Уладарыць залатая восень. Лёгкай шчодрай рукой на радасць людзям россыпамі раскідала яна яркія фарбы, пяшчотным блакітам кранула неба і азёры, запаліла чырвонымі агеньчыкамі гронкі рабіны, удыхнула прахалоду ў крышталёвае звонкае паветра. Сабраны новы ўраджай, адпачываюць стомленыя хлебныя нівы, а ў лесе падымаюць аксамітныя карычневыя каптурыкі праз пажоўклае лісце грыбы…
І не толькі сваёй прыгажосцю адметная гэтая пара года. Шчодра надзяліла яна нас і доўгачаканымі дарамі. Як скарбашукальнікі, яшчэ нядаўна шчыравалі людзі на бульбяных палетках. Хтосьці быў задаволены добрым ураджаем другога хлеба са свайго прысядзібнага ўчастка, а ў гаспадарках убіраліся больш значныя плошчы.
Беларусь зараз уваходзіць у першую дзясятку вытворцаў гэтай важнай сельскагаспадарчай культуры. Мы сапраўды не ўяўляем без яе свайго жыцця, а па сваіх пажыўных вартасцях для чалавецтва яна знаходзіцца пасля злакавых, якія складаюць падмурак правільнага здаровага харчавання. У рэспубліцы дзейнічае Дзяржаўная комплексная праграма развіцця бульбаводства, агародніцтва і пладаводства на 2011 – 2015 гады.
У СВК “Малабераставіцкі элітгас” паспяхова функцыянуе лабараторыя мікракланальнага размнажэння бульбы, працягваецца супрацоўніцтва з вучонымі.
Па словах вопытнага агранома — бульбавода Валянціны Сяледчык, у “элітгасе” вырошчваецца 7 перспектыўных гатункаў беларускай селекцыі нашага другога хлеба. Найбольш урадлівыя з іх Скарб, Янка, Рагнеда, Вектар. Ураджайнасць у гэтым сезоне даходзіла да 448 цэнтнераў з гектара. Такія гатункі карыстаюцца вялікім попытам не толькі на традыцыйных восеньскіх кірмашах у райцэнтры, але і ў Мінску. Людзі купляюць бульбу і на насенне, і каб зрабіць запас на зіму. А апетытныя дранікі зрабіліся сапраўды беларускай нацыянальнай стравай, якая карыстаецца нязменнай папулярнасцю і ў рэстаранах.
Я пабывала ў адным з чатырох бульбасховішчаў у СВК “Малабераставіцкі элітгас”. Загадчык склада “Вайцехаўшчына” Наталля Гуцко паказала мне сапраўдныя горы з прыгожых клубняў. Кожны гатунак захоўваецца асобна, а ўсяго бульбы тут можна назапашваць ад 700 да 750 тон. Склад загадзя быў падрыхтаваны да захавання клубняў, тут правялі дэзінфекцыю, апрацавалі супраць захворванняў і шкоднікаў.
Ніна Наддэ, фота аўтара