У раённай бібліятэцы імя В. М. Кавалеўскага для наведвальнікаў прышкольнага лагера “Дружба” Вялікабераставіцкай СШ была праведзена гадзіна гісторыі “Маленькія салдаты вялікай вайны”, прысвечаная хлопчыкам і дзяўчынкам, якія змагаліся і паміралі за свабоду і шчасце сваёй Радзімы, свайго народа. Удзел у сустрэчы прыняла памочнік пракурора Бераставіцкага раёна Вікторыя Гарошка.
Бібліятэкар расказала гасцям установы пра піянераў-герояў Вялікай Айчыннай вайны, якія ў акупацыі сталі побач з бацькамі і старэйшымі братамі ў шэраг байцоў. Адклаўшы недачытаныя кніжкі і школьныя падручнікі, яны ўзялі ў рукі вінтоўкі і гранаты, сталі сынамі палкоў і партызанскімі разведчыкамі, нястомна працавалі ў цэхах заводаў і на калгасных палях. Дзеці часам рабілі тое, што не пад сілу было нават моцным мужчынам. Яны здзейснілі сапраўдны подзвіг.
За асаблівыя заслугі, мужнасць і гераізм, праяўленыя ў барацьбе з фашысцкімі захопнікамі, дзясяткі тысяч дзяцей былі ўзнагароджаны ордэнамі і медалямі, многім было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза пасмяротна.
Бібліятэкар прадэманстравала школьнікам партрэты юных патрыётаў: Лёні Голікава, Марата Казея, Валі Коціка, Зіны Партновай, Сашы Кавалёва і іншых.
Увага ўдзельнікаў сустрэчы была звернута на кніжную выставу “Вайна і дзеці”, дзе была прадстаўлена літаратура пра маленькіх герояў вайны.
Памочнік пракурора Вікторыя Гарошка расказала юным чытачам пра зверствы фашыстаў у перыяд Вялікай Айчыннай вайны і агучыла факты, атрыманыя ў працэсе расследавання крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа.
Наталля Арлоўская, загадчык аддзела інфармацыі і абслогоўвання дарослага і дзіцячага чытача Бераставіцкай райбібліятэкі
Фота прадастаўлена райбібліятэкай