І ў спёку, і ў холад праца іх вельмі патрэбна

Человек и его дело

Заўтра прафесійнае свята і ў людзей, якія ў літаральным сэнсе забяспечваюць камфорт і зручнасць нашага жыцця. Бо, дзякуючы менавіта кампетэнтнасці, уменню і пільнасці газавікоў, прыродны і звадкаваны газ служыць на карысць людзям.
Напярэдадні свята я гутару з намеснікам начальніка Бераставіцкага цэха прыроднага і звадкаванага газу Галінай Станіславаўнай Якавіцкай—пра калектыў і яго працоўныя будні.
—Колькі сёння работнікаў у цэху?
—Пяцьдзесят пяць. У нас два рамонтна-будаўнічыя ўчасткі, работай якіх кіруюць майстры Уладзімір Уладзіміравіч Халамай, Андрэй Сямёнавіч Канецкі, Валянцін Казіміравіч Шваба. Брыгады праводзяць абслугоўванне, рамонт сеткі газаправода і ўсіх надземных збудаванняў, падключэнне дамоў і адміністрацыйных будынкаў, сацыяльна-вытворчых аб’ектаў, замену ацяпляльных катлоў, абсталявання. Аварыйная служба працуе ў кругласутачным рэжыме, выязджае на экстранныя выклікі.
—Колькі ж кіламетраў падземнага газаправода абслугоўвае цэх?
—246 кіламетраў. Блакітнае паліва з’яўляецца надзейным памочнікам бераставічан і ў быце, і ў працоўнай дзейнасці.
Газ падведзены ў чатыры тысячы пяцьдзесят кватэр. Ён ацяпляе і шматпавярховыя, і аднаўзроўневыя дамы, прыйшло блакітнае паліва і амаль ва ўсе аграгарадкі.
—Які аб’ём работ выконваўся сёлета?
—Газ быў падведзены да новага збожжасушыльнага комплекса КЗСВ-30 у аграгарадку Пархімаўцы. І ў жніво ўжо літаральна ва ўсіх аграгарадках збожжа сушылася з дапамогай прыроднага газу.
—Дзе сёння вядуцца работы па газіфікацыі?
—На вуліцы Маладзёжнай у Кватарах і на вуліцы Юбілейнай у Масалянах. Падводзіцца прыродны газ да новага жылля ў аграгарадках у Масалянах, Пархімаўцах, Цецяроўцы, Вялікіх Эйсмантах.
—А што ў самых бліжэйшых планах?
—Газіфікацыя рэшткі жылых дамоў на вуліцы Цітаішвілі ў Малой Бераставіцы і вуліцы Чкалава ў Вялікай Бераставіцы.
—Не трэба, думаю, тлумачыць, наколькі адказная работа ў газавікоў?
—Вядома. Прыродны, ды і звадкаваны, газ — сябар чалавека толькі тады, калі газаправод і ўсё наземнае абсталяванне граматна эксплуатуецца. Нашы работнікі рэгулярна павышаюць кваліфікацыю.
—Каго сёння можаце назваць у ліку лепшых?
—Майстроў участкаў, пра якіх я ўжо казала. А таксама слесараў Аляксандра Карпуця, Мікалая Александровіча, Рычарда Казлоўскага, Андрэя Поспеха, вадзіцеляў Мікалая Шайпака, Вячаслава Савіцкага, Аляксандра Кавальчука, Уладзіміра Сулаўку, Сяргея Ігнацюка, слесараў аварыйнай службы Валянціна Цярэшку і Сяргея Гладкага…
—За апошнія два гады значна змяніліся ўмовы працы ў цэху?
—Так, зроблены выдатны рамонт адміністрацыйна-бытавога будынка, ёсць пакой для адпачынку і прыёму ежы, душавыя кабіны, індывідуальныя шафы для вопраткі. У аўтаматычным рэжыме працуе кацельня…
—З прафесійным святам Вас, Галіна Станіславаўна.
—Дзякую. У сваю чаргу віншую з ім усіх працаўнікоў цэха, жадаю здароўя, сямейнага шчасця, поспехаў у працы.
На здымку: работнікі рамонтна-будаўнічага ўчастка газаэлектразваршчык Р.І.Казлоўскі (у цэнтры), слесар А.Р.Поспех (справа) і вадзіцель М.М.Шайпак.
Гутарыла Марыя Драпеза, фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *