Яшчэ раз пра “стары бераставіцкі касцёл”

Из истории земли Берестовицкой Культура

Вядома, што лёс старога мураванага касцёла ў Вялікай Бераставіцы багаты на розныя цікавыя гістарычныя падзеі і, адначасова, трагічны. За сваю доўгую гісторыю святыня здолела перажыць вялікую колькасць войнаў і іншых катаклізмаў. Храм неаднаразова рамантаваўся, перабудоўваўся, пераасвячаўся і мяняў назвы, пераходзячы з рук у рукі, ад католікаў да праваслаўных і наадварот. Аж пакуль у сярэдзіне ХХ ст. урэшце не аказаўся нічый­ным. Ужо больш як 70 гадоў за будынкам замацавалася куды больш як сціплая назва “Стары касцёл”.
Большасць гістарычных крыніц гаворыць аб тым, што касцёл у Вялікай Бераставіцы быў пабудаваны ў 1615 годзе магнатамі Хадкевічамі і асвечаны ў гонар Звеставання Найсвяцейшай Багародіцы. Поўная яго назва гучыць так – касцёл Звеставання Найсвяцейшай Панны Марыі з Назарэту. Звеставанне – апавяшчэнне Марыі нябеснымі анёламі аб тым, што яна хутка стане маткай Ісуса.
Пасля паўстання 1863 года касцёл спачатку касацыйным указам царскіх уладаў быў зачынены, а потым увогуле перабудаваны ў праваслаўную царкву (1866 год). З гэтага моманту святыня стала называцца царквой “Успення Божай Маці”. Успенне – хрысціянскае свята, звязанае з успамінамі смерці і пахавання апосталамі Святой Багародзіцы (Марыі).
У першую сусветную вайну, незадоўга перад уступленнем у мястэчка кайзераўскіх войск, увесь прычт Свята-Успенскай царквы быў эвакуіраваны ў глыб Расіі. Нейкі час храм выкарыстоўваўся не па прызначэнню, урэшце пакуль у 1918-1919 гг. не быў вернуты каталікам.
Адзначу, што асобныя гістарыч­ныя крыніцы прыпісваюць нашаму храму яшчэ некалькі назваў, якія ён нібыта меў у мінулым – касцёл Святой Ганны і царква Хрыста Збавіцеля. Не адмаўляю гэтага, але лічу, што ў пытанні спачатку трэба дакладна разабрацца, а потым рабіць высновы.
А вось тое, што стары бераста­віцкі касцёл у міжваенны (польскі) перыяд называлі Петрапаўлаўскім – інфармацыя дакладная. Справа ў тым, што ў яго алтары ў той час знаходзіліся драўляныя фігуры Св.апосталаў Пятра і Паўла, якія вылучаліся сярод іншых фігур алтара (адсюль і назва касцёла). Фігуры выглядалі так: Пётр трымаў вялікія ключы ад раю, якія даў яму Ісус, а Павел меў у адной руцэ меч, а ў другой кнігу.
Штогод, 29 чэрвеня, у мястэчку ўрачыста адзначалася свята гэтых апосталаў (Пятра і Паўла). У старым касцёле падчас святкавання праходзіла 40-гадзіннае набажэнства (імша), на якое з’язджаліся ксяндзы з іншых мясцовасцяў, а на рынку перад касцёлам у гэты час праходзіў фэст (кірмаш). Тут можна было купіць розную дробязь: слодыч, ледзянцы, а таксама малітоўнікі, крыжыкі, абразкі, ружанцы і іншыя літургічныя рэчы.
Сяргей Лушчык, г. Гродна



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *