17 верасня Беларусь адзначыць Дзень народнага адзінства. Свята мае трывалы гістарычны падмурак і накіравана на згуртаванне беларускага народа. У яго аснове – пераемнасць пакаленняў, а таксама курс на развіццё моцнай і незалежнай краіны. Ідэя народнага адзінства знайшла шырокае адлюстраванне ў літаратуры. Чарговы выпуск праекта “Кніжны навігатар” знаёміць з выданнямі па гэтай тэме.
Адзін народ, адзіная Радзіма
Уз’яднанне Заходняй Беларусі з БССР восенню 1939 года стала актам гістарычнай справядлівасці і падарыла магчымасць беларускаму народу зноў аб’яднацца, жыць і развівацца ў адзіным суверэнным нацыянальна-тэрытарыяльным аб’яднанні. Гэта адзінства – наша сапраўдная нацыянальная каштоўнасць, якую неабходна паважаць, берагчы і абараняць.
Кніга «Адзін народ, адзіная Радзіма: паэзія, проза, публіцыстыка» выйшла ў год, калі Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 7 чэрвеня 2021 г. № 206 было заснавана дзяржаўнае свята – Дзень народнага адзінства. Выданне ўтрымлівае паэзію, прозу і публіцыстыку аўтараў розных пакаленняў.
Сабраў творы пісьменнік Віктар Шніп. Яны па-мастацку вобразна i дакладна характарызуюць той час, калі былі створаны, адлюстроўваюць слаўныя старонкі айчыннай гісторыі i сённяшні дзень роднай Беларусі.
Любоў да роднай зямлі
Кніга “Адзін народ, адзіная Радзіма” пачынаецца радкамі эсэ Янкі Сіпакова: «Любая радзіма! Вельмі шаноўная мая Беларусь! Маці наша родная – усіх нас разам і кожнага паасобку! Нізка схіляюся перад табою ў пашане ўжо толькі за тое, што ты заўсёды была, заўсёды ёсць і заўсёды будзеш». У іх вялікая любоў да роднай зямлі. Вось некалькі цытат з выдання. «Зялёным лістком на планеце Зямля» назваў Янка Сіпакоў родную Беларусь, «мая шыпшына» – казаў пра яе Уладзімір Дубоўка, «на Беларусі Бог жыве» – сцвярджаў Уладзімір Караткевіч. «Беларус-католік ці беларус-праваслаўны павінны тое помніць, што ў іх адна Бацькаўшчына – Беларусь, адна мова родная – беларуская, адны звычаі і абычаі, ад веку перадаваныя з пакалення ў пакаленне», – заклікаў не слухаць «падшэптаў нянавісці да свайго брата» ў эсэ «Вера і нацыянальнасць» Янка Купала ў 1914 годзе.
Ёсць над чым задумацца
У кнізе змяшчаюцца ўспаміны пра 17 верасня 1939-га. Напрыклад, будучага паэта Петруся Макаля тады ўразіла, як ягоныя аднавяскоўцы, «нават тыя, хто да гэтага двух слоў не ўмеў звязаць», выступалі з прамовамі – «здавалася, да нямых вяртаецца дар мовы».
У выданні шмат ілюстрацый да розных старонак беларускай гісторыі: ад трагічнай ваеннай тэмы да любавання роднай прыродай.
Творы зборніка прымушаюць шмат над чым задумацца і шмат што пераацаніць. Як вось гэты цудоўны верш Яўгеніі Янішчыц:
Краю блаславёнага дачка,
Дзякуй лёсу, маю не ў нагрузку –
Зорны крыж Мацея Бурачка…
Ты ўва мне прызнаеш беларуску?
Сто разоў шукай другой красы,
А тым больш што свет даўно не вузкі!
…Ды калі ты не бязродны сын –
Гавары са мной
па-беларуску».
Данута Лагада, бібліятэкар Бераставіцкай райбібліятэкі:
– Кожны з нас павінен адчуваць сябе беларусам. Трэба ўсімі спосабамі даносіць да моладзі думку, што магчымасць жыць і самарэалізоўвацца ў нашай краіне ў поўнай меры з’явілася менавіта ў выніку падзей, якія адбыліся 17 верасня 1939 года. У гэты дзень мы атрымалі свой нацыянальны дом і дабрабыт. Прадстаўленая літаратура дазваляе пазнаёміцца з нашай гістарычнай і культурнай спадчынай, даведацца пра багацце беларускіх традыцый, убачыць лепшыя якасці беларускага народа і адчуць сябе часткай вялізнай сям’і – беларускага народа, адчуць адзінства са сваёй краінай.
Выданні разлічаны не толькі і не столькі на гісторыкаў і даследчыкаў, колькі на чытачоў іншых, розных па ўзросце і прафесіі, якія цікавяцца гісторыяй роднай зямлі.
Святлана Ганчарова
Чытаем кнігі па тэме
Дзень народнага адзінства [Выяўленчы матэрыял]. Рэдкалегія: С.У. Пешын і інш. – Мінск : Беларусь, 2022.
Багата ілюстраванае навукова-папулярнае выданне прысвечана дзяржаўнаму святу Рэспублікі Беларусь – Дню народнага адзінства, якое адлюстроўвае пераемнасць пакаленняў, непахіснасць і самадастатковасць беларускай нацыі і дзяржаўнасці. Гэты дзень стаў актам гістарычнай справядлівасці ў дачыненні да беларускага народа, падзеленага супраць яго волі ў 1921 годзе па ўмовах Рыжскай мірнай дамовы, і назаўжды замацаваўся ў нацыянальнай гістарычнай традыцыі. Адноўленае ў 1939 годзе адзінства дазволіла Беларусі выстаяць у гады Вялікай Айчыннай вайны, заняць ганаровае месца ў міжнароднай супольнасці, стаць адным з заснавальнікаў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Сёння беларускі народ адзіны ў выбары стратэгічнага курсу на развіццё моцнай суверэннай квітнеючай дзяржавы.
Ліхадзедаў, У.А. Адзінства непераможнага народа: альбом. – Мінск: Звязда, 2022.
Прадстаўляем вашай увазе ілюстраваную кнігу вядомага беларускага гісторыка, філакартыста і калекцыянера, члена саюза пісьменнікаў Беларусі Уладзіміра Аляксеевіча Ліхадзедава, які з’яўляецца аўтарам праекта “У пошуках страчанага”. Яго імя сёння шырока вядомае ў Беларусі дзякуючы ў першую чаргу шматлікім публікацыям і выдатным кнігам. Уладзімір Ліхадзедаў больш за 45 гадоў збірае старыя паштоўкі і фатаграфіі, якія дэманструюць гістарычны шлях беларускага народа ў жорсткіх войнах, а таксама мірныя міжваенныя гады і сучаснасць. Выданне прызначана для шырокага кола чытачоў. Праз унікальны ілюстрацыйны матэрыял адлюстравана адзінства беларускага, рускага і ўкраінскага народаў у барацьбе супраць іншаземных захопнікаў.
Ліхадзедаў, У.А. 17 верасня. Дзень народнага адзінства: альбом. Рэдкалегія: В.А. Лісковіч і інш. – Мінск : Звязда, 2021.
Чарговая кніга вядомага гісторыка і калекцыянера Уладзіміра Ліхадзедава прысвечана Дню народнага адзінства – дзяржаўнаму святу ў нашай краіне, уведзенаму ў гонар уз’яднання Заходняй Беларусі з БССР. Унікальная калекцыя арыгінальных фотаздымкаў і паштовак канца ХІХ-ХХ ст., многія з якіх публікуюцца ўпершыню, дазваляе наглядна расказаць пра гісторыю шматнацыянальнай Беларусі.
Ліхадзедаў, У.А. Шматнацыянальная Беларусь. Дакрануцца душой, адчуць сэрцам. Рэдкалегія: I.В. Петрышэнка, У.В. Краўцоў, A.М. Карлюкевіч, В.А. Лісковіч, В. Ф. Пранюк, I.М. Булаўка, А.Л. Вярсоцкі, С.С. Шумейка, A.В. Клімовіч, I.А. Кашкевіч. – Мінск : Альфа-кніга, 2020.
Чарговая кніга вядомага гісторыка і калекцыянера Уладзіміра Ліхадзедава прысвечана шматнацыянальнай Беларусі. Унікальная калекцыя арыгінальных фотаздымкаў і паштовак канца XIX стагоддзя і пачатку XX стагоддзя, многія з якіх публікуюцца ўпершыню, дазваляе наглядна расказаць пра гісторыю беларусаў. Прысвечана Фестывалю нацыянальных культур.
Гродненщина на пути созидания и развития: фотоальбом / сост.: О.С. Нагорнева, М.Н. Исаченко. Редколллегия: В.В. Кравцов и др. – Минск: Белстан, 2016.
Фотоальбом, представляющий перемены, произошедшие в новейшей истории Гродненщины за 25-летний период независимости Беларуси. Книга дает возможность воочию убедиться, как изменился облик принеманского края: его городов и сел, объектов социальной сферы, предприятий. На страницах издания нашли отражение общественная жизнь области, успехи в развитии экономики, здравоохранения, образования, науки, спорта и культуры. Книга рассчитана на широкий круг читателей.
Інга Антановіч, бібліёграф аддзела інфармацыі і абслугоўвання дарослага і дзіцячага чытача