Фатаграфічная спадчына ўраджэнца Вялікай Бераставіцы, святара Паўла Валынцэвіча выйшла сёлета асобнай кнігай у Мінску. Больш як 280 здымкаў сабрана мінскімі калекцыянерамі і выдадзена альбомам пад назвай “Священник с фотоаппаратом”.
Альбом прысвечаны 150-годдзю з дня нараджэння П. К. Валынцэвіча (1875 – 1962), беларускага рэлігійнага дзеяча, протаіерэя і знакамітага фатографа, які адлюстраваў на сваіх фотаздымках жыццё беларускай вёскі з архітэктурнымі краявідамі першай паловы ХХ ст.

Выданне набыў у Мінску Андрэй Втарушын, краязнавец і супрацоўнік Бераставіцкай раённай бібліятэкі імя В. М. Кавалеўскага. Андрэй Францавіч падзяліўся сваімі ўражаннямі аб зборніку.

– Кніга “Священник с фотоаппаратом. Фотоархив протоиерея Павла Волынцевича” мяне вельмі ўразіла якасцю здымкаў, разнастайнасцю тэматыкі і каштоўнасцю для даследванняў, – адзначае Андрэй Втарушын. – Спадчына Валынцэвіча ў галіне беларускай фатаграфіі першай паловы ХХ стагоддзя – з’ява ўнікальная і каштоўная ў наш час. Ёсць чым праілюстраваць гісторыю вёсак і мястэчак нашай краіны таго перыяду. Валынцевіч вандраваў падчас царкоўнай службы па Гродзеншчыне, Віцебшчыне, Міншчыне, рабіў здымкі фотакамерай “Кодак”. Напрыклад, вельмі цікавыя здымкі з побытам сялян вёсак Узмёны (на Віцебшчыне), Касута і Рабунь (на Міншчыне). Гэта сенакос, жатва, уборка бульбы, сняданак каля ракі, паляванне, вяселле, мыццё бялізны ў рацэ і іншыя.
Я гартаю альбом і бачу шмат сямейных здымкаў Паўла Валынцэвіча, партрэты сяброў, прыхаджан і рэлігійных дзеячаў Праваслаўнай царквы.
Ці наведваў святар-фатограф Вялікую Бераставіцу? Так! Сваёй радзіме Павел Валынцэвіч прысвяціў 25 здымкаў. Бываў тут з 1902 па 1925 гады і пазней. Яго цікавілі нашы архітэктурныя помнікі ў пейзажным асяроддзі, знаёмыя людзі і сябры. Святар дасканала працуе над кампазіцыяй здымка, фатаграфуе ў яснае надвор’е. Гэта былы старажытны касцёл, пераасвечаны ў царкву Спаса Нерукатворнага, ратуша, палацавы комплекс Касакоўскіх, бераставіцкі кірмаш, царква Св. Мікалая Цудатворцы з некропалем. Ёсць у кнізе і бераставіцкія вёскі Гольні, Цецяроўка, Ляўшова.

Альбом таксама знаёміць з біяграфіяй Паўла Валынцэвіча, напісанай па ўспамінах яго ўнучкі Людзмілы Мікалаеўскай і з архіўных крыніц Беларусі. Зараз у свеце лічбавых тэхналогій здымкі Паўла Валынцэвіча выгадна вылучаюцца страчанай прыгажосцю дарагіх сэрцу мясцін.
Святлана ГАНЧАРОВА
Фота Андрэя Втарушына

