На культурнай ніве. Макараўскія культработнікі дораць аднавяскоўцам добры настрой

Культура Лента новостей Общество

Ужо ў гэту нядзелю прафесійнае свята адзначыць вялікая кагорта творчых
і натхнёных прадстаўнікоў сферы культуры. Бераставіцкія артысты і рэжысёры, музыканты і мастакі, акампаніятары і кіраўнікі творчых калектываў, бібліятэкары і работнікі музеяў, народныя майстры і аматары мастацкай творчасці не аднойчы даказвалі свой прафесіяналізм і талент, жаданне несці культуру ў масы і любоў да прафесіі.

Натхнёныя і апантаныя

У культуры галоўнае – людзі, якія працуюць на гэтай ніве. Работнікі філіяла па культурна-дасугавай дзейнасці аг. Макараўцы разумеюць, што сельскі клуб – гэта адзін з нямногіх даступных крыніц прыемных эмоцый для вяскоўцаў, і робяць усё, каб людзі хацелі прыйсці сюды адпачыць ад паўсядзённых спраў. 

Калектыў філіяла – гэта чатыры жанчыны, для якіх творчасць з’яўляецца неад’емнай часткай жыцця.

Загадчыца філіяла Таццяна Славецкая ў культуру прыйшла тры гады таму з пасады педагога-арганізатара Макараўскай сярэдняй школы. Яна – творчая натура. Спявае, вырабляе лялькі, захапляецца карцінамі з атласных стужак, аб’ёмнымі кветкамі, вырабамі з гафрыраванай паперы, стварэннем лэпбукаў – дзіцячых навучальных дапаможнікаў з маляўнічага фетру. Але галоўнае – ведае, як зацікавіць творчасцю маладое пакаленне і прывіць дзецям любоў да мастацтва і традыцыйных беларускіх каштоўнасцяў.

Вікторыя Бажко – кіраўніца народнага ансамбля польскай песні “Стокроткі”, акампаніятар калектыву, які з’яўляецца візітоўкай нашага раёна. Амаль трыццаць гадоў жанчына аддала любімай справе. Шмат зрабіла для таго, каб сельскі клуб у Макараўцах стаў сапраўдным асяродкам культуры і месцам, дзе збіраюцца такія ж аматары творчасці.

Культарганізатар Ганна Носка працуе ў філіяле нядаўна, са студзеня гэтага года. Аднак ужо праявіла сябе ініцыятыўнай і творчай супрацоўніцай. Акрамя падрыхтоўкі розных мерапрыемстваў, у абавязкі Ганны ўваходзіць кіраўніцтва аматарскімі аб’яднаннямі для дарослых і дзяцей.

Часлава Вансовіч працавала ў сельскай гаспадарцы бухгалтарам, малаказдатчыцай. Аднак аддушыну знайшла ў творчасці: шмат год спявае ў “Стокротках” і ёй гэта вельмі падабаецца. Жанчына зараз на заслужаным адпачынку, аднак уладкавалася ў клуб прыбіральшчыцай і цяпер не толькі ўтрымлівае ў чысціні і парадку памяшканне, але і актыўна ўдзельнічае ў клубных мерапрыемствах.

Месца цёплых сустрэч

У філіяле дзейнічаюць аматарскія аб’яднанні для дарослых і дзяцей. “Талака” аб’яднала пажылых вяскоўцаў і стала месцам цёплых душэўных сустрэч сяброў і знаёмых. Кожную сустрэчу пажылых людзей аграгарадка работнікі філіяла імкнуцца напоўніць яркімі эмоцыямі і цікавымі падзеямі. А ім ў сваю чаргу прыемна пядзяліцца сваім жыццёвым вопытам, ведамі, уменнямі ў рамястве ці кулінарыі.

Традыцыі і каштоўнасці

“Юны сябра пагранічнікаў” і “ВесялухаNEW” – аматарскія аб’яднанні для дзяцей і падлеткаў. Улічваючы блізкасць да застаў, паміж філіялам і пагранічнікамі наладжана шматгадовае супрацоўніцтва і ўзаемадзеянне па пытаннях ваенна-патрыятычнага выхавання маладога пакалення.

Дотык да нацыянальных традыцый і каштоўнасцяў, знаёмства дзяцей з беларускім фальклорам і побытам продкаў адбываецца на пасяджэннях аматарскага аб’яднання “ВесялухаNEW”.
На занятках часта выкарыстоўваюцца рэчы і прадметы этнакутка “Вяртанне да вытокаў”, які дзейнічае ў філіяле. Народныя абрады ляглі ў аснову дзейнасці танцавальнага гуртка “Вяснушкі”. Макараўскія дзяўчынкі ў нацыянальных касцюмах сёлета неаднаразова выступалі падчас “Зажынак” у РСУП “Алекшыцы, на брэндавых святах “Макараўскія выкрунтасы” і “FamilyFest”. Іх каларытныя відовішчныя нумары сталі ўпрыгажэннем раённых святаў.

– Любіць сваю Радзіму і ведаць яе гісторыю павінен кожны беларус, – лічыць загадчыца філіяла Таццяна Славецкая. – Таму мы імкнемся выхоўваць у юных наведвальнікаў  патрыятычныя пачуцці да роднай краіны і павагу да яе народа.

Сучасны падыход

Каб заахвоціць дзяцей і падлеткаў, работнікі філіяла ідуць у нагу з часам, выкарыстоўваюць сучасныя формы работы. Квэсты і квізы, Folk Dance-вечарыны і вечарыны ў стылі «Маладзёжны mix», беларускія вячоркі на сучасны лад, літаратурна-музычнае кафэ, дзіцячая tv-праграма “Макараўскія навіны”, фотачэлендж – назвы мерапрыемстваў гавораць самі за сябе.

– Мы актыўна выкарыстоўваем у сваёй працы сацыяльныя сеткі і мэсанджары, папулярныя ў падлеткаў,– адзначае Таццяна Славецкая. – Дзецям гэта падабаецца. Яны з задавальненнем удзельнічаюць у здымках ролікаў для TikTok, самі выступаюць з ініцыятывай, прапануюць ідэі для відэа. У нас ёсць свой Інстаграм, мы часта далучаемся да розных тэматычных чэленджаў.

Макараўскія відэаролікі адзначаліся прызавымі месцамі на Міжнародным фестывалі мастацтваў “Маладзечна CityArt” і Міжнародным фестывалі мастацтваў “Open MoloFantasy”. Дарэчы,  каб палюбавацца на сваіх унукаў, TikTok і Instagram філіяла глядзяць нават мясцовыя бабулі і дзядулі.

Святлана ГАНЧАРОВА, фота аўтара і з архіву філіяла па КДД аг. Макараўцы



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *