
Галоўная задача, якая стаіць зараз перад усімі аграрыямі краіны — нарошчванне аб’ёмаў вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі за кошт павелічэння яе эфектыўнасці.
РУСП “Масаляны” па большасці паказчыкаў з гэтай архіважнай задачай спраўляецца нядрэнна. Дастаткова нагадаць, што гаспадарка была прызнана сёлета, як, дарэчы, і ў мінулым годзе, пераможцай раённага спаборніцтва за дасягненне высокіх паказчыкаў на ўборцы ўраджаю збожжавых і зернебабовых.
А ўсяго за дзевяць месяцаў тут вытворчасць сельгаспрадукцыі ў параўнанні з мінулым годам узрасла на 3,2 працэнта. Выручкі за гэты час атрымана больш за 33 мільярды рублёў і звыш 10 з паловай мільярдаў прыбытку. Пры гэтым рэнтабельнасць склала амаль 47 працэнтаў.
Гаспадарыць эфектыўна, з улікам патрабаванняў сённяшняга дня ў сельгаспрадпрыемстве стараюцца на кожным з участкаў. Найбольшы прыбытак дае жывёлагадоўля. Так, валавы надой за 10 месяцаў склаў амаль 6300 тон, што на

3,6 працэнта вышэй мінулагодняга ўзроўню, а за два гады гэта лічба павялічылася больш чым на адну тысячу тон. Ад кожнай каровы за гэты перыяд надоена ў сярэднім па 6870 кілаграмаў малака, што таксама на 299 кілаграмаў перавышае мінулагодні паказчык. Чакаецца, што да канца года надой на карову складзе прыкладна 8100 кілаграмаў. Малака ў заліковай вазе рэалізавана амаль 5800 тон, прычым, 74,4 працэнта класам “Экстра”.
У дасягненні такіх выдатных вынікаў вялікая заслуга ўсяго калектыву малочнатаварнага комплексу на 800 галоў. Але ў першую чаргу, як мне здаецца, аператараў машыннага даення. Усе яны тут вопытныя, добра ведаюць сваю справу і з вялікай адказнасцю адносяцца да яе. Сярод іх Валянціна Токарава і Валянціна Матук.
Многа сіл і намаганняў прыкладваюць для павелічэння эфектыўнай дзейнасці гэтага буйнога жывёлагадоўчага аб’екта прадстаўнікі заатэхнічнай і ветэрынарнай службаў, а таксама тыя, хто дастаўляе і раздае кармы, хто абслугоўвае абсталяванне. А кіруе работай гэтага зладжанага калектыву Сяргей Жураўскі.
Добрых вынікаў дабіліся жывёлаводы і ў мясным цэху. Вытворчасць мяса за 10 месяцаў дасягнула без малога 470 тон, што на 6,7 працэнта вышэй за мінулагодні

ўзровень. Сярэднясутачная прывага кожнай галавы буйной рагатай жывёлы склала 778 грамаў. Дзяржаве за гэты перыяд рэалізавана 410 тон мяса.
Галіна Мароз, Ганна Болзан і Ірына Якімовіч даглядаюць цялят у прафілакторыі з 15 дзён да трох месяцаў. Яны атрымалі за 10 месяцаў 915 грамаў сярэднясутачнай прывагі. І брыгадзір комплексу ў Масалянах па дарошчванні Вольга Гурчанка, і кіраўнікі гаспадаркі вельмі задаволены добрасумленнай працай гэтых жанчын.
Яшчэ адзін з тых працаўнікоў, кім ганарацца ў сельгаспрадпрыемстве, — гэта механізатар Аляксандр Максімік. Ён яшчэ зусім нядаўна завяршыў сезон уборкі. Аляксандр убіраў кукурузу на зерне, намалот якой склаў больш за 1300 тон. А яшчэ на яго рахунку 1009 тон намалочанага збожжа падчас уборачнай кампаніі летам.

Усім сваім працаўнікам кіраўнікі гаспадаркі адрасуюць з нагоды прафесійнага свята шчырыя словы ўдзячнасці за добрасумленную працу і жадаюць усяго самага найлепшага ў жыцці.
Сяргей Хілюта, фота аўтара