У РУСП «Масаляны» клапоцяцца аб маладых спецыялістах

Лента новостей

traktoristyАдзвінелі ўрачыстыя і доўга­чаканыя “Дажынкі”, парадаваў хлебаробаў шчодры ўраджай. У РУСП “Масаляны”, напрыклад, валавы збор збожжавых і зернебабовых дасягнуў 6048 тон у бункернай вазе. А ўраджайнасць склала тут 70,6 цэнтнера з гектара. Гэта вельмі добры паказчык на фоне іншых гаспадарак рэспублікі. Жніво сёлета ўдалося правесці за рэкордна сціслы тэрмін — літаральна за два тыдні, дзякуючы спякотнаму сухому надвор’ю. Зараз у гаспадарках Бераставіччыны зноў працягваюцца напружаныя працоўныя будні. Ужо сёння земляробы клапоцяцца пра ўраджай наступнага года. А сакрэт стабільных вынікаў на Бераставіччыне просты – спрадвечны “чалавечы фактар” у арганічным спалучэнні са строгім захаваннем сучасных тэхналогій. Калі ўсё гэта ёсць, тады і “капрызаў надвор’я” можна не так баяцца – моцныя гаспадаркі ад іх менш залежаць.
У РУСП “Масаляны” нядаўна мне цікава было пагутарыць з загадчыкам участка Віктарам Сарокам. Упершыню мы сустрэліся з ім больш за два з паловай гады таму, калі ён яшчэ толькі прыехаў сюды выпускніком Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта і быў пачынаючым спецыялістам. Уразіла тады тое, як хлопец стараецца, хвалюецца за даручаны ўчастак, як з павагай, тактам і добразычлівасцю ставіцца да лю­дзей. Адразу было відаць, што вёска – гэта “яго”, а земляробства – справа нялёгкая, але цікавая, нават творчая, якой можна прысвяціць жыццё.
На мінулым тыдні добрае ўражанне ад сустрэчы з маладым чалавекам яшчэ больш узмацнілася. Ён не толькі паспяхова тут адпрацаваў два гады па размеркаванні, але і застаўся, хацелася б спадзявацца, назаўсёды. У гаспадарцы ведаюць, як утрымаць нераўнадушных да сваёй прафесіі спецыялістаў. Маладая сям’я Сарокаў тут ужо пусціла моцныя карані – ёй далі камфортны дом у аграгарадку Масаляны. Як у іншых вяскоўцаў, у Віктара ўжо ходзяць па падворку жвавыя куры, а наперадзе яшчэ большыя цікавыя планы. Напрыклад, вельмі ўразіла актыўнага маладога чалавека паездка ў Мінск на вядомую выстаўку “Белагра”. І здзівіла там яго не адмысловая тэхніка, яе можна пабачыць на яркіх здымках у Інтэрнэце, і тады ўжо выбраць штосьці прыдатнае для гаспадаркі, а жывыя істоты – разнастайныя пароды птушак, ад маленькіх курачак да вялізных страусаў, якія добра прыжыліся ў нашых кліматычных умовах, малочныя і мясныя рэкардсменкі — каровы, дужыя коні і нізенькія поні. Зацікавілі яго індыкі, але аказалася, што вырошчваць іх не так проста. Індычаняты далікатныя, могуць прастудзіцца і захварэць ад звычайнага дажджу, ды і ў корме пераборлівыя, ім трэба даваць нават тварог і крапіву, каб добра раслі. Таму спыніўся пакуль Віктар на трусагадоўлі, гэта прасцей.
Хлопец вельмі цэніць перавагі вясковага жыцця. Ён гаворыць, што вяскоўцы больш простыя, добрыя і душэўныя, чым гарадскія людзі, якія часта нават не ведаюць, хто жыве з імі побач у пад’ездзе шматпавярховага дома. Яны заўсёды рады дапамагчы, таму і адносіны ў сельскай мясцовасці больш цёплыя. І сяброўскім словам з суседам можна перакінуцца, і параіць адзін аднаму нешта карыснае. А калі настрой у спецыяліста добры, ёсць утульны цёплы дом, каля якога растуць яблыні, цвітуць ружы, ёсць моцнае каханне і надзейны тыл, дык і аддача ад працы будзе выдатная. Вядома, што чалавек будзе “выкладвацца”, старацца, каб яго сельгаспрадпрыемства эфектыўна крочыла наперад.
— Нам трэба імкнуцца да ідэала, — гаворыць Віктар пра захаванне тэхналагічных параметраў у раслінаводстве. А як яны захоўваюцца, мы з ім паглядзелі на полі, дзе араў глебу пад азімую сяўбу механізатар Дзмітрый Данільчык. Шчыра кажучы, такога ўмельца і правяраць не трэба, ён не падвядзе, пастаянна стараецца ўсё рабіць бездакорна. Ды і тэхніка ў маладога, але ўжо ўмелага трактарыста, добрая – сучасны айчынны “МТЗ — 30 — 22”. Такая мадэль больш камфортная, чым ранейшыя “жалезныя коні”. Расказаў Віктар і пра ўнясенне мінеральных угнаенняў – важны працэс у калаўроце сельскагаспадарчых работ. Нідзе не абыходзіцца без праблем і цяжкасцей, і тут таксама ёсць свая адмысловая спецыфіка, пад сілу якую грунтоўна ведаць толькі дасведчанаму спецыялісту. Як і чалавечы арганізм, расліна мае значную патрэбу ў мінералах. А ўносіць іх трэба строга па навукова абгрунтаваных нормах і ў адпаведнасці з тэхналогіяй, каб дасягнуць патрэбнага эфекту. Ды і для глебы важныя беражлівыя да яе адносіны. Зямля – наша галоўная спадчына дзецям і ўнукам.
Адметна, што практычны вопыт спецыяліста ўжо часам прыходзіць у супярэчнасць з некаторымі ранейшымі сцвярджэннямі выкладчыкаў ва ўніверсітэце. А значыць, жыццё не стаіць на месцы, паўсядзённая праца год ад года ўдасканальваецца, каб даваць аптымальныя вынікі і вялікае маральнае задавальненне людзям ад плёну сваіх рук.
Ніна Наддэ,
фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *