Беларуская міфалогія на сучасны лад. На “Бераст-Фэсце” дзейнічалі купальскія падворкі сельгаспрадпрыемстваў

Бераст-Фэст Культура Лента новостей Общество

Фестываль “Бераст-Фэст” стаў сапраўдным культурным брэндам Бераставіччыны, адным з галоўных летніх свят, а таксама візітнай карткай нашых родных мясцін.

“Бераст-Фэст” – шматграннае мерапрыемства. Канцэрты, выставы, шоу і забавы, гадаль і атракцыёны для дзяцей – усяму гэтаму было месца на свяце. І сярод усёй гэтай разнастайнасці асабліва вызначаліся тэматычныя падворкі сельгаспрадпрыемстваў раёна. Зразумела, яны падрымлівалі купальскі змест і дзейнічалі у выглядзе містычнай феерыі пад назвай “Таямніцы купальскіх падворкаў”.

Госці свята атрымалі магчымасць прайсці тэатралізаванай экскурсіяй па знаёмых куточках, якія паўсталі ў новым казачным абліччы, звязаным з беларускай міфалогіяй і пададзеным на сучасны лад.

Падворак “Купальскага Івана” ад РСУП “Алекшыцы”, аформлены ў аўтэнтычным народным стылі, гасцінна сустракаў пачастункам наыянальных страў і напояў, чароўным “Полем цудаў” і песнямі. Інтэр’ер сялянскага падвор’я з лавамі, печкай, люлькай, прадметамі побыту і хатняй жывёлай адрозніваўся незвычайным сялянскім каларытам.

Дарэчы, так можна сказаць пра кожны падворак. Гаспадары пастараліся аформіць свае пляцоўкі маляўніча, ярка і ў адпаведнасці з вобразам міфалагічнага персанажа, які там пасяліўся.

Вадзяны аблюбаваў імправізаваны гандлёва-забаўляльны комплекс “Аква-сіці” КСУП “Пархімаўцы”. Гасцей тут частавалі фірменным кактэйлем “Элексір бадзёрасці” і юшкай.

У “Адвакацкай канторы “Лесавік і сябры” ад СП “Мілк-Агра” адбылася канферэнцыя па ахове лесу ад моладзі, якая надта ж актыўна шукала папараць-кветку. Тут выконвалі жаданні і частавалі выпечкай.

Як ні дзіўна, але на “Бераст-Фэсце”  ААТ “Малабераставіцкі элітгас” разгарнула “Летнюю рэзідэнцыя зімовога дзеда”. Так-так, госці свята сустрэліся з Бераст-Зюзяй і Спадарыняй Завеяй, якія прапанавалі крыху астудзіцца і далучыцца да зімовых гульняў накшталкт “Пакармі снегавіка”. Частавалі марожаным і напоямі, забаўлялі пеннай вечарынкай і шоу мыльных бурбалак.

“АэраЦМОКсэрвіс” – падворак аграфірмы “Стары Дворац”, дзе размясціўся звычайны Цмок Беларускі. Вобраз цмока быў увасоблены ў малюнках, фігурах з металу, іншых інсталяцыях і фотазонах.

На падворку РУСП “Масаляны” “У цёмным-цёмным пакоі” пасяліліся нячысцікі з беларускай міфалогіі. Пазнаёміцца з імі можна было па малюнках, развешаных на імправізаваных сценах пакоя. А юныя гаспадыні падворка нібыта зышлі з кінапалатна папулярнага серыяла Уэнсдэй.

КСУП “Пагранічны-Агра” запрасіў гасцей свята ў фітнэс-клуб “Асілкі”. Спартыўны інструмент – сапраўдны і імправізаваны, выступленне гродзенскага калектыву чырлідэраў сабралі шмат аматараў спорту, як юных, так і дарослых.

 “Зёлкавы водар” КСУП “Варанецкі” даносіўся здалёк. Мноства палявых кветак, дзяўчаты ў вянках – сапраўднае Купалле!

Траўніца з Ваўкавыска Сафія Казлоўская падзялілася сакрэтамі збору траў у купальскі дзень, пазнаёміла са сваімі лялькамі-абярэгамі.

Усе жадаючыя атрымалі магчымасць навучыцца побытавым танцам ад прафесійных артыстаў.

На кожным падворку не змаўкалі песні, людзі частаваліся прысмакамі і гулялі ў гульні, а яшчэ з задавальненнем фатаграфаваліся з каларытнымі персанажамі.

Госці свята дзеляцца ўражаннямі

Сям’я Гладкіх:

Вельмі маштабнае свята. Тут і прыгожыя купальскія традыцыі, і забавы на любы густ. Ад падворкаў не адвесці вачэй, так усё прыгожа аформлена. І інтэрактыву шмат. Дзецям – дык проста было цэлае раздолле!

Галіна Логіш:

Адпачываем з унучкай Дыянай, якая прыехала з Мінску. Яна проста ў захапленні! Столькі атракцыёнаў для дзяцей, цікава ў Горадзе майстроў і на падворках. Уражанні самыя прыемныя, дзякуй арганізатарам.

Святлана ГАНЧАРОВА, фота аўтара

Больша фота па спасылцы https://disk.yandex.ru/d/2HfD-XZ9El_b7A



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *