Аляксандр Матросаў. Герой на ўсе часы

80 лет Великой Победы Беларусь помнит Вуліцы герояў Лента новостей Общество Проекты

5 лютага споўнілася 100 гадоў з дня нараджэння Аляксандра Матросава, Героя Савецкага Саюза. Яго імем названа вуліца ў гарпасёлку Вялікая Бераставіца. Так бераставічане ўшанавалі легендарны подзвіг 19-гадовага аўтаматчыка,які закрыў сабой амбразуру нямецкага дзота.

Дзёрзкае дзяцінства

Тыя, хто быў народжаны і вырас у часы СССР, яшчэ са школьнай лавы ведалі пра подзвіг Аляксандра Матросава. Нарадзiўся юны герой у лютым 1924 года ў Днепрапятроўску, у сям’i рабочага. Рана застаўся без бацькоў, таму з 1935 года выхоўваўся ў Iванаўскiм дзiцячым доме (Ульянаўская вобласць), дзе скончыў 7 класаў. Падлетак любiў працу, прыроду, вылучаўся сваiмi арганiзатарскiмi здольнасцямi, умеў сябраваць. У 1939 годзе быў накіраваны на вагонарамонтны завод у г. Куйбышаў (цяпер Самара), але неўзабаве адтуль збег, за што быў асуджаны за парушэнне пашпартнага рэжыму. Адбыў тэрмін ва Уфімскай дзіцячай працоўнай калоніі.

У пачатку Вялікай Айчыннай вайны Матросаў працаваў вучнем слесара, затым памочнікам выхавальніка. Неаднаразова юнак звяртаўся з пісьмовымі просьбамі накіраваць яго на фронт. І вось у верасні 1942 года быў прызваны Кіраўскім РВК горада Уфы ў Рабоча-сялянскую Чырвоную Армію і пачаў вучобу ў Краснахолмскім пяхотным вучылішчы. У лістападзе 1942 года ўступіў у ВЛКСМ. Неўзабаве Матросаў разам з курсантамі вучылішча быў адпраўлены на зборны пункт у Астрахань на вучэнні. Адбылося гэта ў снежні 1942-га.

Хрышчэнне агнём

18 студзеня 1943 года са станцыі Платаўка Чкалаўскай вобласці разам з курсантамі вучылішча добраахвотнікам у складзе маршавай роты Аляксандр адправіўся на Калінінскі фронт. 12 лютага 1943 года Матросаў прыбыў у часць, служыў у складзе 2-га асобнага стралковага батальёна (паводле іншых дадзеных у 1-й роце 3-га батальёна) 91-й асобнай Сібірскай добраахвотніцкай брыгады імя І.В. Сталіна (пазней 254-ты гвардзейскі стралковы полк 56-й гвардзейскай стралковай дывізіі, Калінінскі фронт), быў абраны групкамсаргам і прызначаны агітатарам узвода. 15 лютага 1943 года 91-я брыгада выступіла ад станцыі Зямцы ў напрамку горада Локня.

25 лютага двума батальёнамі вяліся наступальныя баі за населеныя пункты Чорнае і Брутава. 26 лютага частка сіл 2-га батальёна выйшла ў раён вёскі Пляцень (Паўночны), маючы задачай ударам ў фланг знішчыць праціўніка, які абараняўся ў раёне вёсак Чарнушкі і Чорная, і авалодаць імі. З фронту на Чарнушкі наступаў 4-ты батальён.

26 лютага пры святле капцілкі Аляксандр Матросаў піша ліст знаёмай дзяўчыне. “Вот и сейчас хочется поговорить с тобой обо всем, что чувствую, что переживаю. Да, Лида, и я видел, как умирали мои товарищи. А сегодня комбат рассказал случай, как погиб один генерал, погиб, стоя лицом на запад. Я люблю жизнь, хочу жить, но фронт такая штука, что вот живешь-живешь, и вдруг пуля или осколок ставят точку в конце твоей жизни. Но если мне суждено погибнуть, я хотел бы умереть так, как этот наш генерал: в бою и лицом на запад. Твой Сашок”.

Радкі напісаныя пасля знясільваючага амаль двухтыднёвага маршу. Пасля жорсткага бою. Ці да сантыментаў тут… Але ці шматлікія здольныя так ёміста сфармуляваць думкі аб сэнсе жыцця ў 19 гадоў?

Апошні бой

27 лютага 1943 года 2-гi батальён брыгады, дзе служыў Аляксандр Матросаў, атрымаў баявую задачу – атакаваць апорны пункт нямецкай абароны ў раёне вёскi Чарнушкi. Ішоў 616-ты дзень вайны. Вiдавочцы бою ўспамiналi: як толькi савецкiя салдаты абмiнулi лясны масiў, трапiлi пад моцны кулямётны агонь немцаў. Бой, якi разгарнуўся за вёску, то пераставаў, то разгараўся з новай сiлай. Гвардзейцы, пераадольваючы шквальны агонь, выцiснулi гiтлераўцаў з узлеску, але заняць канчаткова Чарнушкi не атрымалася – подступы да вёскi былi надзейна прыкрытыя трыма кулямётнымi дзотамi. Неўзабаве адзiн з iх удалося падавiць, другi таксама быў знiшчаны групай бранябойшчыкаў, але кулямёт з трэцяга дзота не пераставаў палiваць агнём лагчыну перад вёскай, стрымлiваў прасоўванне гвардзейцаў, працягваў прыцiскаць iх да заснежанай цалiны. Спробы прымусiць агнявую кропку замаўчаць поспехаў не мелi: тры аўтаматчыкi, якiя спрабавалi блiжэй падпаўзцi да дзота, загiнулi.

Подзвіг

Атрымаўшы загад камандзiра роты старшага лейтэнанта Арцюхова на знiшчэнне варожай агнявой кропкi, стралкі-аўтаматчыкі Пётр Агурцоў і Аляксандр Матросаў папаўзлі ў бок дзота. Агурцоў быў цяжка паранены, а Матросаў змог падабрацца да амбразуры з флагу. Ён кiнуў дзве гранаты – i кулямёт змоўк. Аляксандр падняўся на ногi, узняў над галавой аўтамат i гучна крыкнуў сваiм баявым таварышам: «Наперад!» Салдаты падняліся i кiнулiся ў атаку, але раптам варожы кулямёт ажыў i з дзота зноў палiўся смяротны свiнцовы агонь. I тады Матросаў падняўся, рыўком кiнуўся да дзота, закрыўшы амбразуру сваiм целам… На некалькі секунд агонь з дзота спыніўся. Гэтыя секунды і вырашылі зыход бою. У нямецкага кулямётчыка, які адчуў моцны

 псіхалагічны шок,на некалькі імгненняў скараціўся сектар агляду, цела Матросава перашкаджала весці прыцэльную стральбу. І калі кулямётная чарга адкінула яго ад амбразуры, надыходзячыя чырвонаармейцы ўжо паспелі дабегчы да мёртвай (непаражальнай) зоны дзота. Атака аднавілася.

Камандзiр падраздзялення, якi прыбыў сюды ў лiчаныя хвiлiны, выняў з кiшэнi гiмнасцёркi загiнулага Сашы камсамольскi бiлет, разгарнуў i тут жа зрабiў надпiс: «Лёг на агнявую кропку працiўнiка i заглушыў яе, праявiў геройства». Праз гадзiну вёска Чарнушкi была ўзята. Гэта быў апошні бой Аляксандра Матросава – 19-гадовага юнака, які яшчэ толькі пачынаў жыць.

Памяць

Аляксандру Матросаву было пасмяротна прысвоена званне Героя Савецкага Саюза, а сам ён стаў першым савецкім воінам, навечна залічаным загадам наркама абароны ў спісы часці. У загадзе № 269 ад 8 верасня 1943 года было запісана: “Вялікі подзвіг таварыша Матросава павінен служыць прыкладам вайсковай доблесці і гераізму для ўсіх ваенаслужачых Чырвонай Арміі. …Загад прачытаць ва ўсіх ротах, батарэях і эскадронах”.

З гэтага дня дагэтуль нікому невядомы 19-гадовы салдат стаў героем на ўсе часы. Велічэзнай фігурай, чыя несмяротная слава засланіла вядомасць іншых палкаводцаў і военачальнікаў Вялікай Айчыннай.

Герой быў пахаваны там жа, у вёсцы Чарнушкі, а ў 1948 годзе яго прах быў перапахаваны ў горадзе Вялікія Лукі. На месцы гібелі Аляксандра Матросава створаны мемарыяльны комплекс.

Учынак Аляксандра Матросава аказаў вялікі ўплыў падчас вайны не толькі на вайскоўцаў Чырвонай Арміі, але і на ўсё насельніцтва нашай краіны. Яго імя стала сінонімам асабістай мужнасці і адвагі ў любых сітуацыях. Герой стаў сімвалам свайго часу. Пра яго ўчынак друкавалі ў газетах і расказвалі па радыё. Подзвіг юнага чырвонаармейца натхніў многіх партызан і салдат на барацьбу з акупантамі.

Прыклад для пераймання

Аляксандр Матросаў для многіх салдат стаў прыкладам для пераймання. Хаця і да яго падобныя ўчынкі здзяйсняліся. Першым яшчэ ў жніўні

1941 года быў палітрук Аляксандр Панкратаў, ён таксама змог прымусіць змоўкнуць нямецкі кулямёт і даў тым самым сваім байцам такія патрэбныя ім секунды, каб здушыць варожую агнявую кропку. Усяго да таго моманту, калі ўсёй краіне стаў вядомы подзвіг Матросава, 45 чалавек здзейснілі такія ж геройскія ўчынкі. Пасля яго аналагічныя подзвігі ў гады вайны здзейснілі звыш 400 чалавек.

Падрыхтавала Святлана ГАНЧАРОВА

Фота з архіва «БГ» і з адкрытых крыніц



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *