У цэнтры мястэчка Вялікая Бераставіца ў 30-я гады мінулага стагоддзя

Из истории земли Берестовицкой Культура

Два гэтых фотаздымкі паходзяць з сямейнага альбома Анджэя Яфімава-Лагады, ура­джэнца нашага мястэчка, які пражывае сёння ў г.Торунь (Польшча). Аб гэтым чалавеку я ўзгадваў у адным з мінулых нумароў раённай газеты. Друкаваўся і дасланы ім фотаздымак. Сёння прапануем увазе чытачоў яшчэ два яго фотаздымкі, якія адлюстроўваюць фрагменты жыцця Вялікай Бераставіцы ў 30-я гады мінулага стагоддзя (польскага перыяду).
На адным з іх — вялікі драўляны дом, у якім у тыя далёкія часы пражывала сям’я Яфімавых-Лагадаў. Узведзены ён быў яшчэ ў самым пачатку мінулага стагоддзя і стаяў у цэнтры мястэчка, прыкладна там, дзе сёння ўсталявана дэкаратыўная скульптурная кампазіцыя “Дрэва жыцця”. Пабудова была накіравана сваім доўгім фасадам да Рынку – галоўнай плошчы тагачаснай Бераставіцы. Дарэчы, у царскія часы галоўная плошча насіла назву “Базарная площадь”.
Злева па суседству з гэтым домам была драўляная прыватная аптэка Антонія Яцэвіча на высокім мураваным падмурку. Будынак аптэкі прымыкаў да самай праезнай часткі вуліцы Гродзенскай (сёння Леніна). У савецкія часы на гэтым падмурку стаяла ашчадная каса. Справа ад дома Яфімавых быў таксама драўляны дом, у якім некаторы час жыла яўрэйская сям’я. Дом гэты быў аддалены ад рынку ў бок возера. Пазней у ім пасялілася сям’я Бандарыкаў. Новы гаспадар уладкаваўся на бераставіцкі паравы млын апальшчыкам. Сам паравы млын знаходзіўся ніжэй, пры самым возеры, і належаў у тыя часы мясцовым яўрэям.
На другім фотаздымку адлюстравана група бераставіцкай моладзі на ганку дома Яфімавых сярод зарасніку вінаграду. Спераду на прыступках сядзіць бацька Анджэя Базыль (Васіль). Стаяць (злева направа) Олек Нікан, Эдвард Лагада, Фелікс Манна і Баляслаў Дарашкевіч.
Сяргей Лушчык, г.Гродна



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *