Бліц-апытанне. “Размаўляць па-беларуску – гэта модна!”

Лента новостей Общество Патриотическое воспитание

Андрэй Шчука, намеснік старшыні Бераставіцкага райвыканкама:

– Для любога народа візітнай карткай з’яўляецца родная мова. У паўсядзённым сваім жыцці я карыстаюся як беларускай, так і рускай мовамі. Але ўсё ж сваёй роднай лічу менавіта беларускую мову.

Яна вельмі прыгожая і мілагучная. У ёй столькі слоў, якім вельмі цяжка знайсці адпаведнікі. Гэта і робіць нашу беларускую мову ўнікальнай і арыгінальнай, непадобнаю да іншых.

Родная мова – гэта той інструмент, дзякуючы якому мы пазнаём жыццё. Таму, я лічу, неабходна старанна вывучаць сваю родную мову, ведаць творы беларускай літаратуры і такім чынам пазнаваць свой народ, а таксама гісторыю свайго роднага краю.

Арцём Шкулепа, намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце РУСП “Масаляны”:

– Мова нясе ў сабе культуру і звычаі той краіны, дзе на ёй размаўляюць. Кожны грамадзянін павінен ведаць і шанаваць родную мову. Я чуў беларускую мову з дзяцінства, вывучаў яе, чытаў творы беларускіх аўтараў і добра разумею, чаму нашу мову называюць выказвальніцай народных думак, гaлoўным cpoдкaм зaxaвaння нapoднaй кyльтypы i тpaдыцый. У залежнасці ад асяроддзя я размаўляю па-руску ці па-беларуску. Часам беларускае слоўца гучыць больш трапна і да месца.

Вікторыя Дабрэнка,вучаніца 10 класа Канюхоўскай СШ, пераможца ў 2024 годзе абласнога этапу рэспубліканскай алімпіяды па прадметах “Беларуская мова і беларуская літаратура”:

– Родную мову трэба любіць і шанаваць, таму што яна з’яўляецца неад’емнай часткай культуры нашай Радзімы. Беларуская мова вельмі меладычная і прыгожая. Размаўляючы на ёй, мы выказваем сваю бязмерную любоў да роднай зямлі, да сваіх продкаў, якія не цураліся гаварыць па-беларуску і гэты бясцэнны дар перадалі нам. На жаль, наша пакаленне амаль не размаўляе па-беларуску. Асабліва жыхары гарадоў. У вёсках яшчэ чуюцца родныя сэрцу словы. Я адношуся да тых людзей, якія свабодна гавораць на роднай мове.

Тамара Эйсмант, выдатнік адукацыі, Ганаровы грамадзянін Бераставіцкага раёна:

– З беларускай мовай я была звязана практычна ўсё  сваё жыццё: спачатку сама вучылася ў беларускамоўнай школе, а потым у ёй жа працавала. На роднай мове я выкладала свой прадмет – гісторыю, на беларускай мове друкавала свае артыкулы, разам з вучнямі мы пісалі даследчыя работы і таксама пераважна па-беларуску. У час маёй працы ў гісторыка-краязнаўчым народным музеі “Вытокі” Малабераставіцкай сярэдняй школы мы з дзецьмі праводзілі на беларускай мове экскурсіі, і гэта выклікала вялікае захапленне ў нашых гасцей,  якія прыязджалі да нас нават з іншых краін. Яны пісалі нам падзякі, што дзеці вельмі добра валодаюць роднай мовай. Лічу, што мы ўсе павінны ведаць родную беларускую мову, яна дапамагае ідэнтыфікаваць наш народ як нацыю, на ёй створана шмат высокамастацкіх твораў, яна вельмі прыгожая і мілагучная. Можна сказаць, што  гэта наш сапраўдны скарб, які дастаўся нам ад продкаў і які мы абавязаны перадаць сваім нашчадкам.

І адчуваю, што часта думаю і нават мару па-беларуску. Цяпер модна вывучаць замежныя мовы. У гэтым выпадку мне ўспамінаюцца словы Францішка Багушэвіча: “Яно добра, а нават і трэба знаць суседскую мову, але найперш трэба знаць сваю”. Я таксама карыстаюся ў жыцці  гэтым прынцыпам, таму з задавальненнем удзельнічаю ў конкурсах, алімпіядах па беларускай мове і літаратуры. Ды і ўвогуле лічу, што размаўляць па-беларуску – гэта модна!

Ірына Міклаш, Святлана Ганчарова

Фота з архіва “БГ”



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *