Геронцій Цітаішвілі: мужны абаронца нашай Радзімы

80 лет Великой Победы Беларусь помнит Вуліцы герояў Лента новостей Общество Проекты

У 2024 годзе мы адзначым знакавую дату – 80-ю гадавіну вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У памяць аб тых, хто аддаў жыццё за вызваленне нашай Радзімы, у тым ліку Бераставіччыны, хто здзейсніў подзвіг у гады Вялікай Айчыннай вайны, аб палкаводцах-земляках, чые імёны ўвекавечаны ў бераставіцкай тапаніміцы, мы запускаем праект «Вуліцы герояў». Публікацыі па матэрыялах кнігі «Ганарыся сваім імем, вуліца!» Бераставіцкага райвыканкама і Бераставіцкай райбібліятэкі (аўтар-складальнік Валянціна Чыкун) пазнаёмяць з асобамі, у гонар якіх названы вуліцы гарадскога пасёлка Вялікая Бераставіца і аграгарадкоў раёна.

Сын грузінскага народа

Палкоўнік Геронцій Цітаішвілі загінуў пры вызваленні Малой Бераставіцы ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Яго імя носіць вуліца ў аграгарадку. Герой мужна змагаўся з ворагам на розных франтах вайны. За ўдзел ў абароне Масквы ён адзначаны ордэнам Леніна. Дарэчы, савецкае контрнаступленне пад Масквой 5 снежня 1941 года стала адным з пераломных момантаў Вялікай Айчыннай вайны і адметнай старонкай воінскай славы Савецкай Арміі.

Нарадзіўся Геронцій Несцеравіч Цітаішвілі ў Грузіі ў сяле Мазіёны Азгурыйскага раёна ў 1908 годзе. Яшчэ падчас вучобы ў школе ён марыў аб армейскай службе. І пасля заканчэння навучальнай установы пайшоў у армію добраахвотнікам.

11 лістапада 1930 года юнак быў залічаны курсантам аднагадовай школы пры 3-м грузінскім палку ў горадзе Кутаісі. Пяць гадоў ён служыў камандзірам узвода, яшчэ тры – камандзірам роты.

У 1939 годзе Геронцій Цітаішвілі ўступіў у рады Камуністычнай партыі. Воінскае званне маёра атрымаў на пасадзе намесніка начальніка штаба 131-й дывізіі. Гэта быў спрактыкаваны, умелы тактык, рашучы і цвёрды камандзір. Воіны падраздзялення, дзе служыў Геронцій Несцеравіч, заўсёды вызначаліся выдатнай баявой і палітычнай падрыхтоўкай.

Пачатак вайны

Геронцій Цітаішвілі ўступіў у бой з фашыстамі з першых дзён вайны. Яго баявы шлях пачаўся ва Украіне ў 22-м механізаваным корпусе 5-й арміі Паўднёва-Заходняга фронту. Пра першыя баі расказалі ў лісце ў абласную газету «Гродзенская праўда» аднапалчане Цітаішвілі – палкоўнікі Ф.І. Шушын і М.Г. Борматаў:

“Рассвет того памятного утра 22 июня 1941 года капитан Цитаишвили встретил в войсках Ровенского гарнизона на Украине. Командуя батальоном мотострелкового полка 19-й танковой дивизии, он в первые же дни войны вступает в бой с фашистами западнее Луцка. На Киевское направление гитлеровское командование бросило одну из сильнейших своих группировок – 6-ю полевую армию генерала Райхенау и танковую группу Клейста, имея целью за две недели выйти на берега Днепра и овладеть Киевом.

Прорвав пограничные кордоны, вся эта масса войск – сотни танков и бронетранспортеров при беспрерывной поддержке авиации двигалась на восток.

Навстречу фашистской армаде из Ровно вышла 19-я танковая дивизия, которая 24 июня в районе местечка Торчин нанесла по врагу контрудар и заставила его отступить. На поле боя фашисты оставили 50 подбитых и сожженных танков. Командир батальона капитан Цитаишвили в этот день вместе со всеми воинами дивизии принял боевое крещение.”

Бітва за Маскву

У канцы жніўня 1941 года камандаванне Паўднёва-Заходняга фронту адводзіць часці 5-й арміі з Малінскага рубяжа за Дняпро. На пачатку верасня 19-я танкавая дывізія праводзіць свае апошнія баі з фашыстамі з горада Остэр і затым ідзе на расфарміроўку. Цітаішвілі, які да гэтага часу стаў ужо маёрам, быў прызначаны на пасаду камандзіра мотастралковага батальёна 31-й танкавай брыгады, якая пасля фарміравання ў раёне Харкава ў кастрычніку 1941 года была накіравана на абарону Масквы.

7 лістапада 1941 года 31-я брыгада, мотастралковым батальёнам якой камандаваў Цітаішвілі, прымала ўдзел у гістарычным парадзе на Чырвонай плошчы Масквы і пасля парада адразу ж выправілася ў бой.

Як ваяваў маёр Геронцій Несцяровіч пад Масквой? Пра гэта красамоўна сведчыць ордэн Леніна, якім Цітаішвілі быў узнагароджаны падчас бітвы за сталіцу. Яго ўручалі толькі мужным і смелым воінам, сапраўдным героям. У сваіх успамінах баявыя сябры Геронція Несцеравіча – палкоўнікі Ф.І. Шушын і М.Г. Борматаў –  сцвярджаюць, што на Цітаішвілі ў жніўні 1941 года быў аформлены ўзнагародны ліст на прысваенне звання Героя Савецкага Саюза. На жаль, у сувязі з акружэннем усе дакументы былі знішчаны.

Вызваленне Беларусі

З сакавіка 1942 года Цітаішвілі камандаваў 43-й стралковай брыгадай. У гэтым жа годзе Геронцій Несцеравіч быў камандзіраваны ў Ваенную акадэмію імя К. Я. Варашылава Генеральнага штаба Узброеных Сіл СССР. Пасля вучобы ў акадэміі гвардыі палкоўніка Цітаішвілі накіравалі ў распараджэнне Заходняга фронту ў якасці камандзіра 415-й стралковай дывізіі, а ў кастрычніку

1943 года прызначылі  каман-дзірам 250-й стралковай дывізіі, у шэрагах якой ён мужна змагаўся з ворагам да апошняга дыхання. Летам 1944 года Чырвоная Армія з жорсткімі баямі рухалася на захад, вызваляючы тэрыторыю Беларусі ад нямецкіх акупантаў. Але вораг аказваў жорсткае супраціўленне. У нашым раёне на лініі ракі Свіслач, а таксама на Магілянскіх гарах ён сканцэнтраваў вялікую колькасць артылерыі, танкаў, жывой сілы.

Апошні бой

Краязнаўцам Малаберас-тавіцкай сярэдняй школы пашчасціла ў свой час сустрэцца і запісаць успаміны жыхара вёскі Малая Бераставіца Леаніда Лук’янавіча Алізаровіча. Ён расказаў, як савецкія войскі вызвалялі іх населены пункт ад фашыстаў:

“Нашы людзі дапамагалі вызваліцелям усім, чым маглі. А камандаванне ў сваю чаргу папярэдзіла жыхароў вёскі аб тым, што ідзе падрыхтоўка да сур’ёзнага бою і прапаноўвала перабрацца, па магчымасці, у другія вёскі. Некаторыя так і зрабілі. Набліжаўся бой.

14 ліпеня камандзір дывізіі Геронцій Цітаішвілі выехаў на сваёй машыне на ўзлесак у накірунку да варожых умацаванняў і стаў разглядаць мясцовасць у бінокль. Машына палкоўніка стаяла непадалёку ад вялікай сасны. Камандзір не ведаў, што на званіцы нашай царквы фашысты заставілі свайго карэкціроўшчыка. Таму фашысты адкрылі прыцэльны агонь з армат. Адзін са снарадаў разарваўся каля машыны, і Геронцій Несцеравіч быў смяротна паранены. Яго пахавалі ў Данілках, а пасля перазахавалі ў Вялікай Бераставіцы.”

Увекавечылі ў граніце

Радзіма высока ацаніла воінскія подзвігі героя. Ён быў узнагароджаны двума ордэнамі Леніна, ордэнамі Чырвонага Сцяга, Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны I ступені і шматлікімі медалямі.

Многае зроблена для ўшанавання памяці аб Геронцію Несцеравічу на Бераставіччыне. Імя Цітаішвілі носіць вуліца ў аграгарадку Малая Бераставіца. 8 мая 1982 года ў Малой Бераставіцы на месцы гібелі Г.Н. Цітаішвілі была адкрыта мемарыяльная дошка. У 2005 годзе  непадалёку ад той сасны, дзе загінуў палкоўнік, быў урачыста адкрыты мемарыяльны знак у форме каменя з надпісам. 9 мая 2018 года ў Малой Бераставіцы адбылося ўрачыстае адкрыццё помніка герою, які ахвяраваў сваім жыццём дзеля вызвалення Бераставіччыны.

Ва ўрачыстасцях прыняла ўдзел грузінская дэлегацыя на чале з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Грузіі ў Рэспубліцы Беларусь Валерыем Кварацхелія. Ганаровыя госці разам з прадстаўнікамі раённай улады залажылі ля помніка капсулу з грузінскай зямлёй з радзімы Цітаішвілі. Такая ж капсула была закладзена і каля помніка воіну-вызваліцелю ў раённым цэнтры, дзе пахаваны прах храбрага воіна.

Некалькі год таму ў пачатку вуліцы Малой Бераставіцы, якая носіць імя Цітаішвілі, устаноўлены інфармацыйны стэнд з фотаздымкам героя, звесткамі пра яго баявы шлях і QR-кодам, які адсылае ў базу дадзеных райбібліятэкі для атрымання больш падрабязнай інфармацыі. Апрача таго, ў народным гісторыка-краязнаўчым музеі “Вытокі” Малабераставіцкай СШ дзейнічае экспазіцыя, прысвечаная палкоўніку Цітаішвілі.

Падрыхтавала Святлана ГАНЧАРОВА

Фота з архіва “БГ” і кнігі “Ганарыся сваім імем, вуліца!”

#УЛИЦЫ_ГЕРОЕВ_ГРОДНЕНЩИНЫ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *