, намаляваных падчас сустрэчы з гаспадарамі сядзібы. На першым малюнку адлюстравана капліца Унебаўзяцця Панны Марыі, фундаваная Юзэфай Вайчынскай з Біспінгаў ў 1856 годзе. На другім малюнку Орда намаляваў палац Біспінгаў – уладальнікаў Масалян. 24-м чэрвеня 1868 года датаваны малюнак капліцы св. Міхаіла і Магдалены ў Красніках, пабудаванай графам Міхаілам Дзяконскім ў 1824-1827 гадах.

Краснікі. Капліца св. Міхаіла і Магдалены. 1868 г.

Далей маршрут Напалеона Орды пралягаў праз Кватары і Клепачы, чые палацы аўтар таксама занатаваў на паперы. Гэтыя малюнкі найбольш цікавыя па зместу і тэматыцы. У Кватарах 4 ліпеня 1868 года Орда намаляваў сядзібу Гліндзічаў, якая размяшчалася на рэчцы Куклянка. На малюнку можна ўбачыць класічны палац і гаспадарчы двор з вадзяным млынам, флігелем, амбарам.

Кватары. Сядзіба Гліндзічаў. 1868 г.
Клепачы. Палац “Сымфаны” графа В. Тышкевіча. 1868 г.

Палац у Клепачах, малюнак якога датаваны 5-м ліпеня, належыў Вінцэнту Тышкевічу – дзяржаўнаму дзеячу ВКЛ, рэферэндарыю літоўскаму. Будынак вядомы пад назвай “Сымфаны” (палац-капрыз), які быў шлюбным падарункам жонцы Тышкевіча Марыі Тэрэзы Панятоўскай (пляменніцы польскага караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага). Але сямейнага шчасця ў Клепачах Тышкевічам здзейсніць не атрымалася. Жонка абрала Варшаву, так ніколі і не пабываўшы ў Сымфанах. У палацы да Першай сусветнай вайны размяшчалася Кляпацкае мужчынскае вучылішча, дзе выкладаў у 1906 годзе наш зямляк Раман Салавей, настаўнік і фатограф з Падбагонікаў.

– Пасля гэтага Напалеон Орда пабываў у Вайцехаўшчыне, дзе 20 жніўня намаляваў сядзібу Дашкевічаў, месца пражывання сям’і Рычарда Карыбут-Дашкевіча і Тэрэзы Юндзіл, дачкі ўладальнікаў Бераставіцы Мураванай. Потым Орда павінен быў праязджаць праз Вялікую Бераставіцу.

Вайцехаўшчына. Двор Дашкевічаў. 1868 г.

– Як лічыце, чаму ён не намаляваў мясцовыя краявіды, стары касцёл ці палац Касакоўскіх?

–  Магчыма, у яго скончылася папера, – жартуе Андрэй Францавіч. – Аднак з уладальнікам Вялікай Бераставіцы Станіславам Шчэнсным Касакоўскім (1795-1872) Напалеон Орда хутчэй за ўсё сустракаўся ў Вайткушках (Вількамірскі павет Ковенскай губерніі). Там у 1869 годзе мастак выканаў малюнак велічнага палацу, які з’яўляўся рэзідэнцыяй роду Касакоўскіх. У гэтым палацы і пазнаёміў граф Касакоўскі свайго госця со старажытнымі помнікамі Вялікай Бераставіцы: касцёлам Звеставання, ратушай, сядзібай Хадкевічаў. Магчыма, што Напалеон Орда маляваў мястэчка Вялікую Бераставіцу. Але шмат малюнкаў загінула ў час Першай і Другой сусветных войнаў.

Такім чынам, нам у спадчыну засталіся 8 малюнкаў Напалеона Орды з сямі мястэчак Бераставіччыны.  З іх захаваліся да нашага часу помнікі архітэктуры ў Малой Бераставіцы, Мураване і Масалянах. Астатнія будынкі, на жаль, ужо страчаныя. Аднак дзякуючы малюнкам знакамітага мастака  мы ведаем, як яны выглядалі.

З выкарыстаннем матэрыялаў райбібліятэкі падрыхтавала Святлана ГАНЧАРОВА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *