Бераставіцкія школьнікі ўзняліся на “Купалаўскую вышыню”

Лента новостей Образование Общество

Маштабная краязнаўчая навукова-практычная канферэнцыя  вучняў і студэнтаў  “Купалаўская вышыня” прайшла ў сценах  адразу чатырох факультэтаў Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Яе арганізатарамі выступілі Галоўнае ўпраўленне адукацыі Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта, Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы і Гродзенскі абласны цэнтр турызму і краязнаўства.

Сваёй канцэпцыяй і метадычнымі падыходамі  канферэнцыя “Купалаўская вышыня” працягвае  педагагічную традыцыю, створаную дзесяцігоддзем правядзення канферэнцыі “Край Гарадзенскі”, — гаворыць   загадчык сектара сацыяльнай і арганізацыйна-педагагічнай работы аддзела адукацыі райвыканкама Валянціна Апунік. — Асноўная мэта канферэнцыі – папулярызацыя навуковых ведаў сярод моладзі і патрыятычнае выхаванне. Для ўдзелу ў фінальным этапе канферэнцыі было  даслана на папярэдні разгляд   спецыялістаў розных напрамкаў навукі больш за 500 вучнёўскіх і студэнцкіх краязнаўчых работ з усіх раёнаў Гродзенскай вобласці. З іх было адабрана больш за 200 работ, якія юныя даследчыкі абаранялі ў 25-і секцыях  ужо непасрэдна ў сценах  ГрДУ імя Янкі Купалы.   Удзельнікі канферэнцыі мелі магчымасць прадставіць свае даследаванні, абмяняцца вопытам і ведамі, а таксама абмеркаваць актуальныя праблемы, звязаныя з культурай і гісторыяй рэгіёна.

Свае навуковыя распрацоўкі прадставілі на канферэнцыі і бераставіцкія школьнікі. Як паведаміла Валянціна Апунік, па выніках другога тура канферэнцыі навучэнцамі раёна было здабыта восем дыпломаў I-III ступеняў. У прыватнасці, дыплом I ступені заваявалі вучаніцы VIII класа Алекшыцкай СШ  Паліна Здановіч і  Анастасія Малахоўская (кіраўнік Г.У. Румак),  дыпломамі II ступені былі ўзнагароджаны вучань X класа Макараўскай CШ  Арцём Носка (кіраўнік А.А. Будніцкая), вучань IX класа СШ аг. Пагранічны Данііл Макавей (кіраўнік  Н.В. Макавей) і вучаніца IX класа СШ аг. Пагранічны Караліна Басінская (кіраўнік Н.В. Макавей). Яшчэ ў чатырох удзельнікаў канферэнцыі – дыпломы III ступені. Іх улададьнікамі сталі  вучаніца X класа Вялікаэйсмантаўскай СШ Анастасія Якаўчук (кіраўнік Л.Р. Калеснік),  вучаніца IX класа Макараўскай CШ Дамініка  Бажко (кіраўнік  С.У. Мазавецкая), вучаніца  IX класа Вялікабераставіцкай СШ Валерыя Касурава  (кіраўнік Н.В. Жукава) і вучань  X класа Канюхоўскай СШ Дмітрый Кавалеўскі (кіраўнік М.Р. Бурая).

Канферэнцыя «Купалаўская вышыня» паказала, што яна з’яўляецца выдатнай пляцоўкай для творчага самавыўлення і прафесійнага росту  таленавітай і зацікаўленай моладзі, — падкрэсліла Валянціна Апунік. – Яна заклікана актывізаваць краязнаўчую дзейнасць у рэгіёне, і, я ўпэўнена, будзе садзейнічаць развіццю творчага і інтэлектуальнага патэнцыялу яе ўдзельнікаў.

Ірына МІКЛАШ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *