Ноч у музеі Вавёркі ў Вялікай Бераставіцы: архітэктурная вандроўка, музыка, майстар-класы

Лента новостей

Ноч музеяў – святочнае мерапрыемства, прысвечанае Міжнароднаму дню музеяў, – адбылася 27 мая ў музеі Вавёркі. Утульны музейны дворык у гэты суботні вечар ператварыўся ў сцэнічную і выставачную пляцоўку, на якой размясціліся экспазіцыі і творчыя майстэрні, ладзіліся гульні, выступалі музычныя гурты з Гродна, Вялікай Бераставіцы і Пагранічнага.

Гасцей сустракалі фітачаем. Духмяны, ліпавы з мятай, ён прыемна саграваў і расслабляў. У імправізаваным фітабары можна было пачаставацца таксама смачным узварам з сухафруктаў, а ў бяспройгрышнай латарэі – выйграць прыемныя дробязі і сувенірную прадукцыю.
Тыя з наведвальнікаў, хто яшчэ не быў знаёмы з экспазіцыяй музея Вавёркі, з цікавасцю разглядалі экспанаты, з задавальненнем праходжваліся па ўтульных музейных пакоях, рабілі здымкі на памяць.
Аднак галоўнае дзейства, безумоўна, адбывалася ў дворыку. Канцэрт гродзенскіх музычных гуртоў Stay+Мікіта і “Ціхі час”, бераставіцкага калектыву “Кансіліўм” і гурта “Кліп” з аграгарадка Пагранічны выклікаў у слухачоў цікавасць выкананнем аўтарскіх твораў, у тым ліку і на беларускай мове. У гэтым сэнсе ўвагі заслугоўвае творчасць гурта Stay+Мікіта. Яго саліст Мікіта Ігнаценка працуе над сваім дэбютным альбомам «Мары», першая песня якога пад назвай “Лёс” увайшла ў топ-50 самых папулярных трэкаў на беларускім радыё і займае там лідзіруючыя пазіцыі. Адметна, што Мікіта, які скончыў Расійскі ўніверсітэт тэатральнага мастацтва ў Маскве (ГИТИС), выступаў у складзе гурта “Triangle Sun” у тэлешоу «Вечерний Ургант», большасць сваіх твораў напісаў на англійскай мове. І толькі нядаўна зразумеў, ці, дакладней, адчуў, што беларуская мова таксама спрыяе творчасці, гучыць не менш музыкальна і прыгожа.
Выступленні гуртоў – як прыезджых, так і мясцовых – аўдыторыі вельмі спадабаліся, аб чым можна было меркаваць па шчырых апладысментах і станоўчых водгуках.
Архітэктурная спадчына Бера­ставіччыны і Гродзеншчыны была абрана тэмай выставы жывапісу мастака Мікалая Жлабовіча і выставы здымкаў фатографа-аматара Яўгена Волкава. На палотнах мастака, якія, дарэчы, былі прадстаўлены ўвазе наведвальнікаў не толькі ў дворыку, але і ў фае музея Вавёркі, з лёгкасцю можна было пазнаць самыя вядомыя, адметныя сваёй архітэктурай, храмы Бераставіччыны. Незвычайныя ракурсы архітэктурных збудаванняў нашага раёна і, увогуле, Гро­дзеншчыны ўбачыў і занатаваў з дапамогай фотакамеры Яўген Волкаў падчас сваіх краязнаўчых вандровак.
Даведацца, што такое экслібрыс, і паспрабаваць стварыць яго самастойна, можна было ў творчай майстэрні музейнага мастака Наталлі Галавач. Майстар-клас, які правяла Наталля Рышардаўна, найбольш зацікавіў, вядома ж, дзяцей. Аднак і дарослыя не менш актыўна ўключыліся ў працэс вырабу экслібрыса. Калі больш зразумела, гэта – кніжны знак, які ўказвае на прыналежнасць кнігі яе ўладальніку. Экслібрыс набыў папулярнасць на Беларусі ў канцы 17-га стагоддзя, у далейшым меў развіццё як жанр графічнага мастацтва, цікавасць да яго назіраецца і сёння.
А вось незвычайныя рэчы з драўлянага старадаўняга куфэрка, назвы якіх музейныя супрацоўнікі прапаноўвалі адгадаць, самых юных гасцей вечара паставілі ў тупік. Ды і не кожны дарослы змог назваць прадметы сялянскага побыту, якія даўно ўжо не выкарыстоўваюцца ў гаспадарцы. Дарэчы, за правільны адказ у гэтай гульні быў прадугледжаны прыз – набор для вырэзвання і канструявання ў межах праекта “Белзамкі” (http://belzamki.by). Спонсары гульні – маладая сям’я Ігар і Ксенія Адасік з Гродна – таксама прысутнічалі на мерапрыемстве. Яны правялі прэзентацыю сваёй унікальнай, развіваючай і пазнавальнай распрацоўкі, якая ўвайшла ў топ-5 беларускіх настольных гульняў для ўсёй сям’і. Наборы з паперы «Замкі Беларусі» дазваляюць самастойна змайстраваць амаль дакладныя копіі вядомых у Беларусі гістарычных архітэктурных збудаванняў. Кожная мадэль замка суправаджаецца аповедам аб яго будаўніцтве і гістарычным значэнні.
Ноч музеяў прайшла ў цёплай сяброўскай атмасферы. Людзі добра адпачылі, штосьці новае адкрылі для сябе. Гэта было відаць па іх станоўчых эмоцыях і прыўзнятым настроі.
Святлана Ганчарова,
фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *