Память хранят обелиски. Братская могила советских воинов в Большой Берестовице

Лента новостей Общество Память хранят обелиски Проекты

У Вялікай Бераставіцы па вуліцы Партызанскай ёсць брацкая магіла савецкіх воінаў, якія загінулі ў ліпені 1944 года пры вызваленні гарпасёлка і навакольных вёсак ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў ці памерлі ад ран у бераставіцкім шпіталі. Там пахаваны 491 воін.

У кастрычніку 1949 года на брацкай магіле быў пастаўлены помнік – бетонны абеліск у выглядзе ўсечанай піраміды на кубападобным пастаменце вышынёй шэсць метраў. На пастаменце ёсць мемарыяльная дошка з надпісам: “Вечная слава героям, якія загінулі ў баях за свабоду і незалежнасць нашай Радзімы ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.”. У 1988 годзе помнік быў рэканструяваны. Рэканструкцыя брацкай магілы была праведзена ў 2010 годзе. Устаноўлена шэсць мармуровых пліт з імёнамі пахаваных і дзве з надпісам “Невядомаму салдату”.

Цана вызвалення

Бераставіцкі раён, як і ўся Беларусь, быў вызвалены падчас наступальнай аперацыі “Баграціён”, якая доўжылася з 23 чэрвеня па 29 жніўня 1944 года. Нашы землі вызвалялі войскі 2-га Беларускага фронту, баявыя дзеянні вялі шэсць дывізій 41-га стралковага корпуса ў складзе 3-й арміі. Баі ішлі цяжкія, высокай была цана вызвалення.

У.І. Хонцар у кнізе «Памяць» піша: «Пераадольваючы моцнае супраціўленне ворага і адбіваючы яго лютыя контратакі, салдаты 120-й гвардзейскай стралковай дывізіі 15 ліпеня з ходу фарсіравалі раку Рось і, пераадолеўшы за суткі больш за 30 кіламетраў, падыйшлі да Вялікай Бераставіцы, аднак авалодаць ёй не змаглі. Гітлераўцы здолелі падцягнуць рэзервы і ўпарта абараняліся. Некалькі разоў савецкія воіны кідаліся ў атаку і кожны раз змушаныя былі адыходзіць пад моцным агнём праціўніка, несучы вялікія страты. У крытычны момант бою ва ўвесь рост узняўся маёр Лебядзінскі і павёў за сабой гвардзейцаў, якія ў жорсткім нападзе 16 ліпеня выбілі гітлераўцаў з гарадскога пасёлка. Лебядзінскі ў тым баі загінуў смерцю героя, ён пахаваны ў брацкай магіле ў Бераставіцы.»

Падняў на бой

У 1967 годзе ў “раёнцы”, якая тады называлася “За камунізм”, выйшаў артыкул Палікарпа Абрамовіча “Маладыя помняць” пра подзвіг маёра Лебядзінскага і тую павагу, якую праяўлялі бераставіцкія школьнікі да савецкіх воінаў, загінуўшых на беларускай зямлі.

“… Пасылка з Беларусі”, – сказалі на паштовым аддзяленні М.С.Сальнікавай, служачай адной з маскоўскіх устаноў і жонцы загінуўшага пры вызваленні Вялікай Бераставіцы маёра Уладзіміра Лебядзінскага. Немаладая ўжо жанчына, хвалюючыся, на фанернай скрынцы прачытала адваротны адрас: БССР, … Бераставіцкая сярэдняя школа, 7 «А» клас. Ад скрынкі моцна пахла спелымі восеньскімі яблыкамі. У пасылцы было столькі яблыкаў, колькі піянераў у 7 «А». Кожны прынёс адзін, але найлепшы яблык са свайго саду. Тут былі пахучыя антонаўкі, паласатыя анісы, крамяныя ранеты – шчодрыя дары ўдзячнай беларускай зямлі.

…Некалі гэтая зямля была багата паліта крывёю мужных савецкіх воінаў, якія гналі на захад недабітага фашысцкага звера. Вораг адступаў, але агрызаўся з упартасцю асуджанага. Прыходзілася змагацца літаральна за кожную пядзю роднай зямлі. На подступах да Бераставіцы фашысты

надзейна закапаліся ў зямлю, сканцэнтравалі падмацаванні і тэхніку, падцягнулі тылы. Некалькі разоў падымаліся савецкія воіны ў атаку — і ўсё безвынікова. А калі салдаты, здавалася, вось-вось страцяць надзею на поспех, над зрашэчаным кулямі, як кроплямі дажджу, пяском акопнага брустверу падняўся стройны малады мужчына з маёрскімі пагонамі на плячах. Яго адразу пазналі – гэта быў маёр Лебядзінскі.

“За Радзіму, за Сталіна, за мной наперад”, – выкрыкнуў ён.

Немцы адступілі. Але сярод астаўшыхся ў жывых ужо не было маёра Лебядзінскага. Яго знайшлі за некалькі дзясяткаў метраў ад лініі першых акопаў. Шмат куль прашылі яго цела. Ён ляжаў, шырока раскінуўшы рукі. Здавалася, што ў апошнім парыве да жыцця і святла чалавек хацеў абняць такую блізкую і родную зямлю.

А потым салдаты развітваліся з загінуўшымі. Цела маёра Лебядзінскага было пахавана ў брацкай магіле па цяперашняй Партызанскай вуліцы ў Бераставіцы. Нехта з воінаў агрубелай рукою сарваў некалькі сціплых палявых кветак і асцярожна паклаў на свежы пясок магільнага курганчыка…

3 таго часу тут заўсёды ляжаць кветкі. Апошнія тры гады іх прыносяць сюды піянеры атрада імя Марата Казея з Вялікабераставіцкай школы. Сёлета гэтыя хлопчыкі і дзяўчынкі ўжо сямікласнікі. Многія з іх сталі камсамольцамі. Шмат зрабілі школьнікі для ўшанавання памяці тых, хто склаў некалі галовы на бераставіцкай зямлі. Даглядалі магілы, вызначылі прозвішчы загінуўшых, наладзілі перапіску з іх роднымі і блізкімі. Зрабілі цікавы альбом, дзе іх лісты, асабістыя дакументы, дасланыя на адрас школы. Важную і вельмі патрэбную справу робяць бераставіцкія школьнікі. Яны нарадзіліся ў мірны пасляваенны час. Іх сон не палохалі артылерыйскія залпы. Але яны заўсёды будуць памятаць імёны тых, хто не дажыў да сёняшняга дня. Будуць памятаць у імя будучыні.

Пошукавая работа

Даніла Крэніцкі

Падчас пошукавай работы, што праводзіла былая кіраўніца народнага музея “Вытокі” Малабераставіцкай СШ Тамара Эйсмант, клуб “Пошук” Вялікабераставіцкай СШ, а таксама работнікі аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама, удалося прасачыць баявы шлях некаторых воінаў, пахаваных у брацкай магіле на вул. Партызанскай, наладзіць перапіску з іх сем’ямі і нават дапамагчы шэрагу з іх ідэнтыфікаваць родных, чый лёс быў доўгі час невядомы.

Напрыклад, у свой час удзельнікі клуба “Пошук” вялі перапіску з братам і сястрой Крэніцкімі, бацька якіх загінуў у нашых мясцінах і пахаваны ў брацкай магіле па вуліцы Партызанскай. Уладзімір Данілавіч і Праскоўя Данілаўна Крэніцкія былі ў нас на святкаванні Дня Перамогі. Вярнуўшыся дамоў, яны прыслалі на адрас піянерскага клуба «Пошук» ліст, у якім быў вайсковы фотаздымак бацькі. Той здымак разам з допісам цяпер беражліва захоўваецца ў школе.

Міхаіл Талкачоў

Вучні вялі перапіску з блізкімі Міхаіла Мікітавіча Талкачова, які загінуў, вызваляючы Бераставіцу, і пахаваны ў той жа брацкай магіле. Юныя следапыты даведаліся, што родныя пахаванага у той жа брацкай магіле Івана Сцяпанавіча Броўкіна жывуць у Цвярской вобласці, выйшлі на яго сястру Кацярыну Сцяпанаўну Звераву і паведамілі, дзе пахаваны яе брат. Жанчына і яе брат Аляксей Сцяпанавіч даведаліся пра месца пахавання брата толькі праз 47 гадоў… Яны былі бязмерна ўдзячныя школьнікам за высокародную справу, якую робяць школьнікі, за ўвагу да кожнага салдацкага лёсу, да кожнага імі на пліце брацкай магілы.

Пакланіцца праху

Неаднойчы пакланіцца праху сваіх дзядоў, пахаваных у брацкай магіле па вуліцы Партызанскай, прыязджалі іх родныя і блізкія з краін былога Савецкага Саюза. Так, у 2011 годзе з далёкай Цюмені прыязджалі ўнучка і праўнук Кузьмы Сівохіна. У 2017 годзе на магілу дзеда і прадзеда Рыгора Галубоўскага завіталі госці з украінскага горада Роўна. У іх выпадку пошук месца пахавання з розных прычын доўгі час не меў поспеху. Калі з’явіўся інтэрнэт, сталі фарміравацца электронныя базы дадзеных «Мемарыял», парталы «Память народа», “Подзвіг народа” і іншыя, архіўнай інфармацыі стала больш і многія факты ўдакладніліся. Напрыклад, у мінулым годзе па просьбе жыхаркі Уладзімірскай вобласці вызначана проз-вішча яе дзядзькі, пахаванага ў брацкай магіле па вул. Партызанскай.

Падрыхтавала Святлана ГАНЧАРОВА

Фота аўтара і з архіва «БГ»



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *