Не сакрэт, што кожны з нас – усяго толькі пясчынка беларускай нацыі, яе зярнятка. Але ад кожнага з нас залежыць вельмі многае ў жыцці. А разам мы, беларусы і беларускі, – вялікая, нязломная, непераможная сіла.
У гэтым нам не аднойчы давялося пераканацца і ў такія знакавыя апошнія гады – Год народнага адзінства, Год гістарычнай памяці. Мы выстаялі як нацыя, загартаваліся як Народ з вялікай літары. Колькі адметных мерапрыемстваў было праведзена, колькі ўсяго высакароднага і велічнага прагучала і засталося ў душах беларусаў! А хіба можна не ганарыцца, што Усебеларускі народны сход у нас набыў канстытуцыйныя правы і абавязкі?!
Я, грамадзянін Беларусі, ніколі не пераставаў ганарыцца сваім народам, яго гісторыяй, культурай, людзьмі. Мой народ шматпакутны: цяжка ўспомніць наогул хоць адно стагоддзе, якое ён пражыў бы ў спакоі, без войнаў. Аднак, нягледзячы на гэта, мы здолелі насуперак усім ворагам і нелюдзям захаваць сваю ідэнтычнасць, чалавечнасць, светлыя душы і палымяныя сэрцы. Чаму? Бо беларусы – цярплівыя, прыгожыя душой, вялікія сэрцам, працалюбівыя і мудрыя людзі. І таму я ганаруся тым, што нарадзіўся ў самай гушчы народа, ганаруся тым, што жыву ў самай прыгожай у свеце краіне, сярод самых прыгожых людзей.
Каштоўнай рысай беларусаў з’яўляецца і тое, што мы з павагай, цярпімасцю і разуменнем ставімся да чужых перакананняў. У нашай краіне не назіраецца ганенняў па нацыянальных і рэлігійных прыкметах. На Беларусі сёння пражываюць і многія іншыя народнасці, у асноўным гэта расiяне, палякі, украінцы, яўрэі, татары і іншыя. Мы, народ Беларусі, здолелі захаваць насуперак усім ныцікам, песімістам і псеўдаадраджэнцам родную мову, якая на працягу стагоддзяў якасна развівалася, удасканальвалася. Упэўнены, што сучаснікі, асабліва творчыя людзі, будуць толькі дапаўняць матчыны слоўцы, прыдумваць новыя. Бо мы ведаем: самае галоўнае – захаваць мову для нашчадкаў, не даць ёй памерці.
Наш Народ – Паэт. Вялікі Творца. Адной з важнейшых прац фалькларыстаў Нацыянальнай акадэміі навук з’явілася шматтомнае выданне беларускай народнай творчасці, падрыхтаванае супрацоўнікамі Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору. Заўважу, што гэты звод нацыянальнага фальклору распачалі друкаваць яшчэ ў 1970 годзе і да 2000 года выпусцілі ажно 45 тамоў. Адметна, што ў каментарыях, якія даюцца да кожнага тэксту, адзначаецца крыніца публікацыі, хто, калі і дзе запісаў твор, варыянты, тлумачэнні слоў. У савецкі час многія студэнты, выкладчыкі, навуковыя супрацоўнікі ішлі ў народ, запісвалі тэксты ад старажылаў мясцовасці ў час экспедыцый ці самастойна. Аўтару гэтых радкоў таксама давялося неаднаразова браць удзел у фальклорных і дыялекталагічных экспедыцыях.
Не магу не сказаць і пра другое сапраўды народнае выданне “Памяць” – шматтомнае выданне энцыклапедычнага характару гісторыка-дакументальных хронік раёнаў і гарадоў Беларусі. Дарэчы, з 1985 па 2015 гады была выдадзена 151 кніга. Цэнтральнае месца ў выданні прысвечана перыяду Вялікай Айчыннай вайны, у якім змешчаны спісы воінаў Чырвонай Арміі, што загінулі ў час абароны і вызвалення раёна (горада) і пахаваны на яго тэрыторыі; воінаў-землякоў, якія загінулі ці прапалі без вестак; партызан, падпольшчыкаў, удзельнікаў антыфашысцкага руху, асоб, якія садзейнічалі партызанскаму руху і падполлю.
Наша Бацькаўшчына – невялікая дзяржава. Аднак дзякуючы свайму геаграфічнаму становішчу, Беларусь з’яўляецца важным гандлёвым і транспартным калідорам. Мы – адкрытая краіна, вядомая сваёй гасціннасцю. Яшчэ напачатку 2017 года Беларусь адкрыла свае межы і дала замежным грамадзянам магчымасць наведваць краіну без візы. І сёння таксама многія замежныя турысты могуць адкрыць для сябе Беларусь, яе народ, пазнаёміцца з нашай культурай і традыцыямі, палюбавацца ўнікальнымі пейзажамі, наведаць лепшыя турыстычныя мясціны.
Я шчаслівы, бо жыву ў мірнай краіне, маю магчымасць спакойна жыць, радавацца жыццю. Для нашага народа заўсёды надзвычай істотна зберагчы мірнае неба над галавой, якое нам адваявалі продкі. Бо з прыходам вайны адразу губляюцца ўсе чалавечыя каштоўнасці: спакойнае жыццё, дабрабыт, шчасце. Ды і сама сутнасць жыцця ставіцца пад пагрозу. Пра гэта мы павінны сур’ёзна гаварыць, асабліва з падрастаючым пакаленнем, і ў сёлетні Год міру і стварэння.
Лічу, што як педагогам, так і бацькам проста неабходна штодзённа разважаць з дзецьмі пра рысы характару нашага народа, пра вечныя каштоўнасці, да якіх мы імкнуліся ва ўсе часы. А такія якасці, як згуртаванасць, павага да гісторыі, традыцый, культуры, заўсёды былі галоўнымі для беларусаў. І такімі застаюцца.
Канстанцін КАРНЯЛЮК