Канюхоўскія школьнікі пабывалі на экскурсіі ў Лідзе

Культура Лента новостей Образование Общество Туризм

Падарожжы па родным краі працягваюцца. Адпраўляемся ў дарогу па новым маршруце. На гэты раз наш аўтобус імчыць на Лідчыну, у Лідскі гісторыка-мастацкі музей, у структуры якога знаходзіцца крэпасць.

Выдатны помнік абарончага дойлідства XIV стагоддзя яшчэ называюць замкам князя Гедыміна, які па яго загадзе быў закладзены ў 1323 годзе. Не менш за 30 пакаленняў нарадзілася і памерла навідавоку велічных вежаў замка. Сотні тысяч заваёўнікаў: крыжакі з усёй Еўропы, татары з азіяцкіх стэпаў, шведы са Скандынавіі, французы пад кіраўніцтвам Напалеона Банапарта, палякі, немцы прамаршыравалі, прайшлі, праехалі ўздоўж яго сцен. 379 гадоў замак выконваў свае першапачатковыя функцыі – быў абаронцам Лідскай зямлі, пакуль шведы ў 1702 годзе не ўзарвалі абедзве яго вежы.

Яго архітэктуру нельга назваць вытанчанай, як у Нясвіжскага палаца, ён не такі велічны, як Мірскі замак. Гэта адзін з самых старажытных замкаў Беларусі, ён суровы і самадастатковы ў сваёй архітэктуры, бо яго місія была максімальна практычнай: аберагаць мясцовых жыхароў ад чужынцаў. Таму тут так мала разнастайнага строю: дарагіх ваз або габеленаў, карцін або музычных інструментаў. Аднак музейная калекцыя захоўвае ўнікальныя археалагічныя знаходкі, у кожнай з якіх свая гісторыя.

Сярод  іх мноства фрагментаў керамічнага посуду, кафляў, чарапіцы, кароткі меч (корд), каваны кінжал, кальчуга, каменныя ядры, стрэлы, наканечнікі арбалетных стрэл, падкоўка ад рыцарскіх ботаў, рыцарская шпора, шахматная і шашачная фігуркі, касцяныя і жалезныя прадметы.

Мы пабывалі ў дзвюх вежах: паўночна-ўсходняй, або вежы Вітаўта, і паўднёва-заходняй – вежы Гедыміна. На кожным паверсе свая ўнікальная экспазіцыя з экспанатамі, якія адносяцца да XIV-XVI стагоддзяў. Сярод іх найбольш вядомая цэгла-пальчатка і меч-корд са знакам пасаўскага ваўка. Па словах экскурсавода, такіх ва ўсім свеце няшмат.

На ўсталяваных інтэрактыўных картах  адлюстроўваны самыя важныя падзеі. Можна зразумець, у якую складаную эпоху жылі нашы продкі, а галоўнае, на якой цікавай тэрыторыі, бо абараняцца ім даводзілася як ад крыжакоў, так і ад набегаў татараў.

 Рэдкі наведвальнік не адчувае жадання дакрануцца да гістарычных артэфактаў. Але калі кожны пачне гэта рабіць, экспанаты доўга не пражывуць. Таму і выстаўляюцца ў музеях ўсім вядомыя таблічкі. Але ж нам вельмі пашанцавала: да свята 8 Сакавіка тут падрыхтаваны арыгінальны праект «Інтэрактыўная гардэробная Сярэднявечча». Дзяўчынкі і хлопчыкі  змаглі  прымерыць старадаўнія ўборы, упрыгожванні і нават даспехі, якія прадаставіў для экспазіцыі мясцовы каваль.

У гэты ж дзень здзейснілі займальную інтэрактыўную  экскурсію па цэнтры бяспекі МНС. Падчас падарожжа вучыліся аказваць першую медыцынскую дапамогу, даведаліся пра тое, дзе можна бяспечна схавацца ад навальніцы, паспрабавалі самі пераадолець задымленае памяшканне і выклікаць ратавальнікаў. На заключным этапе экскурсіі  прайшлі тэст і атрымалі 100 балаў. Правілы паводзін у надзвычайных сітуацыях  засвоены!

Шмат уражанняў засталося ад гэтага цікавага і запамінальнага падарожжа! 

Марыя Коўшык, класны кіраўнік 11 класа Канюхоўскай сярэдняй школы  



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *