
Экскурсіі — адзін з накірункаў выхаваўчай работы, які садзейнічае фарміраванню нацыянальнай свядомасці і патрыятычных якасцяў, а таксама грамадзянскай пазіцыі школьнікаў.
4 лістапада вучні 5-7 класаў Малабераставіцкай сярэдняй школы адправіліся на экскурсію.
Экскурсійны маршрут пачаўся з наведвання інтэрактыўнага прадстаўлення «Кабуба шукае сяброў» ў Гродзенскім абласным драматычным тэатры. Два неразлучныя сябры — гарэзная Мышка Лула і мудры Кот — знайшлі загадкавую пасылку, якая прыбыла з Кітая. Што ўтоена ў ёй? Чаму яна такая незвычайная? Каб раскрыць таямніцу, героі паклікалі на дапамогу сваіх верных сяброў, хлопчыкаў і дзяўчынак, якія прыйшлі на прадстаўленне. Усе разам сустрэлі Чабурашку і яго лепшага кітайскага сябра і спрабавалі разгадаць таямніцу “…БУБ”. Толькі тыя, хто быў гатовы слухаць і шукаць, змаглі даведацца, які сакрэт тоіць паштовая скрынка. Дзеці з ахвотай і энтузіазмам удзельнічалі ў пошуку сакрэта.

Вялікае ўражанне ў школьнікаў выклікала знешняя прыгажосць і ўнутранае ўбранства абласнога тэатра.
Вясёлыя і задаволеныя, дзеці адправіліся на наступны экскурсійны аб’ект. Гродзенскі дзяржаўны музей гісторыі рэлігіі знаходзіцца недалёка ад абласнога драмтэатра, таму вучні пехатою адправіліся на вул.Замкавую,16.

Гэта адзіны музей у Беларусі, які спецыялізуецца на вывучэнні гістарычнага мінулага рэлігій і канфесій. Музей гасцінна расчыніў дзверы для школьнікаў, і экскурсавод запрасіла на экскурсію з інтэрактыўным блокам “Калі не было смартфонаў”. Вучні з захапленнем слухалі аповед пра тыя часы, калі не было шарыкавых ручак, тэлефонаў, Інтэрнэта. Яны з асцярожнасцю спрабавалі пісаць вуглём, пяром, баючыся пашкодзіць рарытэтныя рэчы. Станоўчыя эмоцыі перапаўнялі хлопчыкаў і дзяўчынак, і яны наперабой дзяліліся сваімі ўражаннямі ад убачанага і пачутага.
Новыя ўражанні чакалі юных падарожнікаў у гандлёвым доме “Неман”. Менавіта там, на даху будынка, размяшчаецца адзіная ў Гродне аглядная пляцоўка, падняцца на якую можна на панарамным ліфце. Адсюль дзецям адкрыліся самыя прыгожыя і незабыўныя віды на цэнтр старога горада. Працягнулася сустрэча з гасцінным Гродна ў парку Жылібера, дзе эмоцыі зашкалівалі ад адрэналіну, атрыманым на атракцыёнах.
Усе прыемнае заканчваецца вельмі хутка, але дадому дзеці вярталіся задаволенымі і шчаслівымі. Пытанні вучняў аб наступных экскурсіях пераканалі настаўнікаў, што яны робяць неабходную і патрэбную справу для выхавання павагі і гонару ў школьнікаў да свайго роднага краю, яго гісторыі, культуры, народа, разумення ролі продкаў у мінулым і асабістай адказнасці за будучае краіны.
Жанна Козел, класны кіраўнік 6 класа Малабераставіцкай сярэдняй школы

