Камсамолец 1930-х гадоў Аляксандр Грышэнь: выбітны барацьбіт за правы беларусаў

105 лет БССР Общество

Юныя даследчыкі народнага гісторыка-краязнаўчага музея “Вытокі” Малабераставіцкай сярэдняй школы паспяхова працуюць над вывучэннем і  даследаваннем дзейнасці землякоў, якія пакінулі свой адметны след у  гісторыі малой радзімы.

 З нагоды святкавання  100-годдзя Усесаюзнага Ленінскага Камуністычнага Саюза Моладзі  асаблівую актуальнасць набыў накірунак па вывучэнні гісторыі камсамола,  жыцця і дзейнасці арганізатараў і кіраўнікоў камсамольскага руху. Адным з такіх дзеячаў на Бераставіччыне з’яўляецца камсамолец 1930-х гадоў Аляксандр Грышэнь, дзейнасць якога прыпала на перыяд знаходжання нашага краю ў складзе Польшчы.

Гэта быў час, калі беларусы адчувалі на сабе  сацыяльны і нацыянальны прыгнёт, панаваў жорсткі палітычны рэжым і паліцэйскі тэрор.  Насельніцтва апынулася ў вельмі цяжкім становішчы, што  падштурхнула  працоўных Заходняй Беларусі  да нацыянальна-вызваленчай барацьбы.

 Актыўны ўдзел у нацыянальна-вызваленчай барацьбе прыняла  моладзь. У 1920 — 1930-х гг. існаваў шэраг маладзёжных арганізацый, але менавіта нелегальная камуністычная арганізацыя моладзі Заходняй Беларусі – КСМЗБ, іграла вядучую ролю ў нацыянальна-вызваленчым руху моладзі Заходняй Беларусі.

 Яскравым сведчаннем і прыкладам  барацьбы моладзі — членаў КСМЗБ, за правы і нацыянальную годнасць беларускага народа, з’яўляецца  дзейнасць Аляксандра Грышэня.

Якім жа быў гэты чалавек, які ўклад камсамольца-падпольшчыка  Аляксандра Грышэня ў  справу нацыянальна-вызваленчай барацьбы 1920-1930-х гг. ?

Аляксандр Васільевіч Грышэнь нарадзіўся 1 жніўня 1916 года ў вёсцы Інакоўка Тамбоўскай губерні, калі яго бацькі па прычыне Першай сусветнай вайны знаходзіліся ў бежанстве. Некаторы час сям’я жыла ў Маскве, затым у   пачатку 1920-х гг.  вярнуліся ў вёску Кавалі.  Вёска  ў той час ўваходзіла ў склад Малабераставіцкай гміны Гродзенскага павета Беластоцкага ваяводства. Якой сустрэла малая радзіма сям’ю Грышэняў?

У адной з гутарак старэйшы сын Уладзімір Аляксандравіч расказваў, што  яму вельмі запомніліся словы бацькі аб ўзнікшай пасля вяртання з Расіі расчараванасці і незадаволенасці мясцовым  жыццём. Бацька яму расказваў,  што Васіль Грышэнь падчас жыцця ў Расіі з радасцю ўспрыняў рэвалюцыйныя ідэі. Акрамя гэтага ён, як жыхар вёскі, бачыў і адчуваў на сабе   цяжкае жыццё сялянства. Погляды бацькі,   прыклады барацьбы і аўтарытэт  членаў КПЗБ і КСМЗБ сярод жыхароў вёскі значна паўплывалі на юнага Аляксандра і  падштурхнулі  яго да ўдзелу ў нацыянальна-вызваленчым руху.

На тэрыторыі Бераставіччыны з 1923 года дзейнічалі падпольныя ячэйкі КПЗБ, а з 1924 года падпольныя ячэйкі КСМЗБ. Камуністы і камсамольцы  актыўна змагаліся за правы беларусаў. Найбольш актыўна ў Малабераставіцкай гміне дзейнічала моладзь вёсак Кавалі, Каменка, Спудвілы, Дзіневічы, Малая Бераставіца.

Ранняе юнацтва Аляксандра Грышэня было звязана з удзелам у арганізацыі юных барацьбітоў. Справа ў тым, што КСМЗБ вёў актыўную барацьбу сярод моладзі, для чаго стварыў шэраг юнацкіх арганізацый, сярод якіх былі дзіцячыя піянерскія ячэйкі і групы  “чырвоных ганцоў” для сувязі паміж вёскамі ў час забастовак ці мітынгаў.

Стаў членам піянерскай арганізацыі  “Чырвоны піянер Заходняй Беларусі”  і Аляксандр. Аб гэтым сведчаць яго ўспаміны аб адным з  піянерскіх  сходаў, на якім камсамолец Антон Алізаровіч распавядаў аб неабходнасці барацьбы і дапамогі старэйшым таварышам. Аляксандр Васільевіч успамінаў, што  Антон  развучваў і спяваў з юнымі піянерамі песню, словы з якой запомніліся Аляксандру назаўсёды:

Таварышы, як нам маўчаць?

Як здзекі зносіць нам?

Бацькі, браты змагаюцца  —

Змагацца трэба і нам!

 Вялікае  ўздзеянне на погляды Аляксандра  аказаў мітынг 19 жніўня 1930 года ў Алекшыцах. Падрыхтоўку да мітынгу і ахову прамоўцаў, дэпутатаў польскага сейма ад рабочых і сялян Заходняй Беларусі І.С.Дварчаніна і Ф.І.Валынца, даручылі членам КПЗБ   вёскі Кавалі. Падчас выступлення дэпутатаў  паліцыя пачала разганяць мітынг. Аляксандр бачыў, як паранілі  і арыштавалі яго старэйшых таварышаў.

Падзеі ў Алекшыцах не напалохалі Аляксандра. Наадварот, з цягам часу ён усё актыўней уключаецца ў барацьбу. У матэрыялах народнага музея школы захаваўся аповед, у якім ён падрабязна апісвае сваё першае адказнае даручэнне. “Ішоў 1934 год. Да святкавання Вялікага Кастрычніка Мікалай Бубенец даручыў мне  напісаць на чырвоным палотнішчы вялікімі літарамі “Няхай жыве 17 гадавіна Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі! Далой польскі фашызм!” Злева я намаляваў пяцікутную зорку з сярпом і молатам пасярэдзіне. Гэта быў сцяг.Такія сцягі вывешвалі, як правіла, на тэлеграфных правадах, каб цяжэй было зняць іх паліцыі.

 На другі дзень пасля святкавання  ў нашу вёску прыбыла  паліцыя і дэфензіва. Прыйшлі і да нас. Адкрываць дзверы пайшоў бацька і адразу  паліцыянты пачалі вобыск. Ператраслі ўсё ў хаце, але нічога знайсці не змаглі. Яны загадалі мне адзявацца і надзелі на рукі стальныя наручнікі.  Плакала маці ад страху, ад болю, як мяне, яе малодшага сына, закаванага ў кайданы, забірае паліцыя. Калі вывелі мяне з хаты, то я ўбачыў, што такая самая зграя вядзе закаванага майго таварыша Мікалая Бубенца. Паўтара кіламетра было да пастарунку, што знаходзіўся ў суседняй вёсцы Калеснікі. Я ішоў і думаў, што дэфензіва не магла даведацца, што мы з Бубенцам пісалі сцяг. Пагэтаму страху асаблівага я не адчуваў. Я ганарыўся, што ўжо ведаю, як пішуцца сцягі ў падполлі.

Прыйшлі ў Калеснікі і  мяне павялі на допыт. Шмат чаго спрабавалі ў мяне даведацца паны. І хто вывешваў сцяг на ўзгорку  на тэлеграфных правадах недалёка ад Кавалёў, хто раскідваў лістоўкі, і хто так голасна ў нас спяваў рэвалюцыйныя песні, хто належыць да нашай арганізацыі.  Але так нічога і не даведаліся.Тады я зразумеў, што лёс падпольшчыка вельмі цяжкі. Не палічыць тых арыштаў, допытаў, бізуноў і здзек, што прышлося зведаць!”

                Даследаванне  дзейнасці Аляксандра праведзена на аснове аналізу дакументаў Дзяржаўнага архіва Гродзенскай вобласці і матэрыялаў народнага музея школы. Архіўныя дакументы дазваляюць сцвярджаць, што актыўную падпольную камсамольскую дзейнасць Аляксандр Грышэнь пачаў у 1935 годзе як сакратар камсамольскай ячэйкі, а з красавіка 1936 года як сакратар Алекшыцкага раённага камітэта КСМЗБ.

Такім чынам, дзейнасць Аляксандра прыпадае на сярэдзіну 1930-х гг., калі  польскія ўлады ўзмацнілі рэпрэсіі і судовыя расправы над членамі Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі і Камуністычнага саюза моладзі Заходняй Беларусі.

Нягледзячы на гэта, Аляксандр Грышэнь арганізуе і кіруе дзейнасцю моладзі ў барацьбе  за правы і годнасць беларусаў. У матэрыялах дазнанняў арыштаваных падпольшчыкаў з Малабераставіцкай гміны неаднаразова ўпамінаецца прозвішча Грышэня як камсамольскага кіраўніка і агітатара.

 Моладзь  актыўна ўдзельнічала ў палітычнай і эканамічнай барацьбе насельніцтва Бераставіччыны. Для рэвалюцыйнай агітацыі камсамольцы выкарыстоўвалі  дні 1 Мая, гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі, Міжнародны юнацкі дзень (МЮД) і інш.  А. Грышэнь успамінаў: “Мы адзначалі  кожнае рэвалюцыйнае свята. У глыбокім падполлі праводзілі сходы, гутаркі, масоўкі, дэманстрацыі, забастоўкі, раскідвалі або расклейвалі камуністычныя адозвы.  Вывешвалі чырвоныя сцягі.  Штогод у першую нядзелю верасня  адзначалі свята МЮД. Напрыклад, у 1937 годзе патаемна вывешаны намі ў гэты дзень сцяг лунаў над усёй Малой Бераставіцай. ” 

Як сын селяніна і жыхар вёскі Аляксандр разумеў неабходнасць барацьбы з малазямеллем, цяжкімі падаткамі, нізкімі цэнамі на сельскагаспадарчыя прадукты, самавольствам паліцэйскіх. У адпаведнасці з рашэннямі КПЗБ  ён  арганізоўваў  акцыі па  адмаўленні аб выплаце падаткаў і невыкананні сялянамі незаконных работ, кіраваў   сельскагаспадарчымі забастоўкамі.

Многа ўвагі камсамол  надаваў  барацьбе за родную мову,  нацыянальную школу і культуру. У данясенні ад 8 лютага 1938 года начальнік следчага аддзела падкамісар  У. Пухальскі адзначаў, што  ў чэрвені 1936 г. на сходзе ў вёсцы Каменка  Грышэнь заклікаў да правядзення школьнай забастоўкі і агітацыі школьнай моладзі да забастовак як пратэсту аб патрабаванні школ і вячэрніх курсаў на беларускай мове. У верасні 1936 года адправіў паведамленне школьнаму інспектару, якое падпісала моладзь вёскі Кавалі, з патрабаваннем школ на беларускай мове.  У студзені 1937 года  правёў  сход, на якім чыталі  біяграфіі і вершы Якуба Коласа і Янкі Купалы, сход закончыўся песняй “Зорка Венера” і “Люблю я край, старонку гэту”.

28 красавіка 1937 г. Аляксандр быў затрыманы, абвінавачаны ў падрыўной дзейнасці і асуджаны да турэмнага заключэння ў Гродне, але з-за адсутнасці неабходных доказаў быў вызвалены з турмы. 

Нягледзячы на пакаранне, Аляксандр прадаўжае барацьбу: ён арганізуе акцыю па зборы грошай на дапамогу бастуючым рабочым Беластока і на дапамогу народу Іспаніі. Увогуле, моладзь Малабераставіцкай гміны прыняла актыўны ўдзел у руху ў падтрымку рэспубліканскай Іспаніі, дзе ішла жорсткая грамадзянская вайна.  Камсамольцы на вечарынках, масоўках складалі прывітальныя пісьмы і адозвы, якія накіроўваліся ў адрас брыгады Я. Дамброўскага і беларускага батальёна імя С.В.Прытыцкага, збіралі грошы ў фонд змагароў за свабоду Іспаніі. У справу аб абвінавачванні Грышэня ўнесены знойдзеныя  падчас вобыску 23 ліпеня 1938 года ў камсамольца І. Выкпіша тры рукапісы і 7 хустачак, падрыхтаваных ў якасці падарункаў іспанскім патрыётам. На хустачках былі  вышытыя сімвалы —   зорка, серп і молат і  надпісы на беларускай мове.

У архіўных  дакументах  ёсць дакладная  характарыстыка Аляксандра і яго дзейнасці. Яна дадзена  ў данясенні Гродзенскай павятовай камендатуры паліцыі: “ … на працягу ўсяго часу прыналежнасці да камуністычнай арганізацыі быў выключным і актыўным дзеячам, праводзіў бесперапынную камуністычную дзейнасць… З’яўляецца выдатным  камуністам, варожа настроеным да польскай дзяржавы. “Неабходна адзначыць, што  Аляксандр Васільевіч неаднаразова падкрэсліваў сваю асабістую пазіцыю, што ён змагаецца супраць польскай улады, а не супраць польскага народа.

Камсамолец Грышэнь быў верным таварышам,  паважаным і моцны духам чалавекам. Для гэтага ёсць цэлы шэраг пацверджанняў. Напрыклад, член КПЗБ Міхаіл  Макулік успамінаў, што сярод падпольшчыкаў  акругі вельмі вызначаўся Аляксандр Грышэнь . “Гэта быў адчайна смелы, але па-сялянску разважлівы чалавек. У час допытаў і катаванняў у засценках дэфензівы ён трымаўся вельмі мужна, заўсёды падбадзёрваў таварышаў”.

У 1937 годзе Гродзенскі акруговы камітэт камсамола даў сакратару Алекшыцкага райкома КСМЗБ Аляксандру Грышэню  заданне:  вышыць сцяг для беларускага батальёна ў Іспаніі. Да гэтага адказнага задання ён далучыў мясцовых дзяўчат – Заміроўскую Зіну, Какарэка Веру і Сяўко Соню. Але завяршыць работу не ўдалося, так як  Аляксандра і яго паплечнікаў у красавіку 1937 г. арыштавала дэфензіва. Пасля цяжкіх допытаў за падрыўную камуністычную дзейнасць Аляксандр быў асуджаны на 6 гадоў турэмнага зняволення. Яго, маладога хлопца, чакалі цяжкія выпрабаванні, але сіла духа дапамагла вытрымаць іх з годнасцю.

Зняволенне пачалося з адбывання тэрміну ў Гродзенскай турме. Незадоўга да пачатку Другой сусветнай вайны Аляксандра як і іншых палітвязняў  Гродзенскай турмы адправілі бліжэй да нямецкай мяжы — у Караноўскую турму.

Падчас маёй асабістай сустрэчы, якая адбылася  ў 1978 годзе,  Аляксандр Васільевіч расказваў аб тым, як склаўся яго далейшы лёс. 1 верасня 1939 г., пачуўшы стрэлы нямецкіх гармат, палітычныя вязні разламалі вароты турмы ў Каранова  і рушылі на ўсход. Неўзабаве Аляксандр уступіў у польскі рабочы батальён і прыняў удзел у абароне Модліна, дзе і трапіў у палон . Змог з таварышам уцячы з палону і з вялікімі складанасцямі  вярнуўся ў родныя Кавалі, якія, дзякуючы вызваленчаму паходу Чырвонай Арміі 17 верасня 1939 года, былі ўжо ў складзе БССР.

 У маі 1941 года ў жыцці Аляксандра адбылася значная падзея – ён упершыню атрымаў камсамольскі білет, стаў членам Усесаюзнага Ленінскага Камуністычнага Саюза Моладзі. 

У ліпені  1944 года  Аляксандр быў прызваны ў Чырвоную Армію. У складзе войск 3-га Беларускага фронта мужна ваяваў супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў ва Усходняй Прусіі. Быў паранены ў бітве за  Кёнігсберг, узнагароджаны медалямі і ордэнам Айчыннай вайны.

Пасля вайны Аляксандр Васільевіч добрасумленна працаваў слесарам, шафёрам. На працягу ўсяго жыцця яго не пакідаў камсамольскі задор. Аляксандр Васільевіч  праводзіў значную работу па патрыятычным выхаванні моладзі, неаднаразова выступаў і перад вучнямі Малабераставіцкай сярэдняй школы.

А.В.Грышэню былі ўласцівы сціпласць і дабрыня, прынцыповасць і працавітасць, чулыя і ўважлівыя адносіны да людзей. Не магу не адзначыць, што асабіста  мне вельмі імпануе ў асобе і дзейнасці Аляксандра Васільевіча яго  адданасць ідэалам і нашаму беларускаму народу.

У красавіку 2018 года ў народным гісторыка-краязнаўчым музеі школы адбылася хвалюючая падзея –  сустрэча з малодшым сынам Аляксандра Васільевіча Грышэня  Ігарам Аляксандравічам.  Ігар Аляксандравіч быў узрушаны тым, што на малой радзіме захоўваецца памяць пра яго бацьку, падзякаваў за праведзеную вучнямі пошукава-даследчую працу. На абласной краязнаўчай навукова-практычнай канферэнцыі вучняў “Край Гарадзенскі” навукова-даследчая работа “Камсамолец 1930-х гадоў Аляксандр Грышэнь: выбітны барацьбіт за правы беларусаў”, якую прадставіла Гуцко Таццяна, вучаніца 10 класа,  атрымала высокую ацэнку і  была ўзнагароджана дыпломам першай ступені.

 На перспектыву савет музея запланаваў абнаўленне раздзела музейнай экспазіцыі, прысвечанага гісторыі нацыянальна-вызваленчага руху  1920-1930 гг.   

Т.І.Эйсмант, кіраўнік народнага гісторыка-краязнаўчага музея “Вытокі” Малабераставіцкай сярэдняй школы.

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *