Пра захаванне маёмасці, рэагаванне на прадпісанні і не толькі ішла размова на планёрцы ў старшыні Бераставіцкага райвыканкама

Лента новостей

На чарговым пасяджэнні ў старшыні райвыканкама, якое прайшло ў мінулы панядзелак, разглядалася пытанне “Аб рабоце суб’ектаў гаспадарання раёна па забеспячэнні захавання таварна-матэрыяльных каштоўнасцей на даручаных аб’ектах”. З інфармацыяй выступіў выконваючы абавязкі начальніка аддзела ўнутраных спраў райвыканкама В.М.Раманчук.

Адзначалася, што ў адпаведнасці з патрабаваннямі Дырэктывы №1 Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь супрацоўнікамі РАУС пастаянна праводзяцца мерапрыемствы па вывучэнні тэхнічнага ўмацавання аб’ектаў дзяржаўнай ўласнасці.
Так, за прайшоўшы перыяд бягучага года па выніках праверак службовым асобам прадпрыемстваў і арганізацый было выдадзена 24 прадстаўленні, сярод якіх 7 – па аб’ектах аграпрамысловага комплексу, 6 – Бераставіцкага філіяла аблспажыўтаварыства, 5 – аб’ектах будаўнічай галіны і інш. Дзве службовыя асобы былі прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці за несвоечасовае рэагаванне і ўхіленне недахопаў.
Валерый Мікалаевіч засяродзіў увагу на двух прадстаўленнях, выдадзеных службовым асобам Бераставіцкага філіяла аблспажыўтаварыства і СВК “Цецяроўка” у кастрычніку 2011 года, па якіх не ўсе патрабаванні былі выкананы і не дадзены своечасовыя адказы. Пры паўторнай праверцы складоў Бераставіцкага філіяла аблспажыўтаварыства было выяўлена, што ў сярэднім там захоўваецца таварна- матэрыяльных каштоўнасцей на суму больш за 1 мільярд рублёў. На сённяшні дзень там назіраецца шэраг недахопаў па іх тэхнічнаму ўмацаванні. Так, напрыклад, склад №2 “Прамысловыя тавары” не ўзяты пад ахову Свіслацкага аддзела “Дэпартамента аховы”, тэрыторыя агароджана па перыметру, але каля варот у двух месцах агароджа парвана, ноччу тэрыторыя слаба асвятляецца, халадзільнае абсталяванне і вітрына магазіна захоўваюцца прама каля складоў і г.д. І хоць на імя дырэктара філіяла было адпраўлена прадстаўленне, адказ ва ўказаны тэрмін не быў дадзены, недахопы ў поўнай меры не выпраўлены. У адпаведнасці з дзейнічаючым заканадаўствам супрацоўнікамі аддзела ўнутраных спраў райвыканкама будзе зноў праведзена праверка.
У прадстаўленні, якое было накіравана старшыні СВК “Цецяроўка” В.А.Піўко былі ўказаны недахопы, якія датычыліся захоўвання таварна-матэрыяльных каштоўнасцей пры будаўніцтве малочнатаварнага комплексу каля в.Рудаўляны: тэрыторыя не агароджана, ноччу адсутнічае асвятленне тэрыторыі, якая прылягае да будаўнічага аб’екта, не на належным узроўні наладжана яе ахова і інш. Як і ў першым выпадку, адказ аб прынятых мерах у тэрмін таксама не паступіў. Прамежкавыя праверкі паказалі, што недахопы, якія ўказаны ў прадстаўленні не выпраўляліся (за выключэннем правядзення асвятлення). Тым больш, што на названым вышэй аб’екце быў выяўлены факт знаходжання вартаўніка на рабочым месцы ў нецвярозым стане. Неаднаразова пры праверках дадзенага аб’екта і пры абыходзе тэрыторыі сумесна з вартаўніком, можна было назіраць, як будаўнікі, якія там працуюць, пакідаюць таварна-матэрыяльныя каштоўнасці прама на вуліцы замест таго, каб закрыць пад замком. Указаныя факты былі зарэгістраваны ў Адзіную кнігу аддзела ўнутраных спраў, супрацоўнікамі РАУС была праведзена праверка па выніках якой у адносінах адной са службовых асоб быў складзены адміністрацыйны пратакол і перададзены ў раённы суд для прыняцця рашэння.
Аб мерах, якія прыняты кіраўніцтвам Бераставіцкага філіяла Гродзенскага абласнога спажыўтаварыства і СВК “Цецяроўка” па выкананні патрабаванняў прадстаўленняў аддзела ўнутраных спраў райвыканкама па забеспячэнні захавання таварна-матэрыяльных каштоўнасцей далі тлумачэнні іх кіраўнікі В.У.Парманчук і В.А.Піўко.
Падчас правядзення планёркі былі разгледжаны і іншыя пытанні, а таксама дадзены даручэнні.
Зінаіда Самкова



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *