«Беларускія дзівосы». На абласных дажынках у Вялікай Бераставіцы дэманстраваліся элементы нематэрыяльнай культурнай спадчыны, якія ствараюць гісторыка-культурную каштоўнасць краіны

Актуально Дажынкі Культура Лента новостей

На выставе-кірмашы вырабаў дэкаратыўна-прыкладной творчасці майстроў вобласці “Беларускія дзівосы” дэманстраваліся элементы нематэрыяльнай культурнай спадчыны краіны.

Умоўны Горад майстроў меў свае  праспекты, бульвары і вуліцы. Вуліца “Ткаля”, этнагасцёўня  “Каравайніцкая”, праспект “Саламяны цуд”,  бульвар “Папяровы вернісаж”… Назвы вуліц гавораць самі за сябе. Бераставічане і госці свята змаглі пазнаёміцца з ўзорамі рамёстваў Гродзеншчыны, уключаных ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь.

Беларуская выцінанка, саломка, вырабы ткацтва і ганчарства, духмяныя караваі – усяго і не пералічыць!

У кожным павільёне – майстар-класы і пачастункі, бяспройгрышная латарэя і магчымасць дакрануцца да самабытнай спадчыны, якая адраджаецца дзякуючы майстрам Гродзеншчыны.

Выцінанка – наш даўні, крыху падзабыты від дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, – кажа носьбіт гэтага рамяства з Навагрудка Наталля Клімко. – Дзякуючы майстрам вобласці сёння адбываецца другое яго нараджэнне, назіраецца спалучэнне традыцыйных прыёмаў і сучасных формаў. Мы з радасцю дзелімся з бераставічанамі і гасцямі абласных дажынак сваёй творчасцю.

Ад саламяных цудаў не адвесці вачэй. Прыемна, што сярод носьбітаў саломапляцення і наш бераставіцкі майстар Тамара Касьян.

– Чатыры месяцы вырабляла гэта быка, – дзеліцца вынікамі сваёй працы майстар саломкі з Астраўца Алена Малышава.

 Шмат год спасцігаю незвычайную таямніцу матэрыяла, падараванага нам самой прыродай, матухнай-зямлёй. І атрымліваю ні з чым не параўнальную асалоду ад работы з саломкай. Мне прыемна, што людзі падыходзяць і выказваюць шчырае здзіўленне і захапленне нашымі саламянымі творамі. Гэта і ёсць лепшая ўзнагарода.

Святлана Ганчарова, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *